Паэтка Наста Кудасава ў праекце Свабоды «Канапа» расказала, адкуль бяруцца вершы, чаму паэту трэба быць закаханым, ці здольны штучны інтэлект забіць літаратуру і чаму Беларусь сёньня можна захоўваць па-за межамі Беларусі.
«Часам я не разумею, як магла гэта напісаць»
Для Кудасавай паэзія — гэта ня толькі сьвядомая праца са словам. Ёсьць у ёй нешта, што яна сама называе містычным.
«Я ўсё-такі думаю, што ёсьць такая рэч, як натхненьне, як вось ёсьць пэўнае штосьці, што проста праходзіць праз цябе. Можа, гэта нейкая калектыўная думка, калектыўныя перажываньні, можна сказаць, што гэта нейкая боская энэргія. Я не ведаю. Залежыць ад таго, у што верыць чалавек, ён гэта будзе неяк называць. Але гэта штосьці такое пазачалавечае, што ты проста ўмееш зрабіць».
Часам яна сама дзівіцца ўласным вершам, напісаным шмат гадоў таму.
«Я бывае кніжку адкрываю, чытаю, я не разумею, як гэта можна было напісаць. У сэнсе, ну, я не магла гэта напісаць. Я гэта напісала, але ў прынцыпе я не разумею, як гэта са мной адбылося. Я сама бываю ў такім захапленьні: ваў, гэта я такое магла? Я не веру ў тое, што я магла гэта зрабіць».
Таму быць паэтам для яе — ня проста прафэсія.
«Быць паэтам — гэта вялікая радасьць, не радасьць нават, не, гэта і боль, але гэта такое, знаеш, заўсёды апраўданьне твайго існаваньня. Я проста не ўяўляю, як бы я жыла, калі б я не ўмела пісаць вершы».
«Я баюся, што гэта скончыцца»
Паэтка кажа, што ў жыцьці былі вельмі цяжкія пэрыяды, калі вершы дапамагалі ёй трымацца. Таму цяпер яе больш палохае не сам боль ад паэзіі, а магчымасьць страціць здольнасьць пісаць.
«Я ніколі не шкадавала. Ты што, я наадварот, я баюся, што гэта скончыцца, што я не змагу пісаць, і што я тады буду рабіць, як я тады буду ў прынцыпе як бы ў гэтым сьвеце існаваць? Бываюць нейкія пэрыяды, калі не пішацца, калі нейкая стома. І гэта такая пакута насамрэч. Трэба такія вялікія высілкі прыкласьці, каб гэта перажыць і верыць, што яно ўсё адно да цябе прыйдзе аднойчы зноў».
Кудасава ўжо рыхтуе восьмую кнігу. У ёй будуць вершы, напісаныя ў Рагачове і Польшчы, пра Беларусь, Гдыню, каханьне і асабістыя перажываньні.
«Кніга паэзіі — гэта такая рэч, я не ведаю, там кожны нешта будзе сваё знаходзіць. Што яму баліць, то ён там намацае».
«Трэба проста захапляцца жыцьцём»
Кудасава калісьці сказала, што паэту трэба быць закаханым. Але гаворка ня толькі пра рамантычныя адносіны.
«Закахацца — гэта часам можна закахацца ў дрэва, у птушку, я не знаю, проста ў нейкі цудоўны дзень ты можаш закахацца. Трэба злавіць эмоцыю нейкую такую вельмі пазытыўную. Трэба проста захапляцца жыцьцём, не пераставаць яго бачыць. Наколькі яно неверагоднае, што яно ў прынцыпе ёсьць».
Яна прызнаецца, што некаторыя аўтары нават наўмысна шукаюць моцных перажываньняў, каб атрымаць натхненьне.
«Чалавек ня можа жыць і не ствараць»
Кудасава ня лічыць, што штучны інтэлект зможа забіць літаратуру, нават калі аднойчы будзе пісаць лепш за людзей.
«Чалавек па сваёй прыродзе проста ня можа жыць і не ствараць. Камусьці трэба нешта рабіць рукамі, камусьці трэба пячы, хтосьці любіць гатаваць ежу, і ў гэтым ягоная творчасьць. Хтосьці малюе карціны не таму, што ніхто ня можа зрабіць гэта лепш за яго, а чалавеку гэта трэба для таго, каб адчуваць сябе шчасьлівым штодня. Тое ж самае з вершам. Мне не важна, што хтосьці можа напіша такі самы, але я ад самога гэтага працэсу штосьці атрымліваю. Я тады жыву, я жывая».
«Літаратура вучыць думаць»
На думку паэткі, літаратура ня робіць чалавека аўтаматычна добрым. Але яна дапамагае выйсьці за межы ўласнага досьведу.
«Літаратура прынамсі вучыць думаць. Яна вучыць мысьліць крытычна. Вось для гэтага патрэбная літаратура. Каб трошачку далягляд твой пашыраўся. Ты спрабуеш тады можа трошачку разумець іншых людзей, іншыя грамадзтвы, іншыя культурныя і гістарычныя кантэксты. Каб не быць засяроджаным толькі на сабе і не думаць, што ты адзін харошы, а ўсе астатнія — кепскія людзі. Каб разумець, што жыцьцё не чорна-белае».
Яна таксама лічыць, што ў эпоху бясконцага скролінгу людзі рана ці позна стомяцца ад інфармацыйнага шуму.
«Мне здаецца, што ўсё адно людзі стомяцца ад такога рытму. Немагчыма ўвесь час у гэтым шалёным, ненармальным рытме жыць. Чалавеку трэба ад гэтага ўсяго сыходзіць. Куды? Ну, сыходзіць у паэзію, у спакой. У такую нармальную літаратуру».
«Мая Радзіма — гэта мае людзі і мая мова»
Жыцьцё ў Гдыні зьмяніла яе адчуваньне Радзімы. Беларуская зямля была важнай, але цяпер Кудасава ўсё больш разумее Беларусь як супольнасьць.
«Я зразумела проста, што мая Радзіма — гэта мае людзі і мая мова, мая культура. Вось гэта мая Радзіма, гэта вось супольнасьць. Я ў прынцыпе адчуваю сябе як у Беларусі, таму што я сярод беларусаў. Там вялікая дыяспара, у нас вельмі клясныя людзі, вельмі многа беларускай мовы чуваць. Так у Рагачове я не чула столькі беларускай мовы».
Яна ўдзячная Польшчы за прытулак, але прызнае: цалкам сваім чалавекам там пакуль не стала.
«Я адчуваю сябе мігрантам, канешне. Я кепска ведаю польскую мову, я не зусім там разумею нейкія іх кантэксты культурныя, гістарычныя. Але я стараюся вывучаць. Я проста ўдзячная гэтай краіне, што яна дала мне прытулак, што да нас добра ставіцца, што мы можам там працаваць і ў прынцыпе пачувацца нармальнымі людзьмі, не выкінутымі з кантэксту».
«Галоўнае, каб Беларусь была»
Кудасава ня ведае, ці вернецца калі-небудзь у Беларусь. Але яна ня лічыць, што беларуская будучыня абавязкова павінна быць зьвязаная з тэрыторыяй сёньняшняй дзяржавы.
«Я не думаю, што ўсё прама так адразу зробіцца добра і мы ўсе вернемся. У мяне ніколі такой думкі не было. Але я бачу па тых беларусах, што ў эміграцыі, што проста такое вялікае захапленьне Беларусьсю ў людзей, вялікая цяга да беларускай мовы, літаратуры, культуры. Ствараюцца столькі ініцыятываў, падключаюцца новыя людзі, тыя, якія раней не былі зацікаўленыя, робяцца беларускамоўнымі».
Кудасава параўноўвае Беларусь да насеньня, якое трэба захаваць да лепшых часоў.
«Галоўнае, каб яна была. Хай будзе паралельная Беларусь, не важна. Мне здаецца, што важна, каб яна фактычна існавала. Як насеньне дзесьці там у гаршчочак паклалі. Яно там жыве, потым мы яго пасадзім. Як будзе час, прыйдзе, як будзе ў нас глеба, дадуць нам зямлю, мы пасадзім. Але нам галоўнае, каб яно там не загнулася, каб яно там, у гэтым гаршчочку, было. Пільнаваць яго ў гэтай цяпліцы».
Пра праект «Канапа»
«Канапа» — гэта ўтульныя інтэрвію Дзьмітрыя Гурневіча, дзе госьці разважаюць пра Беларусь і беларускасьць. І проста могуць быць сабой. Глядзіце на YouTube-канале Радыё Свабода.
Форум