Амэрыканская прагарма для супольнай працы Miro з 15 кастрычніка 2026 году ўвяла геаблякаваньне IP-адрасоў з Расеі і Беларусі. Пра гэта піша vc.ru са слоў карыстальнікаў у сацыяльных сетках і расейскіх мэдыя, якія атрымалі рассылку ад стваральнікаў праграмы.
Зь дзьвюх краін не атрымаецца зайсьці на плятформу, атрымаць доступ да сайту і нават зьвязацца з тэхнічнай падтрымкай. Выданьне адзначае, што пры ўваходзе з расейскага IP-адрасу на сайце адлюстроўваецца «заглушка».
У Miro паведамілі, што абмежаваньні не закрануць зьмесьціва карыстальнікаў.
«Зьмяненьне ўлічвае агульныя для групы кампаній практыкі кіраваньня рызыкамі, зь якімі мы прыводзім нашы працэсы ў адпаведнасьць у сувязі зь нядаўна абвешчанай угодай.
Пры гэтым абмежаваньні не пацягнуць за сабой выдаленьні ўліковых запісаў, дошак ці якіх-небудзь зьвестак карыстальнікаў. Яны змогуць атрымаць поўны доступ да іх зь месцаў, дзе праца сэрвісу падтрымліваецца», — растлумачылі ў Miro.
Кампанія прыпыніла працу расейскага офісу і спыніла продажы ў Расеі і Беларусі ў сакавіку 2022 году. У 2024 годзе яна хацела адключыць старонкі карыстальнікаў з гэтых краін, але пазьней вырашыла захаваць доступ да дармовых уліковых запісаў.
Што такое Miro
Службу стварылі ў 2011 годзе выхадцы з расейскага гораду Перм. Цяпер кампанія базуецца ў Сан-Францыска, ЗША.
Праграма дазваляе камандам на адлегласьці ствараць палотны для візуалізацыі і абмеркаваньня задумаў.
Сёлета ў верасьні італьянская ІТ-кампанія Bending Spoons паведаміла пра тое, што купіла Miro за $ 1,36 млрд. Угоду разьлічваюць аформіць да канца году.
Менавіта пра пагадненьне аб продажы італьянцам кампанія пісала ў сваім паведамленьні карыстальнікам.
Іншыя цяжкасьці беларускіх карыстальнікаў
За апошнія гады праз санкцыі зь Беларусі выйшаў шэраг вядомых кампаній. З гэтай прычыны, у прыватнасьці, беларусам стала нашмат цяжэй пераказаць грошы з-за мяжы дамоў і ў зваротным кірунку.
Напрыклад, толькі за 2025-2026 гг. зь Беларусьсю перасталі працаваць платныя сыстэмы Paysera, Skrill.
Цяжкасьці пры гэтым былі ня толькі з гэтымі кампаніямі і ня толькі ў тых, хто жыве ў Беларусі. Revolut узмацняў праверкі і закрываў рахункі пры адсутнасьці пацьверджанага статусу рэзыдэнта ЭЗ. Платная сыстэма Wise абмяжоўвала адкрыцьцё новых уліковых запісаў і ўскладняла вэрыфікацыю карыстальнікаў.
Раней паслугамі Paysera і Revolut беларусам можна было карыстацца, маючы працоўную візу ў адну з краінай Эўразьвязу. Пазьней жа кампаніі запатрабавалі ад беларускіх грамадзян у абавязковым парадку мець дзейны дазвол на жыхарства.