Як паведамляе Міністэрства фінансаў Беларусі ў сваім тэлеграм-канале, на 2027 год прапануюць «індэксацыю фіксаваных ставак на прагнозны ўзровень інфляцыі».
«Плянавы пераразьлік дазволіць захаваць рэальны кошт падатковых паступленьняў», — паведамляе міністэрства.
Сярод іншага, на 6,2% прапануюць падняць стаўкі зямельнага, экалягічнага, транспартнага падаткаў, падаходны падатак у фіксаваных сумах, падатак на здабычу прыродных выкапняў, адзіны падатак для ІП і фізычных асобаў, падатак на валоданьне сабакамі і гульнёвы бізнэс.
Пераглядаюць таксама мінімальныя сумы фіксаваных падаткаў — такіх, як падатак на дзейнасьць у сфэры аграэкатурызму, падатак на прафэсійны даход і збор з рамесьнікаў. Так, збор у сфэры аграэкатурызму вырасьце з 45 да 48 рублёў, збор з рамесьнікаў — з 10 да 11 рублёў.
Міністэрства фінансаў Беларусі вызначае прагнозны сярэднегадовы ўзровень інфляцыі ў 6,2%, хоць праўладныя эканамісты прагназуюць яго не вышэйшым за 5%.
Асобным радком стаяць акцызы, якія ўзрастаюць значна вышэй за прагноз інфляцыі. Акцыз на вадкасьці для вэйпаў з утрыманьнем нікатыну вырасьце на 20%, на лёгкія цыгарэты зь фільтрам і без — на 10,3%, на дарагія цыгарэты, тытунь, алькаголь, энэргетыкі — на 6,2%, на пладова-ягаднае віно і сыдры — на 3,8%, на бэнзін, дызэльнае і карабельнае паліва — на 3%.
Чаму гэта важна
Асабліва важны для спажыўцоў акцыз на бэнзін. Літар паліва, паводле падлікаў аўтамабільнага сайту Av.by, падаражэе на 7–8 капеек, гэта каля 3–4 рублёў за поўны бак.
Гэтае падаражэньне прывядзе да росту тарыфаў на паслугі перавозьнікаў, падыме цэны на ўсім ланцужку вытворчасьці і продажу тавараў.
Як паведамляў раней Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭБР), зьвязаны з урадам Расеі, інфляцыя ў Беларусі паскорылася з пачатку году — з 4,5% у жніўні да 4,6% у верасьні. Асноўны ўнёсак у прырост далі цэны на паслугі і прамысловыя тавары, цэны на якія вывелі з-пад дзяржаўнага рэгуляваньня. Банк прагназуе гадавую інфляцыю ў Беларусі ў 5%.
Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%. Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам, — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%.