Віленскі саміт свабоды заклікаў улады Беларусі тэрмінова і без умоў вызваліць усіх палітзьняволеных

Музыкі Tor Band Дзьмітры Галавач (справа) і Андрэй Ярэмчык, вызваленыя 16 верасьня. Ілюстрацыйнае фота

Віленскі саміт свабоды арганізавалі МЗС Літвы і міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House. У форуме ўдзельнічалі літоўскія палітыкі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, колішнія палітвязьні, дэмакратычныя лідэры, праваабаронцы зь Беларусі, Расеі, Кубы, Вэнэсуэлы і Ўкраіны.

«Аўтарытарныя рэжымы па ўсім сьвеце працягваюць садзіць у турмы тых, хто выступае за свабоду. Шмат палітзьняволеных сутыкаюцца з бесчалавечнымі ўмовамі ўтрыманьня, якія прыніжаюць годнасьць, з адмовай у належнай мэдычнай дапамозе, працяглай ізаляцыяй, жорсткім абыходжаньнем і катаваньнямі. [...] Мы заклікаем тэрмінова спыніць гэтую практыку і тэрмінова і без умоў вызваліць усіх палітвязьняў», — працытавала выданьне «Позірк» супольную заяву ўдзельнікаў форуму.

Аўтары дакумэнту віталі дыпляматычныя намаганьні ЗША, якія садзейнічалі вызваленьні шэрагу беларускіх і вэнэсуэльскіх вязьняў, заклікалі вызваліць іншых і гарантаваць ім «права заставацца ў сваіх краінах і карыстацца ўсімі правамі чалавека і асноўнымі свабодамі». Яны заявілі аб неабходнасьці больш цеснай каардынацыі намаганьняў для падтрымкі палітвязьняў.

Удзельнікі форуму таксама выказалі сваю падтрымку дэмакратычных памкненьняў беларускага народу і яго права самастойна вызначаць будучыню, а таксама «поўню салідарнасьць з дэмакратычнымі лідэрамі Беларусі, незалежнымі журналістамі і праваабаронцамі, якія працягваюць змагацца за свабоду, нягледзячы на ўсё больш жорсткія рэпрэсіі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Спэцдакладчык ААН зрабіў агляд парушэньняў правоў жанчын у Беларусі

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 16 кастрычніка 2026 году прызнаў палітвязьнямі 878 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 929.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларусь стала адной вялікай турмой». Як рэпрэсіі разлучылі сям’ю Вольгі Такарчук


Колькі палітвязьняў вызвалілі пры ўдзеле ЗША

У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.

«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.

Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.

Дакладна вядома пра 671 вызваленага за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Штодзённы ціск пераклалі на цывільныя ўстановы». Дасьледнікі прааналізавалі зьмены ў рэпрэсіўнай сыстэме з 2020 году