Для вызваленых у верасьні палітвязьняў сабралі больш за 37 тысяч эўра. Збор сродкаў закрылі

Ілюстрацыйнае фота

Фонд BySol спыніў збор сродкаў на дапамогу вызваленым 16 верасьня ў межах дамоўленасьцяў з ЗША палітычных зьняволеных — замест плянаваных 25 тысяч эўра сабралі 37 526 эўра.

Як адзначаецца на сайце арганізацыі, абвешчаны 16 верасьня працягваўся да 16 кастрычніка.

Першапачаткова ў BySol плянавалі вылучыць кожнаму чалавеку сама меней па адной тысячы эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

BySol абвясьціў тэрміновы збор для вызваленых 25 палітвязьняў. За 6 гадзін суму сабралі цалкам

Што папярэднічала

Аляксандар Лукашэнка 15 верасьня сустрэўся з прадстаўнікамі каманды прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на чале са спэцпасланьнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Разам з Коўлам на перамовы прыбыў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Крыстафэр Паніка.

Удзел у перамовах зь беларускага боку таксама ўзяў прэмʼер-міністар Аляксандар Турчын, старшыня КДБ Іван Тэртэль і пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.

16 верасьня стала вядома, што ў выніку двухдзённых перамоў спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 25 зьняволеных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каго вызвалілі ў выніку перамоваў Коўла з Лукашэнкам. Сабралі дэталі

Колькі палітвязьняў вызвалілі пры ўдзеле ЗША

У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.

«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.

Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.

Дакладна вядома пра 671 вызваленага за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.