Амэрыканская гісторык, журналістка і ляўрэатка Пулітцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм адказала на пытаньні Радыё Свабода пасьля дыскусіі, арганізаванай «Банкам ідэй» у Варшаве. Ці верыць Захад у дэмакратычную будучыню Беларусі, наколькі моцна ўлада Лукашэнкі залежыць ад Пуціна і як вынік вайны ва Ўкраіне можа паўплываць на далейшы лёс беларусаў?
«Лукашэнка залежыць ад суседняга дыктатара, каб утрымлівацца ва ўладзе»
— Пасьля падзеяў 2020 году Захад актыўна падтрымліваў беларускі дэмакратычны рух. Прайшло шэсьць гадоў, Лукашэнка па-ранейшаму ва ўладзе, а Беларусь усё больш залежыць ад Расеі. Як вы лічыце, ці краіны Захаду ўсё яшчэ вераць у тое, што Беларусь можа стаць дэмакратычнай краінай? Або яны пачынаюць прымаць правілы Лукашэнкі?
— Перш за ўсё, мне больш не падабаецца паняцьце «Захад». Калі мы маем на ўвазе дэмакратычны сьвет — Амэрыку, Эўропу, Канаду, Аўстралію, Японію — я думаю, што частка гэтага сьвету ніколі не прызнае Лукашэнку. Тут, у Польшчы, ёсьць людзі, якія ніколі яго не прызнаюць і якія бачаць у ім пагрозу для ўсяго рэгіёну.
Так, для людзей, якія жывуць больш далёка і менш ведаюць пра Беларусь, гэтае пытаньне можа ня мець такога вялікага значэньня. Але я думаю, што любы сур’ёзны аналітык, які вывучае гэты рэгіён і разумее расклад сілаў, ведае: свабодная Беларусь або прынамсі праэўрапейская Беларусь, якая фактычна не зьяўляецца часткай Расеі, значна лепшая для бясьпекі і росквіту Эўропы, а таксама для дабрабыту саміх беларусаў.
— У чым, на вашую думку, цяпер галоўная слабасьць Лукашэнкі?
— У тым, што ён застаецца пры ўладзе толькі дзякуючы падтрымцы Пуціна.
Лукашэнка пераадолеў супраціў беларусаў дзякуючы сваім сувязям з Расеяй, гэта робіць яго слабым кіраўніком. Ён залежыць ад суседняга дыктатара, каб утрымлівацца ва ўладзе.
Ідэалёгія, якую ён выкарыстоўвае, мэтады, да якіх ён зьвяртаецца, — нічога з гэтага не працавала б, калі б не было Пуціна. Думаю, гэта відавочна ўсім.
«Найважнейшае — каб Украіна перамагла, а Расея прайграла»
— Як завяршэньне вайны ва Ўкраіне можа паўплываць на будучыню Беларусі?
— Я сапраўды лічу, што будучыня Беларусі вельмі моцна залежыць ад больш шырокай геапалітычнай сытуацыі. Яна залежыць ад таго, што адбываецца ў Эўропе. Вядома, залежыць ад таго, што адбываецца ва Ўкраіне і ў Расеі.
Па меры таго, як моц Расеі будзе слабнуць (а я сапраўды думаю, што рана ці позна гэта адбудзецца), у беларусаў будзе зьяўляцца больш прасторы для таго, каб самім вызначаць сваю будучыню. Найважнейшае — каб Украіна перамагла, а Расея прайграла. І я думаю, што гэта было б вельмі добра для Беларусі.
— Прадстаўнікі адміністрацыі ЗША, ураду Польшчы вядуць перамовы з Лукашэнкам, каб дамагчыся вызваленьня палітвязьняў ды іншых практычных вынікаў. Але ці існуе рызыка, што гэтыя перамовы насамрэч умацоўваюць ягоны рэжым?
— Я думаю, што так, існуе. Цяпер мы маем амэрыканскую адміністрацыю, якая верыць, што, прапаноўваючы людзям дзелавыя ўгоды, можна наладзіць зь імі лепшыя адносіны. Я лічу, што гэта памылка.
Людзі накшталт Лукашэнкі думаюць ня так. І людзі накшталт Пуціна таксама думаюць ня так. Але амэрыканская адміністрацыя ў гэта верыць.
Яны спрабуюць прапаноўваць яму ўгоды ў надзеі нейкім чынам наблізіць яго да сябе або да Эўропы. Іншыя краіны таксама гэта спрабавалі. Было шмат розных пэрыядаў, калі Польшча імкнулася наладзіць больш адкрытыя адносіны зь Беларусьсю. Нямеччына таксама гэта спрабавала.
Усе гэтыя спробы скончыліся няўдачай, і я думаю, што цяперашняя спроба таксама праваліцца.
Але кожны, хто прыходзіць да ўлады, хоча паспрабаваць зрабіць гэта зноў. І так, вядома, рызыка ёсьць. Гэта проста легітымізуе Лукашэнку.
— Што цяпер могуць зрабіць самі беларусы, каб наблізіць палітычныя зьмены?
— Я думаю, што важна будаваць сапраўдную беларускую дэмакратычную культуру, нават калі гэта адбываецца па-за межамі Беларусі. І стварыць уяўленьне пра нацыю, якое вы зможаце несьці з сабой, дзе б вы ні знаходзіліся. Калі вам даводзіцца быць па-за межамі сваёй краіны — што ж, няхай будзе так. У гісторыі былі іншыя рухі ў выгнаньні, якія рабілі тое самае.
Вам таксама, вядома, варта падтрымліваць сувязь са сваімі сябрамі і сямʼёй на радзіме, наколькі гэта магчыма. Працягвайце нагадваць ім, што існуе свабодная Беларусь за межамі краіны.
І тады, калі нават нічога іншага не атрымаецца, вы прынамсі пражывяце сваё жыцьцё як свабодны чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларусь — расейская калёнія, а Лукашэнка — марыянэтка Пуціна, — ляўрэатка Пулітцэраўскай прэміі Эн ЭплбаўмЭн Эплбаўм (Anne Applebaum) — амэрыканская журналістка, гісторык і пісьменьніца, ляўрэатка Пулітцэраўскай прэміі 2004 году за кнігу «ГУЛАГ: Гісторыя». Дасьледуе гісторыю СССР і камуністычных рэжымаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, сучасны аўтарытарызм і пагрозы дэмакратыі. Аўтарка кніг «Жалезная заслона» (2012), «Чырвоны голад. Вайна Сталіна супраць Украіны» (2017) і «Аўтакратыя, Inc.: Дыктатары, якія хочуць кіраваць сьветам» (2024). Была аглядальніцай The Washington Post, з 2020 году працуе ў The Atlantic. Старшая навуковая супрацоўніца Ўнівэрсытэту Джонза Гопкінза ў ЗША. Яе прадзеды паходзяць зь Беларусі.