Ідэю стварэньня «пашпарта Новай Беларусі» агучылі на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні ў жніўні 2022 году. Распрацоўку праекту ўзяў на сябе Аб’яднаны пераходны кабінэт пад кіраўніцтвам Сьвятланы Ціханоўскай.
Дакумэнт меў стаць альтэрнатывай для палітычных уцекачоў і беларусаў замежжа, даць магчымасьць ня толькі ідэнтыфікаваць сябе з беларускай нацыяй, але і выконваць цалкам практычныя функцыі — пацьвярджаць асобу ў падарожжах і ў камунікацыі з органамі ўлады замежных дзяржаваў.
Узоры новага пашпарта былі прэзэнтаваныя на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у 2023 годзе, праз год пасьля абвяшчэньня задумы
Актуальнасьць апошняга шматкроць узрасла пасьля таго, як увосень 2023 году ўлады Беларусі скасавалі магчымасьць атрыманьня новых «сініх» беларускіх пашпартоў у консульствах Беларусі за мяжой.
Распрацаваны макет «чырвонага» пашпарта новай Беларусі прадэманстравалі незадоўга да гэтага. З словаў стваральнікаў, ён цалкам адпавядаў усім нормам, якія прад’яўляюцца да афіцыйных і міжнародна прызнаных пашпартоў.
«Штосьці прыгожае, цудоўнае, беларускае»
Для рэалізацыі праекту пашпарта новай Беларусі ў 2023 годзе ў Літве была зарэгістраваная кампанія Belarus Passport Center, заяўкі на першыя дакумэнты пачалі прымаць у студзені 2025 году. Неўзабаве «чырвоныя» пашпарты атрымалі першыя ўладальнікі.
«Я быў адным зь першых, хто атрымаў пашпарт новай Беларусі, у першай сотні дакладна быў, — расказвае ў размове з Свабодай юрыст Алесь Міхалевіч. — Як адвакат і як чалавек я вельмі люблю інстытуцыі. І пашпарт, і прыналежнасьць да беларускай дзяржавы могуць выдавацца нашымі легітымнымі органамі. Я лічу і Кабінэт, і Офіс нашымі легітымнымі органамі. Пашпарт — неад’емная частка гэтага працэсу».
Алесь Міхалевіч расказвае, што трымае пашпарт новай Беларусі разам з сваімі іншымі дакумэнтамі, з сабой у паездкі яго не бярэ. Карыстаецца таксама вельмі рэдка, але ўсё ж лічыць гэты дакумэнт для сябе вельмі дарагім. Апошні раз пашпартам новай Беларусі Міхалевіч карыстаўся, калі галасаваў на выбарах у Каардынацыйную раду.
Праект галоўнай старонкі, прэзэнтаваны ў 2023 годзе
«Калі Лукашэнка і надалей будзе займацца непрымальнымі рэчамі, я думаю, што ў гэтага пашпарта будзе магчымасьць прызнаньня з боку дэмакратычных краін, цывілізаванага сьвету, — працягвае Алесь Міхалевіч. — Сябрам паказваю, знаёмым. Быў у Грузіі, хваліўся там перад беларусамі Грузіі».
З словаў суразмоўцы, яго знаёмыя карысталіся пашпартам новай Беларусі пры засяленьні ў гатэлі, паказваючы яго разам з карткай дазволу на жыхарства ў краіне Эўразьвязу.
«Пры праходжаньні пашпартнага кантролю пакуль яго нельга паказваць, але праца вядзецца, — аптымістычна працягвае Алесь Міхалевіч. — Спадзяюся, атрымаецца дамагчыся і гэтага. Гэты пашпарт вельмі добра распрацаваны. З пункту гледжаньня эстэтычнага, з пункту гледжаньня геральдыкі. Ён эстэтычна зроблены як штосьці прыгожае, цудоўнае, беларускае. Гэта ўжо дадае яму вельмі шмат вартасьці».
Скандалы, крытыка і колькасьць выдадзеных дакумэнтаў
Пасьля запуску праект пашпарта новай Беларусі сутыкнуўся з шэрагам праблем і скандалаў. Самым гучным зь іх стала гісторыя з замовай друку пашпартных блянкаў у літоўскай кампаніі Garsų pasaulis. Як высьветлілася ў выніку журналісцкага расьсьледаваньня, гэтая кампанія магла мець сувязі з беларускім бізнэсоўцам і адным з так званых «гаманцоў Лукашэнкі» Віктарам Шаўцовым. Вынікам скандалу стала праверка Garsų pasaulis літоўскімі спэцслужбамі і адмова ад паслугаў кампаніі з боку Belarus Passport Center.
Яшчэ адным скандалам стала крытыка з боку літоўскіх актывістаў. Сытуацыю было вымушана пракамэнтаваць Міністэрства ўнутраных спраў Літвы, якое афіцыйна заявіла аб немагчымасьці прызнаць пашпарт новай Беларусі афіцыйным дакумэнтам, бо паводле міжнароднага права пашпартам можа лічыцца толькі дакумэнт, выдадзены сувэрэннай дзяржавай альбо агульнапрызнаным міжнародным органам накшталт ААН.
Валер Кавалеўскі быў адным з тых, хто актыўна прасоўваў ідэю «чырвонага» пашпарта ў 2022 і 2023 гадах. Зараз ён актыўна крытыкуе шлях, якім пайшоў праект
Крытыкуюць праект і некаторыя прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасьці. У прыватнасьці, былы супрацоўнік Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і адзін з удзельнікаў распрацоўкі праекту дакумэнта Валер Кавалеўскі пасьля свайго сыходу рэзка крытыкаваў падыходы Офісу і Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) да магчымай легалізацыі дакумэнта ў выніку перамоваў з урадамі трэціх краін.
Тым часам «чырвоныя» пашпарты «новай Беларусі» працягвалі выдаваць. Напачатку для атрыманьня дакумэнта неабходна было здаць біямэтрыю (адбіткі пальцаў і фота) падчас асабістага візыту ў Вільні. Пазьней гэта стала магчыма і ў іншых краінах са значнай беларускай дыяспарай. Цана дакумэнта склала 97 эўра.
Сьвятлана Ціханоўская на канфэрэнцыі ў Варшаве ў ліпені 2026 году
Праз год пасьля пачатку выдачы пашпартоў на слуханьнях у Каардынацыйнай радзе Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што было выдадзена каля 500 дакумэнтаў, а мэтай праекту застаецца як мага большая колькасьць атрыманых беларусамі «чырвоных» пашпартоў, што можа палегчыць працэс перамоваў аб легалізацыі дакумэнта ў будучыні.
У верасьні 2026 году «Беларускі пашпартны цэнтар» апублікаваў новую статыстыку. Паводле яе, на пачатак верасьня было выдадзена каля 600 пашпартоў новай Беларусі. Яшчэ 60 заявак нібыта знаходзілася ў працы.
Згортваньне дзейнасьці ў Літве, шматтысячныя выдаткі
У тым жа паведамленьні гаворыцца, што дзейнасьць «Беларускага пашпартнага цэнтру» была пераведзеная зь Літвы. Новае месца яго рэгістрацыі не назвалі.
«Праведзены аўдыт, рэфармаваная структура цэнтру і аптымізаваныя некрытычныя выдаткі, — сказана ў справаздачы «Беларускага пашпартнага цэнтру» на афіцыйным сайце Сьвятланы Ціханоўскай. — Гэта павінна дапамагчы праекту ў пэрспэктыве выйсьці на самаакупнасьць, паскорыць адміністрацыйныя працэсы і наладзіць больш шчыльнае ўзаемадзеяньне з грамадзянамі і міжнароднымі партнэрамі».
Паводле літоўскага парталу Rekvizitai.lt, які зьбірае і публікуе рэгістрацыйныя і фінансавыя зьвесткі пра кампаніі Літвы, апошні супрацоўнік зь літоўскай кампаніі Belarus Passport Center быў звольнены ў ліпені 2026 году. На піку, у 2024 годзе, яе штат налічваў чатыры асобы.
Паводле тых жа крыніцаў, заснаваных на афіцыйнай справаздачнасьці перад літоўскімі дзяржаўнымі органамі, можна прасачыць фінансавыя паступленьні і выдаткі кампаніі з моманту стварэньня і да канца 2025 году. Паводле гэтых дадзеных, на рахунак Belarus Passport Center паступіла каля 110 тысяч эўра ў 2024 годзе і больш за 250 тысяч у 2025 годзе, які кампанія скончыла зь «мінусам» у прыкладна 30 тысяч эўра. Зьвесткі за 2026 год стануць дасяжныя пазьней.
Марыюс Будзелайціс, які афіцыйна прадстаўляў літоўскую кампанію Belarus Passport Center, на запыт Свабоды аб размове не адказаў. Наш запыт аб крыніцах і аб’ёме фінансаваньня праграмы, дасланы на электронную пошту Belarus Passport Center, на момант публікацыі таксама заставаўся без адказу.
«Мы скарацілі прысутнасьць у Літве, — расказвае ў размове з Свабодай дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка. — У Літве цяпер можна толькі здаць біямэтрыю. Сам пашпартны цэнтар як фізычнае памяшканьне яшчэ працаваў да пачатку гэтага году. Там адбываліся грамадзкія імпрэзы, раздавалі дапамогу вызваленым. Але потым мы скарацілі прысутнасьць і стварылі дэцэнтралізаваную (сыстэму. — РС). Скарацілі выдаткі. Самае галоўнае — гэта збор біямэтрыі і пасьля высылка, раздача пашпартоў».
Франак Вячорка (зьлева) і Сьвятлана Ціханоўская на Канфэрэнцыі бэларусаў сьвету ў Варшаве
З словаў Вячоркі, у юрыдычнай асобы «Беларускага пашпартнага цэнтру» у Літве застаецца фармальны дырэктар, але фізычнага офісу там больш няма. Падрабязнасьцяў аб тым, дзе і якім чынам зараз будуць захоўвацца падрыхтаваныя да выдачы пашпарты, Вячорка не раскрывае, спасылаючыся на закрытасьць гэтай інфармацыі.
Зь ягоных словаў, гэта абароненае складзкое памяшканьне, а перадача дакумэнтаў уладальнікам адбываецца або з рук у рукі, або праз апэратараў «Беларускага пашпартнага цэнтру», якія ня маюць доступу да асабістых дадзеных людзей.
«Нейкага Belarus Passport Center Polska не плянуецца, — працягвае Франак Вячорка. — „Пашпартны цэнтар“ быў створаны супольна Офісам і Кабінэтам (АПК. — РС) як даччыная тэхнічная кампанія. Ён не займаецца міжнароднымі перамовамі. Яго задача — забясьпечыць збор дадзеных, вэрыфікаваць людзей, каб ніякага агента або чалавека без грамадзянства там не было. Зараз рэгістраваць новую юрыдычную асобу ня мае сэнсу, працуем у тых межах, якія ёсьць».
Паводле Франака Вячоркі, збор біямэтрыі ад ахвочых атрымаць пашпарты новай Беларусі рэгулярна арганізаваны ў Польшчы і Літве, дзе гэта можна зрабіць штотыдзень. Акрамя гэтага, ёсьць магчымасьць падаць заявы і ў іншых краінах Эўропы, а таксама ў гарадах ЗША, дзе зьбіраць дадзеныя будуць на месцах.
Паводле паведамленьня самога «Беларускага пашпартнага цэнтру», там зараз працуюць над тым, каб біямэтрычныя дадзеныя для атрыманьня «чырвонага» пашпарта можна было даслаць дыстанцыйна.
Аб тым, колькі на гэты момант каштаваў увесь праект «пашпарта новай Беларусі» і на што менавіта траціліся грошы, Франак Вячорка дакладна адказаць не гатовы. Зь ягоных словаў, найбольш сродкаў пайшло на запуск праекту, атрыманьне неабходных дазволаў і ліцэнзіяў, набыцьцё абсталяваньня і іншыя выдаткі.
«Усе асноўныя выдаткі былі на старце, — кажа Вячорка. — Цяпер інфраструктура ўжо існуе. Застаюцца адміністрацыйныя выдаткі. Іх скарачэньне адбываецца зьмяншэньнем колькасьці далучаных да праекту людзей, арэндных тратаў. Больш дакладна я тут пракамэнтаваць не магу… У гэтым годзе мэта — выйсьці калі не на самаакупнасьць, то на максымальна нізкія выдаткі. Сума ў 97 эўра (цана „чырвонага“ пашпарта для карыстальніка. — РС) не пакрывае ўсіх выдаткаў на выраб дакумэнта. Трэба пакрыць кошты вэрыфікацыі, ёсьць кошты, зьвязаныя з выпускам кожнага дакумэнта, зь бясьпекавай сыстэмай — арэндай воблачных сэрвісаў. Сабекошт дакумэнта большы, але калі цана будзе паднятая, то стане менш ахвотных яго атрымаць».
«Дзеля 600 чалавек ня будуць мяняць заканадаўства»
Франак Вячорка дадае, што ня можа назваць статыстыку па краінах, дзе пашпарт новай Беларусі найбольш запатрабаваны. Паводле словаў суразмоўцы, гэта краіны Эўразьвязу, якія ня маюць для беларусаў альтэрнатывы ў выглядзе пашпарта іншаземца, то бок ня Польшча і Літва. У Офісе адзначаюць рост запыту на «чырвоны» пашпарт у ЗША. Франак Вячорка зьвязвае гэта найперш з абвастрэньнем праблем зь легалізацыяй для беларускіх уцекачоў у гэтай краіне.
Вячорка зьвяртае ўвагу на тое, што пры выдачы пашпартоў новай Беларусі іх уладальнікаў папярэджваюць аб немагчымасьці выкарыстаньня такіх дакумэнтаў падчас падарожжаў. Аднак таксама гаворыць, што пакуль не зафіксавана выпадкаў перасьледу грамадзян Беларусі за тое, што яны маюць «чырвоны» пашпарт «Новай Беларусі». Больш-менш афіцыйна выкарыстаць такі дакумэнт можна пакуль толькі падчас галасаваньня ў Каардынацыйную раду.
«На дадзены момант я слаба веру ў тое, што гэты пашпарт нейкая краіна прызнае цалкам як трэвэл-дакумэнт (падарожны дакумэнт. — РС) або дзяржаўны дакумэнт, — дадае Франак Вячорка. — Але ён усё адно будзе абрастаць нейкім функцыяналам. Разам з камандай міжнародных экспэртаў мы падрыхтавалі такую „дарожную карту“ для найгоршага сцэнара, калі сытуацыя ў Беларусі ня зьменіцца. Як можна разьвіваць такі дакумэнт. Там ёсьць некалькі варыянтаў, у тым ліку з краінавым кодам, які дазволіць легітымізаваць яго ў будучыні».
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у праўных пытаньнях і старшыня юрыдычнага дэпартамэнту ейнага Офісу Лявон Марозаў у размове са Свабодай гаворыць, што працуе над юрыдычным прызнаньнем пашпарту новай Беларусі. Паводле яго, шанцаў, што нейкая краіна дапаможа зь юрыдычным міжнародным прызнаньнем дакумэнту, больш па-за рамкамі Эўразьвязу.
Лявон Марозаў на канфэрэнцыі «Адказнасьць за злачынствы і парушэньні правоў чалавека ў Беларусі» ў Вільні. Архіўнае фота
«Мы працуем і там, і там, але больш імаверна, што гэтае прызнаньне будзе не ў Эўразьвязе, — кажа Марозаў. — Я нядаўна ў гэты праект прыйшоў. Працую на валянтэрскіх правах. Скантактаваўся з экспэртамі ICAO (міжнародная арганізацыя ААН, якая займаецца пытаньнямі бясьпекі авіяпералётаў і стандартызацыі дакумэнтаў для міжнародных падарожжаў. — РС). Юрыдычна пашпарт гатовы і можа быць прызнаны. Палітычна — над гэтым працуем».
З словаў Марозава, ён дамовіўся аб сустрэчах у Армэніі. Гэтую краіну выбралі праз тое, што акурат у Грузіі й Армэніі зараз можа быць шмат беларусаў, якія маглі б мець патрэбу ў такім дакумэнце. Канкрэтных перамоваў аб палітычным прызнаньні дакумэнта Марозаў, зь яго словаў, пакуль ня вёў.
Акрамя адсутнасьці прадметных размоваў, існуе і яшчэ адна юрыдычная асаблівасьць. Калі ўрад нейкай краіны пагодзіцца дапамагчы зь міжнародным прызнаньнем пашпартоў новай Беларусі, існуе імавернасьць, што ўжо выдадзеныя «чырвоныя» дакумэнты прыйдзецца мяняць на новыя.
«Умоўна, калі Армэнія дае „дабро“, мы ваш пашпарт „новай Беларусі“ забяром і зробім яго трэвэл-дакумэнтам, — гаворыць Марозаў. То бок ён будзе ўмоўна армянскім юрыдычна, а палітычна беларускім».
З словаў Франака Вячоркі, закрываць праграму — нягледзячы на выдаткі і ня самую вялікую колькасьць ахвотных атрымаць пашпарт — Офіс Сьвятланы Ціханоўскай не зьбіраецца. Дарадца Ціханоўскай кажа, што гэта ў тым ліку іміджавы праект, вартасьць якога ўжо ацанілі спэцыялісты.
Ілюстрацыя
«Тыя, хто бачыць гэты дакумэнт, вельмі рэспэктуюць, — гаворыць Франак Вячорка. — Як гэта арганізавана, як гэта зроблена. У тым ліку памежнікі, паліцыя. Асабліва калі мы праходзілі аўдыт. Усё гэта выклікае вялізную павагу. Але мы ўпіраемся ў міжнароднае права. Сучасны сьвет вельмі зарэгуляваны. Няма зараз унівэрсальных рашэньняў для беларусаў у выгнаньні. Магчыма, сытуацыя вакол Беларусі будзе пагаршацца… Гэта мае сымбалічнае значэньне няскоранасьці беларусаў у выгнаньні. Вядома, мне хацелася б больш выдадзеных пашпартоў. Калі б іх было выдадзена тысяча ці дзьве, было б нашмат прасьцей лябіяваць (іх легалізацыю. — РС). Дзеля 600 чалавек яны ня будуць рабіць інструкцыі ці мяняць заканадаўства».