У цэнтры ўвагі дыскусіі — культурныя і моўныя рэпрэсіі ў Беларусі, выкарыстаньне адукацыі для распаўсюджваньня дзяржаўнай ідэалёгіі, а таксама выклікі, зь якімі сутыкаецца беларуская моладзь.
Лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі выступілі ў Варшаве на імпрэзе пад эгідай АБСЭ «Захаваньне нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці ў аўтарытарнай Беларусі: беларусізацыя з гледзішча моладзі».
Ціханоўская: рэпрэсіі супраць беларускай культуры большыя, чым у часы СССР
Сьвятлана Ціханоўская, сярод іншага, заявіла, што «рэжым Лукашэнкі зрабіў Беларусь закладніцай Расеі і крок за крокам уцягвае ў вайну».
«Але бясьпека — гэта ня толькі войска, мілітарызацыя, вайсковыя вучэньні ці атакі мігрантаў, якія выкарыстоўваюцца як зброя і арганізуюцца Расеяй ды Лукашэнкам. Літаральна ўчора разам з BelPol мы прэзэнтавалі новую справаздачу аб мілітарызацыі Беларусі. Значная яе частка прысьвечана адукацыі, СМІ і моладзі, а таксама таму, як Расея спрабуе ўплываць на Беларусь праз гэтыя сфэры», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
Яна нагадала пра палітыку русыфікацыі, асыміляцыі і зьнішчэньня ўсяго нацыянальнага, усяго беларускага, заявіла, што прапаганда выхоўвае маладое пакаленьне беларусаў, якія маюць успрымаць Расею як сваю ўласную краіну. Яна згадала сваю сустрэчу з міністрам замежных справаў Украіны Андрэем Сыбігам.
«Учора я таксама сустракалася зь міністрам Сыбігам, і мы пагадзіліся: тое самае адбываецца на акупаваных тэрыторыях Украіны. Паглядзіце, што яны робяць з украінскімі дзецьмі, якіх гвалтоўна вывезьлі з Украіны і паддаюць „прамываньню мазгоў“», — заявіла Ціханоўская.
«Перапісваецца гісторыя. Зьнішчаецца культура. Моладзь русыфікуецца — праз расейскія цэнтры, масавую культуру, прапаганду, праграмы абмену і школы. Гэтыя злачынствы пакінуць глыбокую рану і працяглы сьлед ува ўсёй нацыі», — заявіла яна.
Паводле яе, апошнімі гадамі — пасьля 2020-га і асабліва пасьля 2022-га — ў Беларусі рэпрэсіі супраць беларускай культуры й ідэнтычнасьці толькі ўзмацніліся.
«Думаю, нават у савецкія часы яны ня мелі такога маштабу, як цяпер»,— сказала Ціханоўская.
«Больш за ўсё мяне турбуе стан беларускай мовы. Беларусь перажыла амаль два стагодзьдзі русыфікацыі. Я сама вырасла ў расейскамоўнай сям’і. Беларускую мову я ведала пераважна дзякуючы бабулі ў вёсцы. Але за апошнія гады, як і многія беларусы, я паступова вяртаюся да беларускай мовы. Бо я зразумела, што беларуская мова — гэта таксама форма супраціву „рускаму міру“. Гэта таксама абарона ад расейскага ўплыву. Акрамя таго, мова — гэта тое, што аб’ядноўвае беларусаў унутры краіны і па ўсім сьвеце», — падкрэсьліла яна.
Ціханоўская заклікала АБСЭ і іншыя міжнародныя арганізацыі падтрымліваць незалежныя мэдыя, грамадзянскую супольнасьць і культурныя ініцыятывы, якія адыгрываюць асаблівую ролю ў адраджэньні беларускай мовы.
Ціханоўская перакананая: у той час як рэжым змагаецца зь беларускай мовай і культурай, задача дэмакратычных сілаў — захаваць усё гэта. Яна заклікала прыраўняць да рэпрэсіяў і парушэньня правоў чалавека моўныя і культурныя рэпрэсіі, а не разглядаць іх як нешта другараднае. Ціханоўская заклікала падтрымліваць беларускія ініцыятывы ў гэтай сфэры, пашыраць магчымасьці для моладзі атрымліваць эўрапейскую адукацыю, для дзеячоў культуры і моладзі — атрымліваць візы, дакумэнтаваць рэпрэсіі ў галіне культуры для прыцягненьня ў будучыні вінаватых да адказнасьці.
Бяляцкі: лукашэнкаўская ўлада працягвае старую каляніяльную традыцыю
Алесь Бяляцкі спаслаўся на свой уласны шматгадовы досьвед працы дзеля нацыянальна-культурнага і моўнага адраджэньня Беларусі пры розных палітычных рэжымах, які пераканаў яго ў тым, што для моладзі беларушчына тоесная свабодзе, адкрытасьці сьвету, непрыманьню імпэрыялізму і агрэсіі.
«Моўная ідэнтычнасьць — гэта адно з найважнейшых калектыўных і індывідуальных правоў. Перасьледуючы беларускую культуру і мову, лукашэнкаўская ўлада працягвае старую каляніяльную традыцыю. Беларуская ідэнтычнасьць была знакам непрыманьня ні расейскай імпэрскай улады, ні савецкай рэпрэсіўнай машыны, таму яны зьнішчалі яе».
Беларускі нобэлеўскі ляўрэат нагадаў, што ў шматлікіх Курапатах ляжаць тыя, хто мог бы быць гонарам беларускае культуры, а многія — і дзяржаўнымі дзеячамі незалежнай Беларусі.
«Вось чаму так зацята цяперашняя дзяржаўная прапаганда і змагаецца з памяцьцю пра злачынствы савецкага камунізму, і сыстэмна вынішчае інстытуцыянальны грунт беларускае культурнае працы».
На думку Алеся Бяляцкага, нічога дзіўнага не было ў тым, што пасьля кароткага пэрыяду адноснай дэмакратыі пачатку 1990-х, калі беларуская мова аднаўляла пазыцыі ў грамадзтве, Лукашэнка пачаў стварэньне аўтарытарнага (а цяпер ужо з элемэнтам таталітарнага) рэжыму адначасова з разбурэньня падзелу ўладаў і зьнішчэньня дзяржаўнага статусу беларускае мовы.
Падсумоўваючы выступ, Бяляцкі выказаў перакананасьць, што і цяперашняе маладое пакаленьне беларусаў адстаіць беларускія каштоўнасьці.