Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб неабходнасьці пасьлядоўнай палітыкі Эўрапейскага зьвязу датычна дыктатур.
«Можа ўзьнікнуць спакуса вярнуцца да ранейшага стану рэчаў — зьмірыцца з дыктатурай, з Лукашэнкам, з Расеяй. Але Эўропа грунтуецца на каштоўнасьцях і прынцыпах, якія яна заўсёды абараняла. Калі ад іх адмовіцца, Расея будзе выкарыстоўваць гэта як слабасьць. Таму Эўропе важна заставацца пасьлядоўнай», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
У сэсіі «Беларусь: ціхі супраціў» Сьвятлана Ціханоўская ўдзельнічала разам з колішнім высокім прадстаўніком Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпам Бурэлем. На сэсіі яны абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі, дэмакратычны рух і супраціў беларусаў рэжыму.
Для Форуму Ла-Тоха тэма супраціву таксама мае адмысловае значэньне. У 2022 годзе галоўную прэмію форуму атрымаў украінскі народ — за абарону дэмакратыі і супраціў расейскай агрэсіі. У 2024 годзе прэмію атрымаў і сам Жузэп Бурэль, дыялёг зь якім стаў адной з апошніх міжнародных сэсіяў сёлетняга форуму.
Сьвятлана Ціханоўская таксама падзякавала Эўрапейскаму зьвязу і Злучаным Штатам за падтрымку беларускіх незалежных мэдыя, праваабарончых арганізацыяў, НДА, культурніцкіх і гістарычных ініцыятываў, якія пасьля 2020 году былі вымушаныя перанесьці сваю працу за межы краіны. Яна адзначыла, што гэтая падтрымка дазволіла беларускай грамадзянскай супольнасьці захаваць свае структуры і працягнуць працу ў выгнаньні.
Што вядома пра форум
Foro La Toja — форум для палітычных лідараў, бізнэсу, дыпляматаў і інтэлектуалаў. Сёлетняя яго тэма «Сьвет у бязладзьдзі». Удзельнікі абмяркоўвалі крызіс міжнароднага парадку, рост аўтарытарызму, разьвіцьцё штучнага інтэлекту і бясьпеку Эўропы.
Гэта рэдкая пляцоўка, дзе сустракаюцца кіраўнікі дзяржаваў, топ-палітыкі і ўсясьветныя экспэрты. Сёлета ў форуме ўдзельнічалі кароль Гішпаніі Фэліпэ VI, прэм’ер-міністар Гішпаніі Пэдра Санчэс, Жузэп Бурэль, колішнія прэзыдэнты і прэм’еры Гішпаніі і Партугаліі, прадстаўнікі OpenAI, Palantir, Harvard, Cambridge, Telefónica і Politico.
Чаму гэта важна
Пасьля 2020 і 2022 году, калі ўлады Беларусі жорстка разагналі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, супраць Аляксандра Лукашэнкі, яго атачэньня і прадпрыемстваў, што іх фінансуюць, пачалі ўводзіць міжнародныя санкцыі.
Беларусь разам з Расеяй і Іранам апынулася ў поўнай ізаляцыі.
У 2025 годзе адміністрацыя ЗША аднавіла кантакты з Аляксандрам Лукашэнкам. Перамовы вядзе Джон Коўл. Ад 10 лістапада 2025 году ён займае пасаду спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі, а ўпершыню прыехаў на перамовы ў Менск 21 чэрвеня таго ж году.
У выніку такіх перамоў вызвалілі сама меней 671 зьняволенага (з улікам апошняга вызваленьня ў верасьні). У абмен на вызваленьне вязьняў ЗША скасавалі пэўныя санкцыі, у тым ліку супраць беларускіх вытворцаў калійных угнаеньняў, банкаў, а таксама з канцэрну «Белляспаперпрам» і ААТ «Лакафарба». Цяпер актыўна абмяркоўваецца аднаўленьне транзыту беларускага калію праз тэрыторыю Літвы.
Форум