Галоўнакамандуючы Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе генэрал Алексус Грынкевіч прадставіў на канфэрэнцыі ў бясьпецы ў Варшаве новы ваенны плян альянсу па перадухіленьні патэнцыйнай расейскай агрэсіі на ўсходнім флянгу.
Паводле амэрыканскага выданьня The Wall Street Journal, якое прыводзіць дэталі агучанай Грынкевічам «тэорыі перамогі», расейскія камандныя пункты і аб’екты СПА ў Калінінградзкай вобласьці, у раёне Санкт-Пецярбургу і ў Беларусі могуць стаць цэлямі для ўдараў ракет вялікай далёкасьці NATO.
Ізраільскі вайсковы аналітык Давід Гендэльман у інтэрвію «ПіКу Свабоды» адзначыў, што гэта ня столькі ваенная, колькі важная палітычная заява, «бо галоўнакамандуючы Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе кажа, што ў выпадку такога канфлікту яны гатовыя наносіць удары».
Давід Гендэльман
«Што да вайсковага плянаваньня, то зразумела, што дактрына ў гэтым выпадку прадугледжвае ўдары на ўсю апэратыўную глыбіню баявога парадку праціўніка. А паколькі стратэгія — гэта перадусім геаграфія, у гэтым выпадку гаворка ідзе пра Беларусь, Калінінградзкую вобласьць і, у прынцыпе, увесь паўночны захад Расеі, уключна зь Ленінградзкай вобласьцю. Тут усё ў цэлым зразумела», — адзначыў Гендэльман.
Ён зьвяртае ўвагу што задача NATO ў выпадку такога разьвіцьця падзей не ў стратэгічным разгроме Расеі, а ў зрыве спробы расейскага наступу:
«Такім чынам, загадзя заяўлена, што задача абмежаваная, каб не дайшло да ядзернага супрацьстаяньня і гэтак далей... Пытаньне, зразумела, у тым, наколькі рэальныя дзеяньні NATO, калі да іх дойдзе, будуць адпавядаць гэтым словам. Прынамсі, на ўзроўні вайсковага плянаваньня, палітычнай заявы і падрыхтоўкі мы гэта ўжо бачым. А што будзе далей, пакажа рэальнасьць», — сказаў вайсковы аналітык Давід Гендэльман.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
NATO ў выпадку нападу Расеі адкажа ўдарамі і па Беларусі, — The Wall Street JournalЧаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.