Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, мова ідзе пра іншаземцаў, якія ня маюць дазволу на сталае пражываньне ў Беларусі.
У пераліку, які сфарміраваны на падставе патрэбаў наймальнікаў і запатравабаванасьці сярод іншаземцаў, 31 прафэсія працоўных і 16 — служачых.
Сярод працоўных прафэсій — кіроўцы, бэтоншчыкі, жывёлаводы, муляры, маляры, агароднікі, кухары, цесьляры, прадаўцы, санітары, токары, фрэзэроўшчыкі, швачкі, тынкоўшчыкі, электрагазазваршчыкі і іншыя, а сярод служачых — аграномы, вэтэрынарныя ўрачы, урачы-спэцыялісты ўсіх профіляў, заатэхнікі, інжынэры, мэдычныя сёстры і браты, электрамэханікі і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Улады Беларусі больш не агучваюць патрэбы рынку працы ў замежнай працоўнай сіле, хоць сьпісы вакансіяў яшчэ публікуюцьЧаму гэта важна
Беларусь усё часьцей шукае працаўнікоў за мяжой — ад Пакістану і Нэпалу да краін Цэнтральнай Азіі. Замежная працоўная міграцыя становіцца адным з спосабаў закрываць дэфіцыт кадраў.
Гэта адбываецца падчас адтоку ўласнага насельніцтва. Паводле ацэнкі сацыёляга Генадзя Коршунава, у 2020–2024 гадах Беларусь маглі пакінуць 500–600 тысяч чалавек. Улады называлі меншыя лічбы: у кастрычніку 2023 году намесьнік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў ацэньваў колькасьць беларусаў, якія зьехалі за мяжу, у 350 тысяч. Дакладна сказаць, колькі беларусаў насамрэч выехала пасьля 2020 году, складана: афіцыйны ўлік не ахоплівае ўсіх, хто жыве за мяжой.
Раней асаблівую стаўку рабілі на працоўную сілу з Пакістану. У красавіку 2025 году Аляксандар Лукашэнка сказаў пра магчымасьць прыняць 100–150 тысяч пакістанцаў. Але за ўвесь 2025 год на працу прыехаў 561 грамадзянін Пакістану — паводле статыстыкі МУС.
Нядаўна ў Нью-Ёрку міністры замежных справаў Беларусі і Нэпалу Максім Рыжанкоў і Шышыр Ханаль дамовіліся аб прыцягненьні на беларускі рынак працы грамадзян Нэпалу.
У 2025 годзе ў краіну прыехалі 48 160 замежных працоўных мігрантаў. Найбольш — з Туркмэністану: 23 050 чалавек. З Узбэкістану — 3618, з Кітаю — 3438, з Расеі — 4677, з Украіны — 4389. Гэтыя лічбы агучыў кіраўнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Іван Новікаў.