Самалёты Belavia і расейскіх авіякампаніяў з спазьненьнем прыляцелі ў Менск праз украінскую атаку на Маскву

Аэрапорт «Унукава» у Маскве. Ілюстрацыйнае фота

Сама меней чатыры рэйсы беларускай кампаніі Belavia спазьніліся з прылётам у Менск.

Як вынікае з інфармацыі на афіцыйным сайце аэрапорту Менск, самалёт з Дубаю (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) прызямліўся раніцай 13 кастрычніка а 6:50 (паводле графіку мусіў прыляцець 12 кастрычніка а 18:35), рэйс Ніжні Ноўгарад – Менск расейскай авіякампаніі Red Wings затрымаўся на тры гадзіны і прызямліўся а 4:15 замест 1:50.

З затрымкамі прызямліліся самалёты Belavia Хургада – Бодрум – Мілас (Эгіпет, Турэччына) — а 5:57 замест 5:35, з Тбілісі — а 8:15 замест 7:45 і з Баку — арыентавана а 8:45 замест 8:05.

З спазьненьнем на тры гадзіны вылецеў самалёт расейскай кампаніі Red Wings зь Менску ў Самару — а 5:15 замест 2:50.

Позна ўвечары 12 кастрычніка расейскія СМІ паведамлялі, што 14 рэйсаў зь Менску, Стамбулу, Санкт-Пецярбургу, Астаны, Антальі, Хургады, Калінінграду, Дубаю і Ізьміру перанакіравалі з аэрапорту Ўнукава ў Шарамецьева і Дамадзедава, у аэрапорт Ніжняга Ноўгараду, а таксама ў Менск. Камандзіры экіпажаў яшчэ трох самалётаў, якія вылецелі з Турэччыны, вырашылі вярнуцца ў аэрапорт Стамбулу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі разьбіўся бамбавік-ракетаносец Ту-95

Што адбылося

Раніцай 13 кастрычніка мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў, што з 20:30 12 кастрычніка да 07:00 13 кастрычніка ў бок Маскоўскага рэгіёну ляцелі 417 украінскіх дронаў. «Большая частка нэўтралізаваная СПА на далёкіх подступах, 65 зьнішчаныя на падлёце да Масквы», — напісаў ён у сваім Telegram-канале.

Міністэрства абароны Расеі пакуль не паведамляе аб агульнай колькасьці ўкраінскіх дронаў, запушчаных па расейскіх рэгіёнах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі назваў умову спыненьня ўкраінскіх удараў па расейскіх НПЗ

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Апошнім часам Украіна ў адказ на зьнішчальныя абстрэлы расейскай арміі па жылых сэктарах і інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў з вялікай колькасьцю пацярпелых актывізавала свае абстрэлы аб’ектаў на тэрыторыі Расеі. Украінскія сілы нацэльваюць свае бесьпілётнікі на нафтаперапрацоўчыя заводы, якія забясьпечваюць палівам расейскую армію, а таксама па складах, дзе захоўваюцца тавары падвойнага прызначэньня.

Пасьля некалькіх удараў Расеі па дата-цэнтрах ва Ўкраіне ўкраінскія сілы нанесьлі ўдары ў адказ па аналягічных аб’ектах на расейскай тэрыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Аднаўленьне «Яндэксу» пасьля атак на ягоныя цэнтры зойме шмат месяцаў