Пра гэта заявіў Вярхоўны галоўнакамандуючы Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе Алексус Грынкевіч на форуме бясьпекі ў Варшаве, піша The Wall Street Journal.
Мэта гэтага пляну — спыніць уварваньне на самым пачатку, а ў выпадку працягу агрэсіі пазбавіць праціўніка магчымасьці кіраваць сваімі сіламі і забясьпечваць іх.
«Я не лічу, што канфлікт непазьбежны або неўзабаве пачнецца. Гэта ня так. Але, улічваючы маштаб дзейнасьці, зьвязанай з дывэрсіямі і падпаламі, думаю, што насельніцтва краінаў нашага альянсу крыху нэрвуецца. І я хачу запэўніць мільярд грамадзянаў нашага альянсу: мы дамо рады», — заявіў Грынкевіч на форуме бясьпекі ў Варшаве.
Агучаная стратэгія прадугледжвае стварэньне шырокай «аўтаномнай зоны», у якой бесьпілётнікі і наземныя робаты маглі б стрымліваць расейскі наступ, унікаючы тым самым значных стратаў сярод вайскоўцаў.
Адначасова ракеты вялікай далёкасьці павінны нанесьці ўдары па расейскіх камандных пунктах і аб’ектах супрацьпаветранай абароны ў Калінінградзкай вобласьці, у раёне Санкт-Пецярбургу і ў Беларусі.
Акрамя таго, вайскова-паветраныя сілы NATO апэратыўна нанясуць удары па расейскіх падмацаваньнях, што накіруюцца на фронт, а таксама па іншых цэлях у тыле.
Гэты падыход атрымаў назву «Ініцыятыва стрымліваньня на ўсходнім флянгу», піша The Wall Street Journal. Паводле амэрыканскіх вайскоўцаў, ягоная галоўная мэта — прымусіць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ацаніць здольнасьць NATO да абароны і адмовіцца ад нападу, калі ён разглядае такую магчымасьць.У рамках гэтай стратэгіі NATO рэгулярна праводзіць вучэньні, каб прадэманстраваць сваю гатоўнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Гэтыя палігоны рыхтуюцца ня толькі для беларускіх войскаў». BelPol прэзэнтаваў даклад пра мілітарызацыю БеларусіПрадстаўнік NATO: расейскае войска страціла за верасень амаль 28 тысяч вайскоўцаў забітымі
Расейская армія ў верасьні страціла ў вайне супраць Украіны больш за 50 тысяч вайскоўцаў забітымі і параненымі, зь іх да 28 тысяч загінулі. Пра гэта паведаміў Bloomberg з спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка NATO.
Паводле ацэнкі суразмоўцы агенцтва, за той жа пэрыяд страты ўкраінскай арміі склалі каля пяці тысяч чалавек забітымі і параненымі.
Прадстаўнік NATO патлумачыў вялікія страты расейскіх войскаў спробамі працягваць наступ праз так званыя «зоны паражэньня» — участкі фронту, якія ўвесь час знаходзяцца пад ударамі бесьпілётнікаў і артылерыі і дзе шырока выкарыстоўваюцца міны.
Афіцыйныя лічбы стратаў на фронце не публікуюцца ні ў Расеі, ні ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці гатовая Эўропа належна рэагаваць на расейскія дывэрсіі? Аналіз СвабодыЧаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.