«Гэтыя палігоны рыхтуюцца ня толькі для беларускіх войскаў». BelPol прэзэнтаваў даклад пра мілітарызацыю Беларусі

Беларускі і расейскі сьцягі на вучэньнях «Захад-2025»

12 кастрычніка BelPol прэзэнтаваў на Варшаўскім форуме бясьпекі даклад пра мілітарызацыю Беларусі. У ім апісваецца тое, што адбываецца ў краіне: ад мілітарызацыі беларускай эканомікі і дзяцей да ўзьвядзеньня вайсковай інфраструктуры.

Прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар расказаў Свабодзе галоўныя высновы дакладу.

«Адзін з галоўных момантаў, на які мы зьвярнулі ўвагу, — стварэньне стацыянарнай радыёрэлейнай сувязі Міністэрства абароны Беларусі. У звычайнай дзяржаве такая сувязь выбудоўваецца, умоўна кажучы, ад цэнтру да дзяржаўных межаў. Аднак з апублікаваных намі зьвестак відаць, што ў Беларусі стацыянарная радыёрэлейная сувязь усталёўваецца ўздоўж асноўных дарог — у кірунку з усходу на захад».

Уладзімер Жыгар

Ён таксама адзначыў, што рэтрансьлятары спэцсувязі для сілавікоў усталёўваюцца ня толькі ўздоўж мяжы з Украінай, але і ўздоўж мяжы з Эўрапейскім зьвязам.

Зьвяртае Жыхар і ўвагу на тое, што да новых палігонаў у Беларусі падводзяць чыгунку:

«Для Беларусі гэта абсалютна нетыпова, бо звычайна вайсковыя часткі знаходзяцца паблізу палігонаў і асобнай неабходнасьці пракладваць да іх чыгунку няма. Аднак каля новых аб’ектаў паблізу ЭЗ такія шляхі зьяўляюцца. Гэта дазваляе зрабіць выснову, што гэтыя палігоны рыхтуюцца ня толькі для беларускіх войскаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Журналісты Радыё Свабода і «Схемы» стварылі інтэрактыўную мапу вайсковай інфраструктуры Беларусі

Асобна ў дакладзе гаворыцца пра мілітарызацыю адукацыі і выхаваньня дзяцей.

«Мы расказваем пра тое, як уводзіцца вайсковая падрыхтоўка і як для школьнікаў яна становіцца ўсё больш працяглай і абавязковай. Дзяцей адпраўляюць у нібыта аздараўленчыя лягеры, але фактычна там адбываецца своеасаблівая вайсковая падрыхтоўка: іх вучаць кіраваць БПЛА, аказваць першую мэдычную дапамогу, маршыраваць і страляць», — расказаў Уладзімер Жыгар.

Паводле яго, палову выдаткаў на мілітарызацыю зазвычай бярэ на сябе Расея.

«І гэта таксама паказвае, што інфраструктура, якая ўзводзіцца на тэрыторыі Беларусі, і ўся гэтая мілітарызацыя могуць выкарыстоўвацца ня толькі самой Беларусьсю», — зазначае Жыгар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Білборды з прапагандай службы ў войску і танцы з Саладухам: як у Беларусі ўлады мілітарызуюць грамадзтва

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.

Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску заўважылі калёны вайсковых грузавікоў пад незвычайным брэндам. Разьбіраемся, што гэта можа быць