Два гады пасьля сьмерці палітзняволенага Шлетгаўэра: праваабаронцы сабралі сьведчаньні былых вязьняў магілёўскай калёніі

Дзьмітры Шлетгаўэр

11 кастрычніка 2024 году ў магілёўскай калёніі № 15 загінуў палітзьняволены Дзьмітрый Шлетгаўэр, асуджаны на 12 гадоў за «шпіянаж» і «садзейнічаньне экстрэмізму».

У пасьведчаньні аб ягонай сьмерці пазначана «мэханічная асьфіксія», што азначае задушэньне. Меркаванае самагубства здарылася ў штрафным ізалятары (ШЫЗА) неўзабаве пасьля зьмяшчэньня вязьня ў калёнію.

Праваабаронцы «Вясны» паразмаўлялі з былымі палітзьняволенымі калёніі № 15, каб больш даведацца пра сьмерць маладога палітвязьня.

Стаў татам у СІЗА, асуджаны паводле палітычных артыкулаў

Дзьмітрыю Шлетгаўэру было 22 гады, ён быў грамадзянінам Расейскай Федэрацыі, нарадзіўся на Алтаі. Малады чалавек працаваў у Камянцы на прадпрыемстве вытворчасьці палімэрнай прадукцыі і ўпакоўкі, з 2018 году меў беларускі дазвол на жыхарства.

Шлетгаўэра затрымалі восеньню 2023 году і да суду трымалі ў берасьцейскім сьледчым ізалятары № 7. За гэты час у яго нарадзіўся сын. Урэшце маладога мужчыну абвінавацілі ў «шпіянажы» (358 артыкул Крымінальнага кодэксу) і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 артыкулу 361-4) і прызначылі яму 12 гадоў зьняволеньня. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме, таму зьместу абвінавачаньня праваабаронцы ня ведаюць.

За кратамі ў Дзьмітрыя зьявіліся праблемы здароўя: на нэрвовай глебе пачалі выпадаць валасы, ён цярпеў ад варыкозу. Пра гэта «Зеркалу», як нагадвае «Вясна», апавядаў знаёмы сям’і Шлетгаўэра.

Сям’я: «Ён не зьбіраўся забіваць сябе»

У пачатку кастрычніка 2024 году Дзьмітрыя этапавалі ў магілёўскую калёнію № 15, начальнікам якой на той момант быў палкоўнік міліцыі Аляксей Лазарэнка. Як усе навічкі, Шлетгаўэр адразу трапіў у «карантын», адкуль яго неўзабаве адправілі ў штрафны ізалятар — гэтакі «прыём», паводле суразмоўцаў «Вясны», зазнаў шмат хто з палітвязьняў у гэтай калёніі. Ужо 11 кастрычніка Дзьмітрыя знайшлі памерлым у камэры ШЫЗА. У пасьведчаньні аб яго сьмерці прычынай пазначана «мэханічная асфіксія», але кіраўніцтва калёніі гэтак і не паведаміла родным Дзьмітрыя падрабязнасьцяў ягонай сьмерці.

Паводле інтэрнэт-выданьня «Зеркало», якое спаслалася на знаёмага сваякоў палітвязьня, яны не паверылі ў самагубства. На падставе ліставаньня зь Дзьмітрыем сваякі казалі, што ён зьбіраўся пісаць прашэньне аб памілаваньні і меў пляны на жыцьцё пасьля вызваленьня з калёніі. Спасылаліся і на тое, што нядаўна ў яго нарадзіўся сын. Таксама праваабаронцам стала вядома, што жонка Дзьмітрыя наведвала яго ў СІЗА да суду і пасьля судовага працэсу.

«Сямʼя лічыць, што Дзьмітрый не зьбіраўся забіваць сябе. З словаў родных, ён быў вельмі засмучаны тым, што зь ім здарылася, але не настолькі, каб быць гатовым да добраахвотнага сыходу з жыцьця. Яшчэ ў СІЗА ён пачаў старанна рыхтавацца да пераводу ў калёнію — зьбіраў цыгарэты, цукар, гарбату і каву ў разьліку на тое, што яны спатрэбяцца ў калёніі», — расказаў знаёмы сям’і Шлетгаўэра.

Паводле яго, Дзьмітрый ня скардзіўся на дрэннае абыходжаньне зь ім у сьледчым ізалятары.

«Мог паверыць у пэрспэктывы, якія яму намалявалі ў начальніка калёніі»

Пра тое, што ў калёніі адбылася трагедыя з палітвязьнем, чулі многія, узгадвае праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які таксама адбываў пакараньне ў ПК-15. Якраз у час здарэньня Стэфановіча ненадоўга выпусьцілі з памяшканьня камэрнага тыпу (ПКТ).

«Знаёмы зь ім я ня быў. Але, вядома, чуў пра сьмерць у ШЫЗА палітвязьня, які заехаў туды з „карантыну“. Адразу стала вядома, што такое здарэньне адбылося. Пасьля гэтага нас перасталі вадзіць на званкі. Некалькі тыдняў нам не давалі званіць родным, бо адміністрацыя калёніі асьцерагалася, што інфармацыя такім чынам выйдзе навонкі. Потым нас пачалі вадзіць на званкі, а [тых, у каго]10-ы „экстрэмісцкі“ прафіляктычны ўлік, павялі асобна. Кожнага заводзілі па адным, каб апэратыўнік мог слухаць, што вязьні кажуць родным. Але ўсё роўна інфармацыя выйшла на волю. За гэта аднаго палітвязьня каля месяца трымалі ў ШЫЗА», — згадаў Валянцін Стэфановіч.

Пра сьмерць палітвязьня ў калёніі № 15 праваабаронцам стала вядома 1 лістапада 2024 году.

«Магу меркаваць, што Дзьмітрый вырашыў накласьці на сябе рукі пасьля размовы ў начальніка Аляксея Лазарэнкі. На гэтым „прыёме“ у непрыстойных формах гучаць абразы і пагрозы, у тым ліку пагроза тым, што яго могуць перавесьці ў „нізкі статус“. Я гэта ведаю з асабістага досьведу. Адна справа, калі б гэты палітвязень мог перасекчыся з намі, іншымі палітвязьнямі, мы маглі б яму сказаць, каб ён ня браў да галавы, што яму нагаварылі, і што гэта такая форма ціску. Але Дзьмітрый мог прыняць блізка да сэрца і паверыць у тыя пэрспэктывы ўтрыманьня ў калёніі, якія яму намалявалі ў начальніка, асабліва ў кантэксьце прызначанага 12-гадовага тэрміну», — сказаў былы палітвязень Стэфановіч.

Кім Самусенка, які таксама ў той час адбываў пакараньне ў ПК-15, узгадвае, што дазнаўся пра сьмерць палітвязьня на наступны дзень.

«Пасьля самагубства да супрацоўнікаў выклікалі іншых вязьняў, якія былі зь ім у „карантыне“ і на этапе. Цікавіліся, які быў яго псыхічны стан, ці былі ў яго адпаведныя думкі і іншае. Маё меркаваньне — што ў гэтага палітвязьня ня вытрымала псыхіка. Не магу сказаць, што адміністрацыя мэтанакіравана даводзіць кагосьці да самагубства, бо потым у іх вялікія праблемы праз гэта. Ня думаю, што на Дзьмітрыя ціснулі больш, чым на астатніх палітвязьняў. Але ў кожнага чалавека свая псыхічная трываласьць», — расказаў былы палітвязень Кім Самусенка.

«Гэта здарылася ўначы»

Меркаваньнем пра сьмерць Дзьмітрыя Шлетгаўэра падзяліўся з праваабаронцамі яшчэ адзін былы палітзьняволены К. з папраўчай калёніі № 15 (імя не называюць дзеля бясьпекі).

«Калі загінуў Дзьмітрый, то акурат у той час у ШЫЗА сядзеў вязень, зь якім мы часам камунікавалі. Ён пасьля расказаў, што чуў мітусьню на калідоры і па голасе пазнаў опэра Ільлю Кісьлякова, які даставаў зь „пятлі“ цела. Гэта здарылася ўначы. К. пачуў нейкі рух і голас Кісьлякова: „Ён яшчэ цёплы“. Вядома, што Шлетгаўэра зьмясьцілі ў ШЫЗА з карантыну. Пазьней хадзілі чуткі, што ў ПК-15 нейкі час нікога з палітычных не адпраўлялі ў ШЫЗА з карантыну. Бо да гэтай сумнай сытуацыі амаль усе вязьні, хто меў 10-ты, „экстрэмісцкі“ прафіляктычны ўлік, пасьля этапаваньня зь сьледчага ізалятару ў калёнію траплялі ў атрад праз ШЫЗА», — расказаў суразмоўца «Вясны» К.

Паводле ўспаміну гэтага чалавека, празь нейкі час пасьля здарэньня ў калёніі зьявіліся чуткі, што нібыта вязень, які зьдзейсьніў суіцыд, быў асуджаны паводле наркаманскага 328-га артыкулу.

«Некаторыя выказвалі здагадкі, што такія чуткі наўмысна распаўсюджвае апэратыўны аддзел, каб унікнуць магчымай абвостранай рэакцыі іншых палітвязьняў», — мяркуе былы палітвязень ПК-15.

«Які сэнс мне жыць, калі я сваіх жонку і дзяцей пабачу толькі праз 12 гадоў»

Іншы былы палітзняволены Т. (імя не называецца дзеля бясьпекі) расказаў «Вясьне», што пры ім гаварылі вязьні пра сьмерць палітзьняволенага ў ШЫЗА.

«Здаецца, хтосьці нават казаў, што яго апошнія словы былі «Які сэнс мне жыць, калі я сваіх жонку і дзяцей пабачу толькі праз 12 гадоў і прапушчу іхнае жыцьцё», — пераказаў суразмоўца Т. словы, пачутыя ў калёніі пра гэтае здарэньне.

Паводле Т., зьдзейсьніць самагубства ў ШЫЗА нескладана, бо неабходныя захады бясьпекі там не выконваюцца, хоць адміністрацыя і спрабуе мінімізаваць такія рызыкі. Як згадаў палітвязень, за час ягонага знаходжаньня ў ПК-15 — крыху больш за год — ён чуў пра тры самагубствы: у ШЫЗА, у атрадзе і на прамысловай зоне.

Іншыя сьменці палітвязьняў за кратамі

Раней у беларускіх турмах і калёніях памерлі за кратамі палітвязьні Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандар Кулініч, Дзьмітры Шлетгаўэр, Валянцін Штэрмэр, Андрэй Паднябенны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стала вядома, што за кратамі памёр былы супрацоўнік КДБ Мікалай Варапай, асуджаны за «шпіянаж»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былы палітвязень расказаў, як памерламу Вадзіму Храсько ў калёніі не давалі мэдычнай дапамогі