Праваабаронцам стала вядома пра сьмерць у наваполацкай калёніі № 1 былога высокапастаўленага супрацоўніка КДБ Мікалая Варапая. Ён ня быў палітвязьнем: паводле афіцыйнай вэрсіі, Варапая затрымалі ў 2017 годзе пры спробе перадаць украінскім спэцслужбам сакрэтныя дакумэнты, зьвязаныя з вучэньнямі «Захад-2017», піша «Вясна».
У студзені 2024 году дзяржаўная тэлевізія паказвала прапагандысцкі фільм пра ягоную справу. У ім Варапай прызнаваў віну, заяўляў, што ўважае прысуд за справядлівы і не зьбіраецца яго абскарджваць. Пры гэтым ён казаў, што найбольш баіцца памерці ў калёніі.
Паводле інфармацыі «Вясны», у пэрыяд, калі вязьням актыўна прапаноўвалі падпісваць прашэньні аб памілаваньні, такую магчымасьць атрымаў і Варапай. Пасьля адмовы на мужчыну пачаўся ціск: супрацоўнікі КДБ нібыта рэгулярна прыязджалі да яго ў калёнію, патрабуючы падпісаць адпаведныя дакумэнты. Паведамляецца, што пасьля гэтага яго зьмясьцілі ў штрафны ізалятар, дзе гэтыя візыты працягваліся.
Цяпер праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра тое, што Варапай памёр яшчэ ў 2024 годзе. Магчымай прычынай сьмерці крыніцы «Вясны» называюць інсульт. Незалежнага пацьверджаньня гэтых зьвестак пакуль няма.
У зьняволеньні Варапай меў белую бірку, якая апошнія гады не выкарыстоўваецца для асуджаных паводле палітычных артыкулаў.
Праваабаронцы неаднаразова зьвярталі ўвагу на тое, што ўмовы ўтрыманьня ў ШЫЗА носяць жорсткі і бесчалавечны характар, а працяглае знаходжаньне там істотна пагаршае фізычны і псыхічны стан вязьняў.
Сьмерці за кратамі
Вязьні ў Беларусі даволі часта паміраюць за кратамі. Гэта адбываецца ня толькі з натуральных прычынаў, а праз тое, што ў турме створаныя вельмі кепскія ўмовы. Асабліва гэта тычыцца палітычных вязьняў, якія часта гавораць пра катаваньні і зьдзекі за кратамі.
Вядома пра тое, што палітычных праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі ў астрогах часта катуюць голадам і холадам, пастаянныя забароны і абмежаваньні на спатканьні і пасылкі спрычыняюцца да таго, што арганізм неатрымлівае так патрэбных, асабліва ў турэмных умовах, вітамінаў. Людзі вельмі часта трапляюць у турэмныя больніцы.
У 2021–2025 гадах у месцах няволі ў Беларусі памерлі як мінімум дзевяць чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі зьняволенымі.
Гэта Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандар Кулініч, Дзьмітры Шлетгаўэр, Валянцін Штэрмэр, Андрэй Паднябенны.
Акрамя таго, некалькі чалавек памерлі неўзабаве пасьля вызваленьня з турмы, дзе іхнае здароўе было моцна падарванае. Напрыклад, сёлета ў лютым памерла 39-гадовая Ганна Кандраценка, якой менавіта ў зьняволеньні паставілі дыягназ — рак. Яна выйшла на волю толькі ў чэрвені 2024 году і празь некалькі месяцаў памерла.
Ад трамбозу ў траўні 2025 году памёр колішні палітвязень Валер Богдан, якому на той момант было 58 гадоў.
Форум