Калі ідзе гаворка пра катаваньні, найперш зьвяртаюць увагу на крайнія формы жорсткасьці, такія як зьбіцьцё. Але ў беларускіх турмах катаваньне нярэдка выглядае як руціна, штодзённасьць, у якой чалавека павольна пазбаўляюць годнасьці, бясьпекі і адчуваньня кантролю над уласным жыцьцём, прызнаюць праваабаронцы «Вясны».
З лютага 2026 году палітвязень Эдуард Бабарыка знаходзіцца ў стане «інкамунікада» — гэтым словам праваабаронцы вызначаюць сытуацыю, калі ад вязьня няма лістоў і званкоў, а спробы атрымаць пра яго зьвесткі з афіцыйных крыніц аказваюцца марнымі. Бацька палітвязьня, сам былы палітвязень Віктар Бабарыка мяркуе, што ягоны сын апынуўся ў закладніках рэжыму, а стан інкамунікада — форма ціску ня толькі на сына, але і на яго як бацьку.
«Ня верыў, што рэжым пойдзе на тое, каб пакідаць закладнікамі дзяцей. Але рэжым на гэта пайшоў. Цяпер Эдуард у турме паводле 411 артыкулу, зь лютага ён зноў у зоне маўчаньня», — адказаў Віктар Бабарыка на пытаньне карэспандэнта «Свабоды» падчас сустрэчы ў Вільні.
У 2025 годзе мінімум 11 палітвязьняў у Беларусі знаходзіліся ў рэжыме інкамунікада — бяз сувязі з роднымі і вонкавым сьветам. Цяпер дакладная лічба невядомая, але праблема застаецца, кажуць праваабронцы.
Паводле падыходу ААН, больш за 15 дзён поўнай адзіночнай ізаляцыі могуць лічыцца катаваньнем. Доўгая ізаляцыя разбурае псыхіку: чалавек губляе адчуваньне часу, пакутуе на бессань, трывожнасьць і дэрэалізацыю — стан, калі рэальнасьць пачынае ўспрымацца як нешта «несапраўднае», нібы сон або фільм.
Катаваньне праз пазбаўленьне сну
Былыя палітзьняволеныя часта распавядаюць пра адмысловае пазбаўленьне іх адпачынку і сну і называюць гэта «правераным мэтадам узьдзеяньня на псыхіку і фізычнае здароўе». Адметна, што з гэтым сутыкаюцца ня толькі ў калёніі, але і падчас знаходжаньня пад сьледзтвам у СІЗА.
«У 2020 годзе, калі я апынуся ў ізалятары на Акрэсьціна, мяне адмыслова ўкінулі ў камэру, насупраць якой знаходзілася жанчына, якая ўвесь час, нават ноччу, грукала ў дзьверы. Адпачываць было немагчыма. Гэта яўна была форма ціску на мяне, бо з той камэры нікуды не пераводзілі», — распавёў Свабодзе былы палітвязень, палітык Павал Севярынец.
Але найцяжэйшым выпрабаваньнем для Севярынца было доўгае знаходжаньне ў халоднай камэры ШЫЗА, дзе спаць было немагчыма.
«Праз кожныя 15 хвілін сну ўставаць з нараў і адціскацца, каб не замерзнуць. Неяк налічыў, што за ноч зрабіў 600 адцісканьняў. Сэрца проста калацілася, такая была вялікая нагрузка!» — распавёў Павал Севярынец.
Пазьней, калі палітвязень патрапіў у горадзенскую турму, там ён таксама сутыкнуўся з мэтадам утрыманьня ў суседзтве з людзьмі, якія праз свае псыхічныя асаблівасьці стваралі трывалыя праблемы суседзям.
«Уся турма пра гэта ведала, але адміністрацыя заплюшчвала на такое суседзтва вочы. Зразумела, чаму», — згадаў Севярынец.
Яго падтрымаў былы палітзьняволены Павал Вінаградаў, якога са сьнежня 2023 году да вызваленьня ў верасьні 2025 году ўтрымлівалі ў той жа горадзенскай турме.
«Так, было, што падсаджваюць у камэру вязьня, які мае заданьне цябе выводзіць з псыхічнай раўнавагі. Чалавек мне потым сам прызнаўся, што ў яго заданьне ад апэратыўнікаў. А было і так, што з суседам немагчыма сядзець побач празь ягоную псыхічную хваробу. Адзін сусед увесь час бесьперапынна размаўляў, а спаў мінімум, давялося памучыцца. Па мне такі ціск нават горшы, чым катаваньні», — расказаў Павал Вінаградаў.
Былая зьняволеная ў жаночай калёніі № 4 Тацяна расказала праваабаронцам «Вясны» пра ўласны досьвед знаходжаньня ў ШЫЗА.
«Пяць сутак я ня спала нармальна. У мяне была некалькі разоў сытуацыя: я проста стаяла, заплюшчвала на сэкунду вочы і разумела, што падаю. Гэта значыць, стоячы я засынала і пачынала падаць. Добра, што спрацоўваў інстынкт, і я ня ўпала на гэты бэтон», — згадала Тацяна пра тое, што з ёй адбывалася ў 2025 годзе.
Юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва на падставе апытаньняў былых зьняволеных дадае іншыя чыньнікі, празь якія людзей за кратамі пазбаўляюць сну. Гэта яркае сьвятло ўначы, шум, допыты, пастаянныя праверкі, перапоўненыя камэры або адсутнасьць спальнага месца.
«Гэта таксама пазбаўляе чалавека магчымасьці спаць, а значыць, ня толькі фізычна вымотвае, але і разбурае псыхіку, што прызнаецца формай катаваньня», — зазначае юрыстка.
Адмова ў леках або лячэньні
Недаступнасьць мэдыцынскай дапамогі — яшчэ адна, паводле праваабаронцаў «Вясны», сыстэмная практыка ў беларускіх месцах няволі.
Павал Севярынец у інтэрвію Свабодзе расказаў пра шклоўскую калёнію і асабліва наракаў на парадкі выдачы лекаў зьняволеным.
«Парадак такі, што лекі можаш атрымаць, калі ідзеш на працу. Але ў цэх зь лекамі не пускаюць, даводзіцца іх здаваць, толькі пасьля працы могуць не вярнуць. А калі блістэр неяк пранясеш на працу, дык назад калі ідзеш, могуць знайсьці, бо праходзіш праз мэталашукальнік. А любое парушэньне караецца пакараньнем у ШЫЗА. То бок цябе фактычна трымаюць на кручку гэтымі парадкамі зь лекамі», — мяркуе Павал Севярынец.
Паводле Паўла Вінаградава, ён у ваўкавыскай калёніі таксама зьведаў ціск пазбаўленьнем сну.
«Першы раз было, калі я захварэў на сухоты. Давалі адмысловыя таблеткі, ад якіх потым хацелася спаць. Калі быў у атрадзе, дык там меў законны „ціхі час“ цягам дзьвюх гадзінаў. Але як трапіў у ШЫЗА, дык гэтага ніхто ня ўлічваў. Аднойчы выпіў таблетку і адчуваю, што зараз павалюся, дык лёг на падлогу. Прыбягае кантралёр, загадвае падняцца, а ў мяне сілаў няма. Склалі пратакол і дадалі 10 дзён ШЫЗА — за сон праз таблетку», — згадаў Павал Вінаградаў.
Таксама былы палітвязень мае досьвед помсты яму ў выглядзе ненаданьня мэдычнай дапамогі. Адбывалася гэта з прычыны, як ён лічыць, палітычных меркаваньняў.
«Лячыў там зубы, і вось калі знаходзіўся ў ШЫЗА мяне ў кабінэце стаматоляга пабачыў опэр, які адказваў за палітычных. І ўсё — больш ніводнага разу мяне да стаматоляга не вывелі», — зазначыў Вінаградаў.
Былы палітзьняволены Мікалай распавядаў «Вясьне» пра віцебскую калёнію № 3:
«Калі ты захварэў у калёніі, то ты нічога з гэтым ня зробіш, і ніхто табе не дапаможа».
Паводле Мікалая, зьняволеных у ПК-3 прымушаюць працаваць нават з высокай тэмпэратурай.
Мікалай узгадвае, што аднойчы яго пры тэмпэратуры ў 40 градусаў не пускалі да лекара і прымусілі ісьці на працу.
«Пасьля карантыну я трапіў у лякарню, яны давалі мне па тры таблеткі анальгіну. Тады была зіма, нам выдалі рыдлёўкі, а яны, як дасьпехі, самі па сабе мо кіляграмаў 20. І ты мусіш прыбіраць сьнег па восем гадзінаў. А потым могуць зрабіць так, што ты па чатыры гадзіны стаіш на марозе проста так. І я там захварэў».
Юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва называе гэта формай сыстэмнага гвалту:
«Чалавек апынаецца цалкам залежным ад сыстэмы ў пытаньнях болю, сну, хранічных захворваньняў і базавага выжываньня, а адсутнасьць дапамогі ператвараецца ў пастаяннае фізычнае і псыхалягічнае зьнясіленьне. Асабліва разбуральнай такая практыка становіцца, калі мэдыцынская дапамога пачынае ўспрымацца не як права, а як прывілей, што залежыць ад пакоры і паводзінаў зьняволенага».
Пастаяннае прыніжэньне
Былая палітзьняволеная, вызваленая і выдвараная зь Беларусі ў сьнежні 2025 году, расказвала праваабаронцам «Вясны» пра жаночую калёнію:
«Пастаяннае прыніжэньне. Любы супрацоўнік можа зрабіць заўвагу ні за што. Я стаяла на працы на адной назе, бо іншая балела, — і супрацоўніца прычапілася да гэтага, не спытаўшы, ці дрэнна мне. Ты пастаянна адчуваеш, што зробіш штосьці ня так і цябе пакараюць».
Сьвятлана Галаўнёва падкрэсьлівае: сыстэматычнае прыніжэньне можа быць формай катаваньня нават безь фізычнага гвалту.
«Калі чалавека прымушаюць прасіць прабачэньняў на камэру, дзякаваць тым, хто яго перасьледуе, або дэманстраваць пакору, гэта накіравана на разбурэньне пачуцьця ўласнай годнасьці і суб’ектнасьці. У такіх практыках важныя ня толькі боль ці страх, а дэманстрацыя таго, што чалавек цалкам пазбаўлены кантролю над сабой, сваім голасам і сваёй публічнай выявай».
Праваабаронцы «Вясны» адзначаюць, што «прыніжэньне, страх, ізаляцыя і поўная залежнасьць чалавека ад сыстэмы становяцца часткай штодзённасьці і формай маральнага катаваньня».
Форум