Трамп заявіў пра энэргетычнае замірэньне паміж Расеяй і Ўкраінай. Зяленскі: «Мы гатовыя»

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што паміж Расеяй і Ўкраінай нібыта пачало дзейнічаць энэргетычнае замірэньне, пра якое, паводле ягоных словаў, «дамовіліся абодва бакі»

«З сёньняшняга дня (11 кастрычніка — РС) неадкладна ўступае ў сілу энэргетычнае замірэньне ў вайне паміж Расеяй і Ўкраінай. Абодва бакі пагадзіліся. Не парушайце яго!» — напісаў Трамп у сацыяльнай сетцы Truth Social.

Ён таксама падзякаваў за ўвагу да гэтага пытаньня, але не паведаміў іншых падрабязнасьцяў дамоўленасьці.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў пра гатоўнасьць Украіны да энэргетычнага замірэньня з Расеяй, аднак падкрэсьліў, што Кіеў не дамаўляўся пра яго пачатак 11 кастрычніка. Пра гэта ён сказаў у камэнтары амэрыканскаму выданьню Axios.

«Абвяшчэньне пра спыненьне агню стала для мяне навіной. Але калі расейцы пагодзяцца на энэргетычнае замірэньне, Украіна таксама пагодзіцца. Калі прэзыдэнт Трамп дамовіўся пра гэта з Пуціным, калі ласка, паведаміце нам, калі пачынаецца замірэньне. Мы гатовыя і прымем яго», — заявіў Зяленскі.

Трамп ужо рабіў падобную заяву 14 верасьня, аднак тады Кіеў і Масква не пацьвердзілі дасягненьня дамоўленасьці. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заяўляў пра гатоўнасьць да ўзаемнага спыненьня ўдараў па энэргетычнай інфраструктуры, калі Расея таксама спыніць атакі.

23 верасьня дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё пасьля сустрэчы з кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым заявіў, што Расея і Ўкраіна зацікаўленыя ў часовым спыненьні ўзаемных удараў па энэргетычнай інфраструктуры і аб’ектах, зьвязаных з экспартам сельскагаспадарчай прадукцыі.

Раней Рубіё адзначаў, што пагадненьня аб энэргетычным замірэньні пакуль няма, хоць такая дамоўленасьць была б «цалкам лягічнай».

Лаўроў, у сваю чаргу, заявіў, што Расея ня будзе прыпыняць так званую «спэцыяльную ваенную апэрацыю» дзеля перамоваў у любым фармаце.

22 верасьня пасьля перамоваў з Трампам Зяленскі заявіў, што Ўкраіна гатовая да любога фармату энэргетычнага замірэньня з Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі назваў умову спыненьня ўкраінскіх удараў па расейскіх НПЗ