Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў, што дамовіўся з Пуціным пра пастаўку мільёнаў тонаў расейскага дызэлю на сусьветны рынак

Дональд Трамп, Уладзімір Пуцін. Каляж
Дональд Трамп, Уладзімір Пуцін. Каляж

Міністэрства фінансаў ЗША 9 кастрычніка выдала генэральную ліцэнзію № 135, якая дазваляе апэрацыі з дызэльным палівам расейскага паходжаньня, раней забароненыя амэрыканскімі санкцыямі.

Дакумэнт апублікаваў у X журналіст Алекс Раўфоглу.

Ліцэнзія Ўправы кантролю за іншаземнымі актывамі дазваляе продаж, пастаўкі, разгрузку і імпарт расейскага дызэльнага паліва, у тым ліку на тэрыторыю ЗША. Дазвол дзейнічае да 7 красавіка 2027 году.

Пры гэтым ліцэнзія не дазваляе залічваць сродкі на рахункі Цэнтральнага банку Расеі, Фонду нацыянальнага дабрабыту або Міністэрства фінансаў Расеі ў амэрыканскіх фінансавых установах.

Трамп паведаміў пра пасьпяховую размову з Пуціным

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што правёў «вельмі пасьпяховую» тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, падчас якой бакі дамовіліся пра пастаўкі расейскага дызэльнага паліва на сусьветныя рынкі. Неўзабаве пасьля гэтага Міністэрства фінансаў ЗША выдала часовую ліцэнзію, якая дазваляе апэрацыі з расейскім дызэльным палівам, раней забароненыя амэрыканскімі санкцыямі.

Паводле Трампа, Пуцін пагадзіўся неадкладна паставіць больш за 300 тысяч тон дызэльнага паліва, яшчэ 500 тысяч тон — у лістападзе, затым мільён тон, а пазьней яшчэ тры мільёны тон з улікам стану расейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Такім чынам, гаворка ідзе агулам амаль пра пяць мільёнаў тонаў паліва. Тэрміны і ўмовы паставак амэрыканскі прэзыдэнт не ўдакладніў.

Трамп зьвязаў дамоўленасьць з намерам зьнізіць сусьветныя цэны на дызэльнае паліва. Паводле яго, дзякуючы кантролю ЗША над Армускай пратокай і аднаўленьню расейскіх паставак цэны будуць хутка зьніжацца.

«Зьніжэньне цэнаў для амэрыканцаў, асабліва для нашых выдатных фэрмэраў, жывёлаводаў і дальнабойнікаў, — мой галоўны прыярытэт», — напісаў прэзыдэнт ЗША.

Крэмль заявіў пра станоўчы ўплыў на сусьветную эканоміку

Расейскі бок пацьвердзіў гатоўнасьць пастаўляць нафту і нафтапрадукты на амэрыканскі і сусьветны рынкі. У паведамленьні Крамля гаворыцца, што гэта павінна станоўча паўплываць на сусьветную эканоміку. Пры гэтым канкрэтныя аб'ёмы і тэрміны паставак, названыя Трампам, расейскі бок не пацьвердзіў.

Паводле Крамля, значную ўвагу падчас размовы прэзыдэнты надалі пэрспэктывам урэгуляваньня вайны ва Ўкраіне. Яны таксама абмеркавалі сытуацыю вакол Ірану і розныя аспэкты расейска-амэрыканскіх стасункаў.

Бакі дамовіліся працягваць асабістыя кантакты, а таксама ўзаемадзеяньне паміж прэзыдэнцкімі адміністрацыямі, спэцслужбамі і іншымі ведамствамі, расказалі ў Крамлі.

Зяленскі: «Гэта інвэстыцыя ў вайну»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі раскрытыкаваў рашэньне ЗША. Паводле яго, аслабленьне санкцыйнага ціску без дамоўленасьцяў пра дээскаляцыю дазволіць Расеі працягваць вайну.

«Міру дзякуючы слабасьці ніколі не бывае. Сёньня ў Кіеве былі прадстаўнікі Кангрэсу ЗША — двухпартыйная дэлегацыя, і я ўдзячны ім за візыт ва Ўкраіну ў такі складаны час. Яны спыталі: “Што патрэбна, каб скончыць вайну?” Адказ мусіць быць моцным. Мусяць быць санкцыі паводле закону Ліндсі Грэма, мусіць быць падтрымка Ўкраіны ў абароне жыцьця, і мусіць быць ціск на Расею за вайну. І сёньня адбылася размова лідэраў Амэрыкі і Расеі. Размова, якая вядзе да іншага», — напісаў Зяленскі ў Тэлеграме.

Ён таксама згадаў нядаўняе эўрапейскае рашэньне аб зьняцьці санкцыяў з расейскіх алігархаў, падкрэсьліўшы, што пасьля такіх паслабленьняў Расея толькі ўзмацніла ўдары па Ўкраіне.

«Расейцы такім тэрорам кампэнсуюць сваю няздольнасьць дасягнуць пастаўленых перад імі мэтаў на фронце. Сёлета Расея на фронце слабейшая, чым у любы іншы час вайны. Менавіта таму Пуцін робіць стаўку на тэрор. Менавіта таму ён робіць стаўку на спробы кулюарных дамоўленасьцяў пра тое ці іншае аслабленьне ціску на Расею, каб выйграць яшчэ час і магчымасьці для вайны», — заявіў Зяленскі.

Паводле яго, Украіна гатовая да ўзаемных крокаў у кірунку дээскаляцыі з Расеяй і заклікае ЗША дапамагчы дасягнуць такога кампрамісу.

«Нашыя ўдары па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах і іншых нафтавых аб’ектах — гэта адказ Расеі на ейную ўжо шматгадовую кампанію тэрору супраць украінскай энэргетыкі. Украіна ня будзе паліць расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы, калі Расея ня будзе разбураць нашую энэргетыку», — адзначыў прэзыдэнт Украіны.

Ён дадаў, што Украіна чакае ад Злучаных Штатаў «моцнай, а не слабой» размовы з Расеяй.

«Падарункі Пуціну не прынясуць міру і ніякай карысьці цывілізаванаму сьвету. Расея “аддзячыць” за дызэль далейшым тэрорам і подласьцямі. Дазвол Расеі прадаваць нафтапрадукты — гэта інвэстыцыя ў вайну, якую трэба скончыць, а не працягваць», — падкрэсьліў Зяленскі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG