Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы Ўкраіны з ЗША і Эўразьвязам у Маямі датэрмінова спыніліся

Уладзімір Зяленскі і Стыў Віткаф 6 верасьня 2026 году
Уладзімір Зяленскі і Стыў Віткаф 6 верасьня 2026 году

Другога дня перамоваў ня будзе. Прычынай можа быць рашэньне Трампа дазволіць імпарт расейскага дызэлю, чым вельмі незадволеныя ў Кіеве, называючы гэта ўнёскам у працяг вайны.

Перамовы аб спыненьні вайны Расеі супраць Украіны, якія праходзілі ў Маямі, ЗША, паміж прадстаўнікамі Ўкраіны, ЗША і Эўразьвязу, завяршыліся 9 кастрычніка, хоць плянавалася, што яны будуць доўжыцца два дні, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода Алекс Раўфоглу.

«Другога дня ня будзе», — паведамілі журналісту крыніцы.

Пасланец прэзыдэнта ЗША Стыў Віткаф напісаў у X, што перамовы былі «канструктыўнымі» і засяроджваліся на магчымых шляхах дээскаляцыі і спыненьня вайны, энэргетычнай бясьпецы зімой, гарантыях бясьпекі і аднаўленьні Ўкраіны.

«Дыскусія была плённай і дапамагла вызначыць напрамкі далейшай працы да наступнага кантакту ЗША з Расеяй», — адзначыў Віткаф.

Што адбылося?

У час перамоваў трох бакоў у Маямі прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп паведаміў пра тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным, зь якім дамовіўся пра ўгоду паставак расейскага дызэлю на рынкі.

Міністэрства фінансаў ЗША выдала генэральную ліцэнзію, якая дазваляе апэрацыі, зьвязаныя з продажам, пастаўкай, разгрузкай і імпартам дызэльнага паліва расейскага паходжаньня, да 7 красавіка 2027 году.

Паводле Трампа, Пуцін пагадзіўся неадкладна паставіць больш за 300 тысяч тон дызэльнага паліва, яшчэ 500 тысяч тон — у лістападзе, затым мільён тон, а пазьней яшчэ тры мільёны тон з улікам стану расейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Такім чынам, гаворка ідзе агулам амаль пра пяць мільёнаў тонаў паліва. Тэрміны і ўмовы паставак амэрыканскі прэзыдэнт не ўдакладніў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі раскрытыкаваў рашэньне ЗША. Паводле яго, аслабленьне санкцыйнага ціску без дамоўленасьцяў пра дээскаляцыю дазволіць Расеі працягваць вайну.

«Міру дзякуючы слабасьці ніколі не бывае. Сёньня ў Кіеве былі прадстаўнікі Кангрэсу ЗША — двухпартыйная дэлегацыя, і я ўдзячны ім за візыт ва Ўкраіну ў такі складаны час. Яны спыталі: “Што патрэбна, каб скончыць вайну?” Адказ мусіць быць моцным. Мусяць быць санкцыі паводле закону Ліндсі Грэма, мусіць быць падтрымка Ўкраіны ў абароне жыцьця, і мусіць быць ціск на Расею за вайну. І сёньня адбылася размова лідэраў Амэрыкі і Расеі. Размова, якая вядзе да іншага», — напісаў Зяленскі ў Тэлеграме.


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG