Пастаўскі раённы савет дэпутатаў ухваліў рашэньне аб ліквідацыі вёскі Крыўка Варапаеўскага сельсавету Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці.
Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі дакумэнце, рашэньне ўхвалілі 22 верасьня. Яно набыла юрыдычную моц з даты афіцыйнай публікацыі — 9 кастрычніка.
Цяпер у Варапаеўскім сельсавеце засталося 52 населеныя пункты.
Крыўка была зусім маленькай вёскай і мела ўсяго некалькі двароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Гомельскай вобласьці зьліквідавалі яшчэ адну вёску. Там не было жыхароў з 2019 годуЧаму гэта важна
Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, з 2021 па 2025 год лік населеных пунктаў у дзяржаве зьменшыўся з 23 250 да 23 190.
Дзяржаўнае прадпрыемства «Белгеадэзія», якое вядзе ўлік зямлі і адпаведна пералік населеных пунктаў, паведаміла, што на пачатак 2026 году ў краіне налічвалася ўжо 23 173 населеныя пункты, у тым ліку 115 гарадоў, 85 пасёлкаў гарадзкога тыпу і 22 972 вёскі. Такім чынам, толькі за апошні год лік населеных пунктаў паменела на 18 — з 23 190 у 2025 годзе да 23 173 на пачатак 2026 году.
За апошнія 9 гадоў найбольш населеных пунктаў зьліквідавалі ў Віцебскай вобласьці, на другім месцы — Гомельская, трэцяе месца падзялілі Менская і Магілёўская вобласьці. У Берасьцейскай вобласьці летась зьнікла найменш населеных пунктаў.
Аляксандр Лукашэнка сярод іншага заяўляў, што сваёй задачай бачыць «выратаваньне беларускай вёскі». Пра гэта ён казаў у прыватнасьці летась 18 сьнежня на Ўсебеларускім народным сходзе. Лукашэнка не выключае, што для разьвязаньня праблемы адтоку людзей з рэгіёнаў будзе ўстаноўлены ліміт на ўвод новага жыльля ў Менску — ня больш за 300 тысяч квадратных мэтраў за год.
Улады Беларусі ня раз заяўлялі, што трэба падтрымаць жыхароў вёскі, на што была скіраваная дзяржаўная праграма разьвіцьця аграгарадкоў, будаўніцтва ў вёсках жыльля, сацыяльных і гаспадарчых аб’ектаў, фэрмаў. Але спад долі сельскага насельніцтва надалей працягваецца.