Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі дакумэнце, рашэньне ўхвалілі ў межах паўнамоцтваў мясцовых саветаў дэпутатаў, прадугледжаных законам аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным ладзе Рэспублікі Беларусь.
Цяпер у Гомельскай вобласьці 2 276 населеных пунктаў.
Што вядома пра вёску
Вёска Пірэвічы знаходзіцца за 24 кілямэтры ад Жлобіну, за 72 кілямэтры ад Гомля і за 6 кілямэтраў ад чыгуначнай станцыі Мормаль на кірунку Жлобін — Каленкавічы.
Населены пункт у 1920 годзе заснавалі перасяленцы з суседніх вёсак на былых панскіх землях. У 1931 годзе жыхары ўступілі ў калгас.
У 1959 годзе ў вёсцы было 77 жыхароў, а ў 2004-м засталася толькі адна гаспадарка і два жыхары. У 2019 годзе з вёсцы ўжо не было ніводнага жыхара.
Чаму гэта важна
Згодна зь зьвесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, з 2021 году лік населеных пунктаў зьменшыўся з 23 250 да 23 190 у 2025 годзе.
Дзяржаўнае прадпрыемства «Белгеадэзія», якое вядзе ўлік зямлі і адпаведна пералік населеных пунктаў, паведаміла, што на пачатак 2026 году ў краіне налічвалася ўжо 23 173 населеныя пункты, у тым ліку 115 гарадоў, 85 пасёлкаў гарадзкога тыпу і 22 972 вёскі. Такім чынам, толькі за апошні год лік населеных пунктаў скараціўся на 18 — з 23 190 у 2025 годзе да 23 173 на пачатак 2026 году.
За апошнія 9 гадоў найбольш зьліквідавалі населеных пунктаў у Віцебскай вобласьці, на другім месцы — Гомельская, трэцяе месца падзялілі Менская і Магілёўская вобласьці. У Берасьцейскай вобласьці летась зьнікла найменш населеных пунктаў.
Аляксандр Лукашэнка сярод іншага заяўляў, што сваёй задачай бачыць «выратаваньне беларускай вёскі». Пра гэта ён казаў у прыватнасьці летась 18 сьнежня на Ўсебеларускім народным сходзе. Лукашэнка не выключае, што для вырашэньня праблемы з адтокам людзей з рэгіёнаў будзе ўстаноўлены ліміт на ўвод новых мэтраў жыльля ў Менску — ня больш за 300 тысяч за год.
Беларускія ўлады ня раз заяўлялі, што трэба падтрымаць жыхароў вёскі, на гэта была скіраваная дзяржаўная праграма разьвіцьця аграгарадкоў, будаўніцтва ў вёсках жыльля, сацыяльных і гаспадарчых аб’ектаў, фэрмаў. Але ў краіне надалей працягваецца спад долі сельскага насельніцтва.
Форум