У Латвіі дэпутатам самакіраваньняў забаранілі езьдзіць у Беларусь

Дэпутатам органаў мясцовага самакіраваньня Латвіі забаранілі выяжджаць у Беларусь і Расею. Такое рашэньне прыняў 8 кастрычніка парлямэнт Латвіі ў канчатковым чытаньні. Забарона распаўсюджваецца і на транзытны праезд.

Старшыня Камісіі па абароне Раймандс Бэргманіс раней тлумачыў, што мясцовыя дэпутаты займаюць важнае месца ў сыстэме грамадзянскай абароны:

«Цяпер рызыкі для бясьпекі вялікія, асабліва ў памежжы, дзе вядзецца ўладкаваньне мяжы і вырашаюцца важныя пытаньні абароны.

У кожным самакіраваньні ёсьць плян грамадзянскай абароны, і дэпутаты самакіраваньняў — частка гэтай сыстэмы. Таму важна не дапускаць сытуацыяў, калі асобы, якія маюць доступ да інфармацыі, зьвязанай зь бясьпекай, або адыгрываюць істотную ролю ў кіраваньні крызісамі, могуць трапіць у сфэру ўплыву Расеі ці Беларусі», — казаў Бэргманіс.

«Закон пра абмежаваньне захадаў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы» быў прыняты 12 чэрвеня 2025 году. Патрэба ў ім тлумачылася ўзмацненьнем выведнай дзейнасьці Расеі і Беларусі, для якой «ім можа спатрэбіцца кожны грамадзянін Латвіі, які перасек мяжу гэтых дзяржаваў».

Закон забараніў выезд у Беларусь і Расею

  1. асобам, якім выдадзены спэцыяльны дазвол на доступ да дзяржаўнай таямніцы;
  2. асобам, адказным за бясьпеку крытычнай інфраструктуры;
  3. асобам, якія працуюць у Міністэрстве абароны, Міністэрстве ўнутраных справаў, Міністэрстве юстыцыі або ва ўстановах, падпарадкаваных адпаведным міністэрствам ці міністрам, на вайсковых аб’ектах, у Бюро прадухіленьня і барацьбы з карупцыяй або ў Падатковай і мытнай паліцыі; асабоваму складу Нацыянальных узброеных сілаў, а таксама службовым асобам мытні, якія працуюць у Службе дзяржаўных даходаў;
  4. асобам, якія працуюць на дыпляматычнай або консульскай службе;
  5. асобам, якія працуюць у судовых установах або органах пракуратуры;
  6. дэпутатам Сэйму;
  7. асобам, зь якімі Сэйм заключыў працоўныя праваадносіны на нявызначаны тэрмін;
  8. а цяпер — і дэпутатам мясцовых органаў самакіраваньня.

Латвійскія ўлады лічаць, што паездкі ў Расею і Беларусь надзвычай небясьпечныя.

Магчымасьці Латвіі дапамагчы грамадзянам краіны, якія трапілі ў цяжкую сытуацыю ў гэтых краінах, вельмі абмежаваныя, адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы латвійскага парлямэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гвалт на мяжы Беларусі і Латвіі: ці можа міграцыйны крызіс прывесьці да ўзброенага сутыкненьня?

Напачатку гэтага тыдня абвастрылася сытуацыя на беларуска-латвійскай мяжы

Як паведамілі напярэдадні Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі, на гэтым тыдні група як найменей з 20 мігрантаў пад кіраўніцтвам людзей у масках спрабавала незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу Латвіі.

Латвійскія вайскоўцы спынілі гэтую спробу, аднак, у адрозьненьне ад папярэдніх выпадкаў, гэтым разам правакацыя мела асабліва дэманстратыўны і агрэсіўны характар, адзначаецца ў паведамленьні. Людзі, якія суправаджалі мігрантаў, былі ўзброеныя і пагражалі латвійскім вайскоўцам, а таксама актыўна падганялі мігрантаў у бок Латвіі.

Празь некалькі гадзінаў пасьля гэтага здарэньня людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі разьмеркавальную электрычную шафу і скралі камэры назіраньня. Яшчэ да прыбыцьця нараду памежнікаў яны вярнуліся на тэрыторыю Беларусі, паведаміў міністар унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава ў X.

«Беларусі варта разумець, што падобныя выпадкі могуць прывесьці да больш сур’ёзных наступстваў для самой Беларусі», — зазначыў ён.

Пазьней кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуятс заявіў агенцтву LETA, што нападнікі ў масках, магчыма, не былі прадстаўнікамі беларускіх дзяржаўных службаў, а належалі да злачынных груповак, якія карыстаюцца тым, што беларускія ўлады глядзяць на парушэньне мяжы мігрантамі скрозь пальцы, перадае LRT.

Ён дадаў, што апошнім часам спробаў паламаць назіральнае абсталяваньне на мяжы стала больш, з чаго можна зрабіць выснову, што інцыдэнт, які адбыўся напярэдадні, быў ня першым з падобных.

На дзяржканале ў Беларусі назвалі інцыдэнт фэйкам

Тым часам у эфіры афіцыйнага беларускага тэлеканалу «Першы інфармацыйны» вядоўца зачытала тэкст, у якім паведамленьне латвійскіх службаў называецца фэйкам і «інфармацыйнай апэрацыяй». Маўляў, Латвія не падала доказаў нападу на памежную інфраструктуру і пагрозаў памежнікам узброенымі людзьмі ў масках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзяржсакратар ЗША адзначыў гатоўнасьць Рыгі да ўзаемадзеяньня зь Менскам у пытаньні нелегальнай міграцыі

Чаму гэта важна

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў уважаюць яго за «гібрыдную атаку», арганізаваную рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Эўразьвяз празь Беларусь, бо тых туды нібыта «паклікалі», а сам ЭЗ «душыць» Менск санкцыямі.

Улады суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў Эўразьвязу разглядаюць нелегальную міграцыю церазь усходнюю мяжу як інструмэнт гібрыднага ціску.

Міністар унутраных справаў Латвіі Яніс Домбрава 11 жніўня заявіў, што арганізацыя плыняў нелегальнай міграцыі церазь беларуска-латвійскую мяжу — адна з формаў гібрыднай вайны. Ён таксама падкрэсьліў, што «Расея выкарыстоўвае Беларусь для гібрыдных атак».

У 2026 годзе Латвія стала найбольш актыўным кірункам мігранцкага крызісу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гэта частка шырэйшай стратэгіі. Сыбіга і Ціханоўская адрэагавалі на інцыдэнт на мяжы Латвіі і Беларусі