Стала вядома імя яшчэ аднаго беларуса, які трапіў ва ўкраінскі палон. Ён пайшоў на вайну праз адсутнасьць працы

Расейскія салдаты. Ілюстрацыйнае фота

Цяпер вядомыя імёны 21 з 22 беларусаў, якія знаходзяцца ва ўкраінскім палоне.

Ураджэнец Гомля, 40-гадовы грамадзянін Беларусі Дзьмітры Б. трапіў ва ўкраінскі палон сёлета ў ліпені на ліманскім кірунку ў Данецкай вобласьці Ўкраіны.

Як паведамілі Свабодзе ва ўкраінскім дзяржаўным праекце «Хачу знайсьці», ён праваяваў некалькі месяцаў.

Кантракт ён падпісаў сёлета ў красавіку ў Бранску, дзе жыў зь сям’ёй і працаваў на мясцовым машынабудаўнічым заводзе, але трапіў пад скарачэньне. Праз адсутнасьць працы падпісаў кантракт і ваяваў у складзе 37-га асобнага мотастралковага палка, які ўваходзіць у склад 25-й агульнавайсковай арміі Расеі (вайсковая частка 12273).

Як Дзьмітры Б. сам расказаў украінскім вайскоўцам, яго ў складзе групы з 5 чалавек накіравалі ў Ліман, але ён адзіны, хто змог выжыць. Яго чакаюць жонка і двое сыноў: малодшаму паўтара году, а старэйшаму —14 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Два тыдні навучаньня і пяць дзён на вайне. Стала вядома пра яшчэ аднаго беларуса, які трапіў ва ўкраінскі палон

Колькі беларусаў знаходзяцца ва ўкраінскім палоне

Сёлета ў ліпені ў Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны назвалі колькасьць грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі і трапілі ва ўкраінскі палон.

«На ліпень 2026 году ў месцах утрыманьня ваеннапалонных ва Ўкраіне знаходзяцца 22 грамадзяніны Беларусі. Пачынаючы з 2022 году, сямёх беларусаў, якія мелі таксама і расейскае грамадзянства, абмянялі на грамадзян Украіны, якія знаходзіліся ў расейскім палоне», — паведаміў кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу Багдан Ахрыменка ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.

Да гэтага былі вядомыя прозьвішчы 19 беларусаў, якія трапілі ва ўкраінскі палон. З улікам Дзьмітрыя Б. цяпер вядомыя імёны 21 палоннага беларуса.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве назвалі лік узятых у палон беларусаў і паведамілі дэталі перамоваў пра абмен Іны Кардаш

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.

За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі зноў правялі абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, беларусаў сярод іх не было