Дзяржсакратар ЗША адзначыў гатоўнасьць Рыгі да ўзаемадзеяньня зь Менскам у пытаньні нелегальнай міграцыі

Марк Рубіё

Сур’ёзным выклікам бясьпецы назваў нелегальную міграцыю на мяжы зь Беларусьсю дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё ў афіцыйным лісьце міністарцы замежных справаў Латвіі Байбе Бражэ, перадае «Позірк».

Фота ліста яна апублікавала у сацыяльнай сетцы X.

Зь яго вынікае, што Бражэ зьвярталася да ўладаў ЗША наконт сытуацыі на латвійска-беларускай мяжы.

«Злучаныя Штаты высока цэняць вашу прыхільнасьць справе кантролю за сваімі нацыянальнымі межамі і вашу гатоўнасьць узаемадзейнічаць у гэтым пытаньні зь беларускімі ўладамі, — заявіў Рубіё. — Дзякую вам за ўзаемадзеяньне з маёй камандай, якая адказвае за справы [Беларусі], і са спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта <…> Джонам Коўлам».

Латвія, паводле яго, зьяўляецца надзейным саюзьнікам ЗША па NATO. Вашынгтон цэніць унёсак Рыгі ў «дасягненьне агульных мэтаў бясьпекі ў рэгіёне».

Байба Бражэ, архіўнае фота

«Мы цесна супрацоўнічаем з адміністрацыяй ЗША ў барацьбе зь нелегальнай міграцыяй і іншымі пагрозамі на нашых межах. Гэта ўмацоўвае ўвесь NATO. Дзякуй дзяржсакратару Марка Рубіё і спэцыяльнаму пасланьніку ў Беларусі Джону Коўлу за падтрымку», — пракамэнтавала ліст Рубіё Байба Бражэ.

Разам з тым, афіцыйныя асобы Латвіі не заяўлялі пра гатоўнасьць да кантактаў зь беларускімі ўладамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Латвія хоча дазволіць памежнікам страляць. Гуцэрыеў і Шаўцоў — бяз санкцый. Касьмічная турыстка стала маці. Відэанавіны 7 кастрычніка

Публікацыя ліста Рубіё адбылася на фоне эскаляцыі на мяжы

Як паведамілі напярэдадні Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі, на гэтым тыдні група як найменей з 20 мігрантаў пад кіраўніцтвам людзей у масках спрабавала незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу Латвіі.

Латвійскія вайскоўцы спынілі гэтую спробу, аднак, у адрозьненьне ад папярэдніх выпадкаў, гэтым разам правакацыя мела асабліва дэманстратыўны і агрэсіўны характар, адзначаецца ў паведамленьні. Людзі, якія суправаджалі мігрантаў, былі ўзброеныя і пагражалі латвійскім вайскоўцам, а таксама актыўна падганялі мігрантаў у бок Латвіі.

Празь некалькі гадзінаў пасьля гэтага здарэньня людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі разьмеркавальную электрычную шафу і скралі камэры назіраньня. Яшчэ да прыбыцьця нараду памежнікаў яны вярнуліся на тэрыторыю Беларусі, паведаміў міністар унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава ў X.

«Беларусі варта разумець, што падобныя выпадкі могуць прывесьці да больш сур’ёзных наступстваў для самой Беларусі», — зазначыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гэта частка шырэйшай стратэгіі. Сыбіга і Ціханоўская адрэагавалі на інцыдэнт на мяжы Латвіі і Беларусі

Пазьней кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуятс заявіў агенцтву LETA, што нападнікі ў масках, магчыма, не былі прадстаўнікамі беларускіх дзяржаўных службаў, а належалі да злачынных груповак, якія карыстаюцца тым, што беларускія ўлады глядзяць на парушэньне мяжы мігрантамі скрозь пальцы, перадае LRT.

Ён дадаў, што апошнім часам спробаў паламаць назіральнае абсталяваньне на мяжы стала больш, з чаго можна зрабіць выснову, што інцыдэнт, які адбыўся напярэдадні, быў ня першым з падобных.

На дзяржканале ў Беларусі назвалі інцыдэнт фэйкам

Тым часам у эфіры афіцыйнага беларускага тэлеканалу «Першы інфармацыйны» вядоўца зачытала тэкст, у якім паведамленьне латвійскіх службаў называецца фэйкам і «інфармацыйнай апэрацыяй». Маўляў, Латвія не падала доказаў нападу на памежную інфраструктуру і пагрозаў памежнікам узброенымі людзьмі ў масках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гвалт на мяжы Беларусі і Латвіі: ці можа міграцыйны крызіс прывесьці да ўзброенага сутыкненьня?

Чаму гэта важна

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў уважаюць яго за «гібрыдную атаку», арганізаваную рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Эўразьвяз празь Беларусь, бо тых туды нібыта «паклікалі», а сам ЭЗ «душыць» Менск санкцыямі.

Улады суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў Эўразьвязу разглядаюць нелегальную міграцыю церазь усходнюю мяжу як інструмэнт гібрыднага ціску.

Міністар унутраных справаў Латвіі Яніс Домбрава 11 жніўня заявіў, што арганізацыя плыняў нелегальнай міграцыі церазь беларуска-латвійскую мяжу — адна з формаў гібрыднай вайны. Ён таксама падкрэсьліў, што «Расея выкарыстоўвае Беларусь для гібрыдных атак».

У 2026 годзе Латвія стала найбольш актыўным кірункам мігранцкага крызісу.