Хроніка перасьледу 7 кастрычніка: гульца аматарскай футбольнай лігі асудзілі за «экстрэмізм»

Менскі гарадзкі суд. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных прычын у Беларусі.

Менскі гарадзкі суд асудзіў 42‑гадовага Дзьмітрыя Бакея за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 артыкулу 361‑4 Крымінальнага кодэксу) на «хатнюю хімію».

Як паведаміла выданьне «Наша ніва», Дзьмітры Бакей пасьля школы паступіў у Менскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж (МГВРК), які скончыў у 2004 годзе. Потым ён прадоўжыў адукацыю ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. У 2007 годзе атрымаў дыплём на катэдры электронных вылічальных сродкаў факультэту кампутарнага праектаваньня. У яго ёсьць жонка і дачка.

Мужчына захапляецца спортам. Цягам некалькіх гадоў ён рэгулярна выступаў у Аматарскай футбольнай лізе (АЛФ) па міні-футболе.

Згодна з інфармацыяй праваабарончага цэнтру «Вясна» Дзьмітрыя Бакея 25 верасьня 2026 году ўключылі ў пералік грамадзян Беларусі, іншаземных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У пракуратуры заявілі аб зьмяншэньні ліку «экстрэмісцкіх» злачынстваў

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 7 кастрычніка 2026 году прызнаў палітвязьнямі 885 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 933.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кубракоў расказаў, колькі чалавек затрымалі ў краінах СНД на запыт Менску і як наркотыкі трапляюць у Беларусь

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.

Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».