Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пракуратуры заявілі аб зьмяншэньні ліку «экстрэмісцкіх» злачынстваў

Дзьмітры Гара. Архіўнае фота
Дзьмітры Гара. Архіўнае фота

Генэральны пракурор Беларусі Дзьмітры Гара заявіў аб эфэктыўным супрацьдзеяньні сваіх падначаленых «экстрэмізму».

«Забясьпечана актыўная работа ў расьсьледаваньні экстрэмісцкіх злачынстваў, выяўленьні і прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці вінаватых асобаў», — працытавала яго дзяржаўнае агенцтва БелТА.

У справаздачы перад дзьвюма палатамі Нацыянальнага сходу Дзьмітры Гара паведаміў, што за 1,5 году пракуроры падтрымалі дзяржаўнае абвінавачаньне супраць 2,5 тысяч асобаў.

«Праваахоўныя органы прымаюць захады ў прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці ўсіх асобаў, якія ўчынілі экстрэмісцкія і тэрарыстычныя злачынствы з 2020 году», — заявіў генэральны пракурор Беларусі.

Паводле яго, з 2022 году ў суды ў выніку завочнага вядзеньня накіравалі справы супраць больш як 150 асобаў, якія «схаваліся за межамі Беларусі».

Сярод сваіх дасягненьняў Гара назваў прызнаньне Аб’яднанага пераходнага кабінэту «тэрарыстычнай арганізацыяй», а Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту — «экстрэмісцкай».

Чаму гэта важна

З 2020 году пасьля масавых акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і іх жорсткага разгону сілавікі заводзілі крымінальныя справы супраць іх удзельнікаў, якіх абвінавачвалі ў «беспарадках», «экстрэмізьме» або «спробе захопу дзяржаўнай улады».

Суды і цяпер ледзь не штодня працягваюць разглядаць адпаведныя справы і выносіць выракі людзям, які маюць альтэрнатыўныя ўладзе думкі аб сытуацыі ў дзяржаве.


Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.

Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG