Беларускія ўлады ўзмацняюць ціск на людзей, зьвязаных з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам (ЭГУ), які пасьля вымушанага пераезду зь Беларусі працуе ў Вільні.
Перасьлед закранае ня толькі студэнтаў і іншых прадстаўнікоў унівэрсытэту, якія знаходзяцца за мяжой, але і іх сваякоў у Беларусі. Пра гэта заявіла праваабарончая арганізацыя Amnesty International.
Паводле дырэктаркі Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс, з пачаткам новага навучальнага году кампанія беларускіх уладаў супраць ЭГУ набыла новы трывожны характар.
«Узмацніўся наступ на права на адукацыю, свабоду выказваньня меркаваньняў і акадэмічную свабоду», — адзначыла дырэктарка Amnesty International.
Паводле Amnesty International, апошнім часам паступае ўсё больш паведамленьняў пра ператрусы, допыты, затрыманьні і пагрозы ў Беларусі. У некаторых выпадках, як паведамляецца, ціск чыніцца на сваякоў студэнтаў: ад іх патрабуюць, каб яны пераканалі сваіх блізкіх спыніць навучаньне ў ЭГУ і вярнуцца ў Беларусь.
Улады выкарыстоўваюць ціск і ў дачыненьні да сем’яў студэнтаў, якія знаходзяцца ў Беларусі.
У заяве арганізацыі гаворыцца пра больш за 60 ператрусаў супраць людзей, зьвязаных з ЭГУ, пагрозы абвінавачаньнямі паводле артыкулаў аб «экстрэмізме».
Паводле праваабаронцаў, людзям маглі пагражаць перасьледам нават за дзеяньні, якія адбыліся раней, чым унівэрсытэт быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».
Да 17 жніўня вядома як мінімум пра 175 чалавек, якіх закранула гэтая кампанія.
Amnesty International лічыць, што пашырэньне такой практыкі можа прывесьці да новых формаў перасьледу. Арганізацыя выказала занепакоенасьць магчымасьцю правядзеньня паказальнага «антыэкстрэмісцкага» судовага працэсу над студэнтамі, выпускнікамі, супрацоўнікамі ЭГУ і іх сваякамі.
«Пашырэньне маштабаў гэтых захадаў выклікае занепакоенасьць, што ўлады могуць пайсьці далей», — заявіла Мары Стразэрс.
Што патрабуе Amnesty International
Amnesty International заклікае беларускія ўлады спыніць перасьлед людзей, зьвязаных з ЭГУ, і зьняць з унівэрсытэту ды іншых арганізацый грамадзянскай супольнасьці статус «экстрэмісцкіх арганізацый».
Міжнародную супольнасьць арганізацыя заклікае аказваць ціск на беларускія ўлады, каб яны спынілі наступ на правы чалавека.
Ад Літвы Amnesty International патрабуе апэратыўна і эфэктыўна расследаваць усе паведамленьні пра парушэньні правоў чалавека ў дачыненьні да студэнтаў ЭГУ.
Паводле Мары Стразэрс, сытуацыя вакол ЕГУ паказвае, што беларускія ўлады распаўсюджваюць рэпрэсіўныя практыкі не толькі на саміх студэнтаў і супрацоўнікаў унівэрсытэту, але і на іх блізкіх, якія застаюцца ў Беларусі.
Паводле інфармацыі Свабоды, за апошнія 10 гадоў праз адукацыйныя праграмы і навучаньне ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце прайшлі каля 5000 грамадзян Беларусі.
«Справа ЭГУ»
Пасьля таго, як ЭГУ, які працуе ў Вільні, улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкай арганізацый» сілавікі распачалі масавую крымінальную справу за «садзейнічаньне і фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Па стане на 17 жніўня 2026 года, праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы больш за 110 студэнтаў ЭГУ і іх родных, якіх пачалі перасьледаваць у Беларусі за навучаньне ў гэтым ВНУ.
З пачатку чэрвеня па ўсёй Беларусі разгортваецца маштабны перасьлед, зьвязаны з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам, які ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй» і распачалі крымінальную справу за спрыяньне «экстрэмісцкай дзейнасьці» і яе фінансаваньне. Да людзей прыходзяць з ператрусамі, праводзяць допыты, выклікаюць на размовы ў КДБ.
Паводле інфармацыі Свабоды, фактаў ціску можа быць значна больш, колькасьць фігурантаў крымінальнай справы і ператрусаў расьце. Родныя цяперашніх і былых студэнтаў унівэрсытэту ананімна расказваюць, што супраць іх заводзяць крымінальныя справы за факт аплаты вучобы ў ЭГУ.
Вядома, што справу заводзілі нават за аплату 10-гадовай даўніны. Сілавікі прыходзяць і да бацькоў былых студэнтаў, якія даўно жывуць за мяжой, і абвінавачваюць іх у аплаце навучаньня дзяцей.