Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Экстрэмістак» больш, чым у 2023-м. Марына Золатава расказала пра жанчын, якія застаюцца за кратамі


Марына Золатава, архіўнае фота
Марына Золатава, архіўнае фота

Вызваленая і прымусова вывезеная зь Беларусі галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава зрабіла першы допіс у Фэйсбуку пасьля вызваленьня.

Яна падзякавала ўсім, хто дамагаўся яе вызваленьня, а таксама тым, хто сустракаў вызваленых палітвязьняў ва Ўкраіне і Польшчы. Большую частку допісу Марына Золатава прысьвяціла тым жанчынам, якія застаюцца за кратамі.

«У гомельскай калёніі на вуліцы Антошкіна Новы год сустракалі дзясяткі цудоўных жанчын. Многіх я ведаю асабіста. Многіх, але ня ўсіх. Але ведаю дакладна, што іх месца зусім ня там, а побач зь іх блізкімі. Якія кожны дзень, кожнае імгненьне чакаюць і спадзяюцца. Як і яны самі — чакаюць і спадзяюцца.

Мая цудоўная Міла [Людміла Чэкіна]. Ты і раней была для мяне бясспрэчным аўтарытэтам, а цяпер я табой бязьмерна ганаруся і захапляюся. Самы добры і моцны, самы мілы і пазытыўны чалавек, у якога ў запасе заўсёды знойдзецца прыдатны жарт, вясёлая гісторыя, верш Бродзкага або Цвятаевай (і ня толькі).

Таня Кузіна і Валерыя Касцюгова. У жніўні 2023 году нас разам этапавалі на Антошкіна з Валадаркі. Два тыдні ў карантыне з гэтымі прыгожымі і разумнымі жанчынамі — незабыўна...

Праваабаронца Марфа Рабкова і журналістка Каця Бахвалава (Андрэева). Абедзьве за кратамі знаходзяцца ўжо больш за пяць гадоў. Марфе далі 15 гадоў (!), Каці — «усяго» 8. Каця-Каця-Каця, чаму ты ня ехала з намі ў адным аўтобусе? Загадка.

Анечка Аблаб — чалавек, які можа падбадзёрыць і суцешыць любога. Прамяністыя вочы — гэта менавіта пра Аню. Дома яе чакаюць тры сыны. Тэрмін? 11 гадоў.

Харызматычнай і таленавітай Яне Пінчук далі 12 гадоў. Яна сядзіць ужо больш за чатыры гады.

Ірачка Злобіна. Бачыць яе ўсьмешку — узнагарода. Таксама пяць гадоў за кратамі. А ўсяго тэрмін — дзевяць. У праваабаронцы Насты Лойкі тэрмін паменш — «сямёра». Але яна ўжо паўгоду знаходзіцца на ПКТ [памяшканьні камэрнага тыпу].

Легендарная Воля Брыцікава, так хацелася зь ёй пазнаёміцца. Пазнаёмілася на Антошкіна. Пакуль Воля была ў калёніі, у яе памерла маці. Так, многія даведваліся пра страту блізкіх у калёніі ці ў СІЗА.

70-гадовая Ірына Мельхер, якая атрымала 17 гадоў па «справе Аўтуховіча», кожны дзень зьбіраецца дадому. 17 гадоў! У Ірыны Аляксандраўны праблемы са здароўем. Але яна ўсё роўна застаецца нязломнай аптымісткай. Яе «змоўніца» Любоў Разановіч маладзейшая — ёй 61, і тэрмін ёй адмералі крыху меншы — 15 гадоў.

Наташа Мацьвеева сядзіць з чэрвеня 2021-га, тэрмін — 14 гадоў. Ні пасылак, ні лістоў, ды і грашовыя пераводы пад забаронай — чалавек знаходзіцца ў сьпісе тэрарыстаў.

Цырульнік (ды проста таленавіты чалавек) Насьця Кухта, праграміст Таня Карповіч, юрыст Наташа Лашч, адвакат Насьця Лазарэнка... Даўно ўжо ўсе швачкі, і якія! Зь імі мы пазнаёміліся яшчэ ў СІЗА. І пра кожную можна расказаць шмат добрага. А колькі іншых жанчын!..

Самае сумнае, што ў калёніі застаюцца жанчыны, у тым ліку пэнсіянэркі, якія атрымалі па тры-чатыры гады рэальнага тэрміну за тое, што адпраўлялі пасылкі і лісты палітвязьням, якія знаходзіліся ў СІЗА. Многія з тых, каму яны дапамагалі, ужо на волі, а яны ўсё яшчэ не. Дзьве мае цудоўныя карэспандэнткі ехалі са мной з калёніі ў адным аўтобусе, але іншыя ўсё яшчэ там. Алена Вярбіцкая (70 гадоў), Натальля Ладуцька (61), Ганна Стражэвіч (60)...

Але яшчэ больш сумнае тое, што «экстрэмісткі» працягваюць папаўняць шэрагі жыхарак Антошкіна. Празь пяць з паловай гадоў. Заяжджаюць, напрыклад, за камэнтары, зробленыя ў 2020 годзе. Калі ў 2023 годзе, калі я трапіла ў калёнію, у нас у атрадзе было 10 «экстрэмістак», а да моманту нашага вызваленьня/дэпартацыі — 12».

«Ішоў 2026 год. Год беларускай жанчыны», — завяршае свой допіс Марына Золатава.

Перасьлед Марыны Золатавай

Марыну Золатаву затрымалі 18 траўня 2021 году. У сакавіку 2023-га яе разам з гендырэктарам Людмілай Чэкінай суд пакараў 12 гадамі пазбаўленьня волі. Тэрмін яны адбывалі ў калёніі ў Гомлі.

Паводле «Рэпартэраў бязь межаў», Беларусь займае 4-е месца ў сьвеце ў колькасьці зьняволеных журналістаў. Паводле БАЖ, у зьняволеньні цяпер 28 прадстаўнікоў беларускіх СМІ.

У кастрычніку 2022 году Золатаву, Чэкіну, Лойку і Талкачову КДБ унёс у пералік асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Агулам у «справе Tut.by» былі затрыманыя 15 чалавек. Зь цягам часу агульная колькасьць абвінавачаных скарацілася да пяці (Золатава, Чэкіна, Лойка, Талкачова, Ткачэнка), пазьней пад вартай засталіся двое (Золатава і Чэкіна).

Найбуйнейшы недзяржаўны інтэрнэт-партал Беларусі Tut.by быў разгромлены ўладамі ў траўні 2021 году. Частка каманды, якая засталася на волі, пакінула краіну і ў ліпені таго ж году стварыла праект Zerkalo.io, які прытрымліваецца традыцый Tut.by. У Беларусі і Расеі доступ да сайту заблякаваны. Кантэнт сайту ў Беларусі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Трэцяга сьнежня 2020 году Эканамічны суд Менску пазбавіў партал Tut.by статусу СМІ, 14 чэрвеня 2022 году — прызнаў ТАА «Тут Бай Медыя» «экстрэмісцкай арганізацыяй».

У чэрвені 2023 году Лойка заснавала на эміграцыі аўтарскі мэдыяпраект Plan B, які асьвятляе падзеі ў Беларусі.

Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычныя падзеі ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG