Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кубракоў расказаў, колькі чалавек затрымалі ў краінах СНД на запыт Менску і як наркотыкі трапляюць у Беларусь

Іван Кубракоў
Іван Кубракоў

Міністар унутраных справаў Беларусі ўдзельнічае ў пасяджэньні Савету міністраў унутраных справаў краін СНД, што праходзіць у Таджыкістане.

Міністар унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў заявіў, што на запыт сілавых органаў Беларусі ў краінах СНД затрымалі «160 асобаў, якія ўчынілі супрацьпраўныя дзеяньні на тэрыторыі Беларусі, і знайшлі 45 зьніклых бязь вестак».

Паводле яго, гэта адбывалася ў межах міждзяржаўнай праграмы супольных захадаў у барацьбе з злачыннасьцю на 2024–2028 гады. У той жа час, дадаў Кубракоў, у выніку спэцыяльных комплексных захадаў «Вышук» у Беларусі на запыт краін СНД «затрымалі 111 злачынцаў».

Ніякіх іншых дэталяў ён не агучыў.

Колькі іншаземцаў выправадзілі зь Беларусі

Іван Кубракоў заявіў, што Беларусь «пасьпяхова выконвае задачы, вызначаныя дэклярацыяй аб узгодненай палітыцы краін Садружнасьці».

«У 2026 годзе выявілі прыблізна прыблізна 12 тысяч парушэньняў міграцыйнага заканадаўства, 3 тысячы іншаземных грамадзян выправадзілі за межы краіны, ухвалілі больш за 2 тысячы рашэньняў аб адмове іншаземцам ва ўезьдзе», — сказаў ён.

Кіраўнік МЗС Беларусі таксама канстатаваў «зьмяншэньне ліку выяўленых групаў незаконных мігрантаў».

«Паветраныя балёны з наркотыкамі»

Іван Кубракоў заявіў, што сёлета сілавікі Беларусі сутыкнуліся «з новым спосабам незаконнага перамяшчэньня буйных партыяў цераз заходнія межы нашай краіны — з выкарыстаньнем паветраных мэтэазондаў, аснашчаных сыстэмамі геалякацыі і мабільнай сувязі. Выяўленыя неаднаразовыя выпадкі іх транспартаваньня з Польшчы з мэтай далейшага транзыту ў Расейскую Фэдэрацыю», — заявіў кіраўнік МУС.

Паводле яго, у Горадзенскай вобласьці выявілі больш за 142 кіляграмы наркотыкаў і псыхатропаў, затрымалі асобаў, датычных да іх транспартаваньня.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі. Шмат беларусаў вымушаныя былі выехаць за межы Беларусі.

З 2024 году МУС Расеі аб’яўляе вышук усё большай колькасьці беларусаў. У сьпіс яны трапляюць на запыт Беларусі. Раней у базу трапілі былыя палітвязьні, журналісты, праваабаронцы, аналітыкі, актывісты і палітыкі, людзі культуры, беларускія добраахвотнікі ў вайне Украіны супраць расейскай агрэсіі, блогеры, сваякі палітвязьняў і палітыкаў на эміграцыі і сотні іншых беларусаў.

Апроч таго, менавіта з боку Беларусі пачалі запускаць паветраныя балёны ў кірунку Літвы і Польшчы. Некантраляваныя мэтэазонды падымаюцца на вышыню, на якой рухаюцца самалёты цывільнай авіяцыі, што ўплывае на бясьпеку палётаў і наносіць страты аэрапорту і авіякампаніям. Літоўскія авіяцыйныя ўлады лічаць, што зонды зь Беларусі спэцыяльна запускаюць у зоны, небясьпечныя для авіяцыі.

Заходнія краіны называюць паветраныя балёны і мігранцкі крызіс, створаны Беларусьсю пры ўзаемадзеяньні з Расеяй на мяжы з краінамі Эўразьвязу, гібрыднымі пагрозамі і выклікамі для бясьпекі рэгіёну.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG