Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады абвясьцілі экс-гульцоў зборнай Беларусі ў вышук. Што пра іх вядома

абноўлена
Беларуская зборная на адным з сваіх міжнародных матчаў. Ілюстрацыйнае фота
Беларуская зборная на адным з сваіх міжнародных матчаў. Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі абвясьцілі ў вышук 31-гадовага Мікалая Золатава, колішняга гульца футбольнай зборнай краіны, які цяпер знаходзіцца ў Малдове.

Як паведаміла выданьне «Трыбуна», у вышук яго дадалі 7 ліпеня — шукаюць сілавікі Віцебскай вобласьці нібыта па крымінальнай справе.

Мікалай Золатаў у складзе зборнай Беларусі правёў 14 гульняў, апошні раз у 2021 годзе.

Раней футбаліст трапіў у «чорны сьпіс» колішняга міністра спорту Сяргея Кавальчука праз крытыку ўладаў і асуджэньне вайны ва Ўкраіне.

Але, каб вярнуцца ў зборную і чэмпіянат Беларусі, ён «шчыра раскаяўся».

«Шмат няправільнага і непатрэбнага я сказаў на эмоцыях у мінулыя гады, за што я шчыра раскайваюся. Немагчыма перадаць словамі пачуцьці, якія адчуваеш падчас выкананьня гімну перада пачаткам матчу», — працытавала Золатава выданьне.

У лютым 2022 году футбаліст сустрэў поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне Расеі пад Кіевам. У той час ён граў за клюб «Колас» Кіеўскай вобласьці і выходзіў на поле з украінскім сьцягам. У сакавіку 2022-га футбаліст заклікаў ня верыць лукашэнкаўскаму тэлебачаньню і падтрымліваць украінскі народ.

«Тут, на тэрыторыі Ўкраіны, ідзе вайна. Вайна не з нацыяналістамі і бандэраўцамі. Ідзе генацыд. Ня трэба быць геніем, каб разумець, што Пуцін сваімі загадамі адпраўляе хлопчыкаў паміраць за свае амбіцыі, за свае хваравітыя фантазіі», — пісаў Золатаў на сваёй старонцы ў Instagram. А той свой допіс завершыў словамі «Жыве Беларусь! Слава Украине!». Цяпер тая публікацыя неадступная.

Цяпер фубаліст грае ў камандзе аднаго з футбольных клюбоў Малдовы.

У вышуку яшчэ адзін футбаліст

Выданьне таксама паведаміла, што ў вышук абвясьцілі і колішняга брамніка зборнай Беларусі Генадзя Туміловіча.

Яго імя дадалі ў базу Міністэрства ўнутраных спраў Расеі 19 жніўня — менскія сілавікі шукаюць яго паводле крымінальнай справы.

Вядомы беларускі футбаліст і трэнэр Генадзь Туміловіч жыве ў Ізраілі. Ён згуляў за зборную Беларусі 32 матчы, а ў 2001 годзе яго назвалі лепшым футбалістам Беларусі.

Брамнік неаднаразова крытыкаваў улады і спартовых чыноўнікаў Беларусі яшчэ да падзей 2020 году.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

Спартоўцы таксама сталі адной з груп, якую перасьледавалі ўлады пасьля 2020 году, калі больш за 200 дзеячаў спорт падпісалі акрыты ліст супраць гвалту. Сотні атлетаў пазбавіліся месцаў у нацыянальных камандах, заробкаў, кантрактаў і магчымасьці трэніравацца. Дзясяткі спартоўцаў прайшлі праз адміністрацыйныя арышты або сталі фігурантамі крымінальных спраў. Многія зь іх вымушаныя былі зьехаць зь Беларусі праз пагрозу пазбаўленьня волі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG