На вучэньні ў Беларусь прыедзе спэцназ Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі з Ірана

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі на парадзе ў Іране, архіўнае фота

Падразьдзяленьне спэцназу сухапутных сілаў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі возьме ўдзел у сумесных антытэрарыстычных вучэньнях краін — удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, якія пройдуць у Беларусі.

Пра гэта паведаміла іранскае інфармагенцтва Tasnim, перадае «Позірк».

Адзначаецца, што іранскія вайскоўцы падчас вучэньняў «абмяняюцца досьведам» з прадстаўнікамі ўзброеных сіл дзяржаваў ШАС. Сілавая фаза вучэньняў пройдзе 8 кастрычніка.

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі быў створаны аяталой Хамейні пасьля рэвалюцыі 1979 году. З тых часоў КВІР дзейнічае незалежна ад рэгулярнага войска краіны ў цесным супрацоўніцтве з аяталой. КВІР падзелены на пяць галін:

  • сухапутныя войскі,
  • ваенна-паветраныя сілы,
  • ваенна-марскія сілы,
  • «Басідж» — добраахвотнае апалчэньне, якое душыць іншадумства і сочыць за выкананьнем маральных ісламскіх нормаў,
  • «Кудс» — сакрэтная выведная служба, якая праводзіць апэрацыі ў іншых краінах і падтрымлівае мясцовыя ўзброеныя групы.

Зьвязанымі з КВІР называюць групоўкі «Хэзбала» ў Лібане і «Хамас» на палестынскіх тэрыторыях, а таксама атрады паўстанцаў-хусітаў у Емэне.

15 красавіка 2019 году Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША прызнаў КВІР тэрарыстычнай арганізацыяй.

Вайсковая супраца Беларусі і Ірану

  • У ліпені 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся ў Тэгеране зь міністрам абароны Ірану Мугамадам Ашт’яні. Яны падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы.
  • У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны Ірану Саід Галяндары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў красавіку — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Мэхдзі Джафары.
  • У красавіку 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мугамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».
  • У траўні 2024 году беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі — 2024» у Тэгеране. А ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры іранскай амбасадзе.
  • У ліпені 2024 году дэлегацыя Міністэрства абароны Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацы ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».
  • У жніўні 2024 году камандуючы вайскова-паветранымі сіламі Беларусі Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану Абдулрагімам Мусаві і камандзірам ВПС Ірану Хамідам Вахэдзі.
  • У сакавіку 2025 году Менск наведаў міністар абароны Ірану Азіз Насірзадэ. Тады ён і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.
  • У сьнежні 2025 году падчас візыту ў Менск дэлегацыі іранскага Генэральнага штабу Беларусь і Іран падпісалі плян двухбаковай вайсковай супрацы на 2026 год і абвясьцілі пра намер правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Публічныя пакаяньні, Корпус вартавых як іранскі ГУБАзіК, жыцьцё пад санкцыямі. Чым падобныя рэжымы ў Беларусі і Іране