У Харкаве ў час пошукава-ратавальных апэрацый знайшлі фрагмэнты цела шостага загіблага. Пра гэта ўвечары 5 кастрычніка паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў, якога цытуе ўкраінская служба Свабоды.
Такім чынам, у выніку расейскага ўдару па Харкаве загінулі 6 чалавек і 59 атрымалі раненьні.
Як паведамляюць мясцовыя ўлады, расейскія войскі ўдарылі па Харкаве трыма кіраванымі бомбамі, пацэліўшы ў некалькі месцаў: у прамысловую зону і каля жылога шматпавярховага дома.
Раней было вядома пра пяцярых ахвяраў удару і 53 параненых, сярод іх — трое дзяцей: 11-гадовая дзяўчынка ў цяжкім стане, 15-гадовы хлопчык у стане сярэдняй цяжкасьці, 15-гадовая дзяўчынка перанесла вострую стрэсавую рэакцыю.
Паводле звестак абласной адміністрацыі, у выніку расейскага нападу ў горадзе пашкоджаныя дзясяткі жылых будынкаў у некалькіх раёнах, цывільнае прадпрыемства і ня менш за 20 аўтамабіляў.
Расейскія атакі на Харкаў
Харкаў месьціцца каля самай мяжы з Расеяй. Але нягледзячы на сухапутныя спробы і частыя паветраныя абстрэлы расейцам так і не ўдалося заваяваць горад. Хоць праз напружанае становішча Харкаў пакінулі тысячы жыхароў.
У абстрэлах авіябомбамі, ударнымі бесьпілётнікамі ў Харкаве і Харкаўскай вобласьці пастаянна гінуць або зазнаюць траўмаў рознай ступені мірныя людзі.
Напрыклад, пры абстрэлах у канцы верасьня адзін чалавек загінуў, 25 пацярпелі, у тым ліку 9 дзяцей. Расейскае войска наносіла ўдары авіяцыяй, артылерыяй і дронамі.