На круглым стале выступілі былыя палітвязьні Ігар Лосік і Максім Знак, а таксама былы адвакат Дзьмітры Лепрэтар і праваабаронца «Вясны» Наста Васільчук. Сустрэчу «Гавэл-90: чэскія гісторыі #WeStandByYou» арганізавалі Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы і парлямэнцкая група сяброў свабоднай Беларусі пад патранатам яе старшыні, дэпутата Хаята Акамуры.
Знак: падтрымку адчуваеш нават у ізаляцыі
Праўнік Максім Знак, які правёў у турме больш за пяць год (зь якіх амаль тры гады — у рэжыме інкамунікада), расказаў, што да зьняволеньня ня ведаў глыбока твораў Вацлава Гавэла. За кратамі ён атрымліваў вытрымкі зь іх у лістах. Пасьля вызваленьня, прачытаўшы Гавэла, ён быў уражаны блізкасьцю гэтых думак да ўласных развагаў у турме.
Знак адзначыў, што прыклад Чэхіі і людзей, якія здолелі дамагчыся свабоды, дае беларусам натхненьне і надзею. Пры гэтым ён падкрэсьліў неабходнасьць дзейнічаць.
«Вельмі важна ня чакаць, а нешта рабіць. І я лічу, што сёньняшняя сустрэча ня толькі пра тое, каб падзякаваць адно аднаму, але і пра тое, каб падумаць, што мы можам зрабіць, каб гэты добры дзень настаў як мага хутчэй», — сказаў былы палітвязень.
Знак расказаў, што ў сьледчым ізалятары атрымаў тысячы лістоў. Паводле яго, гэтая падтрымка дапамагала і пасьля таго, як ліставаньне і іншыя кантакты спынілі.
«Мне пашанцавала атрымаць 6500 лістоў, пакуль я быў у сьледчым ізалятары, і, хоць яны перакрылі ўсе лісты і ўсю камунікацыю, я ўсё яшчэ быў настолькі зараджаны энэргіяй гэтых добрых словаў і намераў людзей, якія мне пісалі, што ніколі не сумняваўся: гэты дух жывы і падтрымка працягваецца», — сказаў Максім Знак.
Ён патлумачыў, што інкамунікада азначае адсутнасьць лістоў, званкоў, сустрэчаў з адвакатам і інфармацыі пра падзеі на волі. Аднак нават такая ізаляцыя, паводле Знака, не пазбаўляе чалавека адчуваньня падтрымкі.
Часам да вязьняў даходзяць і навіны. Так, пра вызваленьне Сяргея Ціханоўскага Знак даведаўся ад ахоўніка, які, паводле яго, спрабаваў пакпіць зь яго, нагадаўшы, што сам Знак застаецца за кратамі. Знак жа быў удзячны за гэтую важную для яго інфармацыю.
Ён заклікаў шукаць практычныя спосабы дапамогі: «Рэжым спрабуе перакрыць любую падтрымку і камунікацыю для кожнага палітвязьня. І ад нас залежыць, ці знойдзем мы творчы адказ на гэтае супрацьдзеяньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
90-годзьдзе Вацлава Гавэла. 10 публікацыяў Свабоды пра першага прэзыдэнта Чэхіі, які падтрымліваў беларусаўЛосік: адзін ліст падтрымліваў усе пяць гадоў
Блогер і журналіст Свабоды Ігар Лосік, які правёў за кратамі больш за пяць гадоў (зь якіх звыш двух гадоў у рэжыме інкамунікада) расказаў, што адміністрацыі беларускіх турмаў імкнуцца пераканаць палітычных зьняволеных, нібыта пра іх усе забылі. Паводле яго, менавіта дзеля гэтага «забараняюць ліставаньне, званкі родным, наведваньні адвакатаў».
Падчас зьняволеньня Лосік даведаўся, што ягоным сымбалічным «хросным» стаў Мануэль Сарацын з Бундэстагу. Адзін зь ягоных лістоў дайшоў да Лосіка ў жодзінскую турму.
«Калі я даведаўся, што ў мяне ёсьць хросны з Бундэстагу, Мануэль Сарацын, калі я цудам атрымаў ад яго ліст на жодзінскую турму, гэта мяне маральна вельмі падтрымлівала. Усе свае пяць гадоў я захоўваў гэты ліст і перачытваў яго, і гэта дапамагала мне трымацца нават у рэжыме інкамунікада», — расказаў Лосік.
Ён заклікаў пашыраць такую падтрымку і захоўваць сувязь з блізкімі зьняволеных:
«Таму было б добра, каб у кожнага беларускага палітвязьня быў свой сымбалічны хросны, каб гэты хросны трымаў сувязь зь сям’ёй вязьня, і гэта б дало вельмі вялікую падтрымку і надзею на хуткае вызваленьне».
Лепрэтар: не пакідаць людзей і пасьля вызваленьня
Былы адвакат Дзьмітры Лепрэтар, які абараняў палітычных зьняволеных і праз гэта мусіў сам пакінуць краіну, нагадаў, што Вацлаў Гавэл сам быў палітвязьнем і ведаў, наколькі важная для чалавека за кратамі ўвага іншых.
«Я бачыў працэсы, дзе прысуд быў вядомы да першага паседжаньня. Сёньня ў Беларусі небясьпечна ня толькі пратэставаць, але і абараняць тых, хто пратэставаў. Адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзіяў, а некаторых саджаюць», — расказаў былы адвакат.
Лепрэтар таксама расказаў, як Мануэль Сарацын зьвязаўся зь ім, калі Лосік знаходзіўся ў СІЗА. Сарацын непакоіўся, што ягоныя лісты не даходзяць да зьняволенага. Падчас наступнай сустрэчы адвакат паведаміў Лосіку пра сымбалічнага «хроснага».
Паводле юрыста, сталага ліставаньня наладзіць не ўдалося праз турэмную цэнзуру. Аднак Сарацын падтрымліваў і сям’ю Лосіка: тэлефанаваў ягоным блізкім і перадаваў падарункі на сьвяты.
Лепрэтар падкрэсьліў значэньне такой асабістай увагі: «Калі ёсьць магчымасьць, зьвязвайцеся зь сем’ямі. Простыя чалавечыя зносіны часам каштуюць нашмат даражэй за яркія палітычныя заявы з трыбунаў».
Ён заклікаў працягваць публічна называць імёны палітвязьняў і патрабаваць вызваленьня ўсіх, найперш тых, каму яно неабходнае неадкладна праз стан здароўя, узрост ці іншыя абставіны.
Асобна Лепрэтар зьвярнуў увагу на патрэбу дапамагаць людзям пасьля вызваленьня:
«І не пакідайце тых, хто выйшаў на свабоду, і іхныя сем’і. Свабода пачынаецца з выхаду з калёніі, але ім яшчэ трэба наноў пабудаваць жыцьцё».