«Што творыцца ў краіне: у нас усе гусака гэтага круцяць», — сказаў Лукашэнка на нарадзе 10 верасьня, маючы на ўвазе рэкляму онлайн-казіно Maxline пад слоганам «круці гусака».
«Дайшло ўжо да таго, аказваецца, гэтым займаецца мая сям’я. Мая сям’я… Якраз мяне тэрарызуюць кожны дзень. Яны мяне душаць, каб я зьвярнуў на гэта ўвагу», — абураўся Лукашэнка.
Ён прыгадаў і высокія даходы ў гэтай сфэры, і тое, што «велізарныя грашышчы сыходзяць за межы дзяржавы».
«Дык гэта ж якія абароты ў гэтым! Таму адступленьняў ад інтарэсаў дзяржавы быць не павінна. І зьвярніце ўвагу на гэтыя „Фонбеты“ і казіно. Так, яны недзе плацяць грошы, так, яшчэ нешта. Але гэта ня значыць, што ўся краіна завешана і абчэплена», — сказаў Лукашэнка, маючы на ўвазе рэкляму.
Віктар, Мікалай, Дзьмітрый і Аляксандар Лукашэнкі. Менавіта сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітрыя (зьлева ад яго на фота) зьвязваюць з беларускімі анляйн-лятарэямі
Цяпер у Беларусі распрацоўваюць законапраект, які абмяжуе рэкляму азартных гульняў. У прыватнасьці, хочуць цалкам забараніць іх вонкавую рэкляму.
Глядзім, кім менавіта так незадаволены Лукашэнка, хто стаіць за гэтымі бізнэсамі, а каго ён не прыгадаў у сваёй прамове.
Што за гусак? Кароткі экскурс у рэкляму казіно
У асяродку аматараў онлайн-казіно выраз «круціць гусака» (рас. «крутить гуся») азначае «круціць слоты», то бок гуляць на гульнёвых аўтаматах. Менавіта такі слоган, а таксама гусака як сымбаль узялі на ўзбраеньне маркетолягі букмэйкерскай кампаніі і онлайн-казіно Maxline. Іхныя банэры з гусаком і гэтым слоганам сапраўды пэўны час былі відаць па ўсім Менску, у грамадзкім транспарце й таксоўках. У рэкляме зьняўся нават сьпявак Аляксандар Саладуха. Праз двухсэнсоўны лёзунг на гэтыя ролікі пачалі рабіць парадыйныя мэмы.
Пасьля таго, як Лукашэнка выказаў незадаволенасьць рэклямай, яе пачалі здымаць, а таксістам — слаць паведамленьні, каб і яны пазбавіліся гэтай рэклямы.
Онлайн-казіно Fonbet, якім таксама аказаўся незадаволены Лукашэнка, ў сваёй маркетынгавай стратэгіі робіць стаўку на ўдзел спартовых зорак. Напрыклад, у іх рэкляму залучаныя легендарны італьянскі футбаліст Андрэа Пірлё, расейскі хакеіст Аляксандар Авечкін, расейскі футбольны брамнік Ігар Акінфееў, беларуская тэнісістка Арына Сабаленка.
Беларуска Арына Сабаленка адна з амбасадорак расейскага букмекера Fonbet
Брэнд онлайн-казіно Betera Лукашэнка ня згадваў, але іхная рэкляма таксама ёсьць на беларускім рынку. Яны рэклямуюцца, спансаруючы буйныя спартовыя падзеі: футбольныя (Betera — Найвышэйшая ліга), хакейныя (Betera — Экстраліга), а таксама далучаюць да рэклямы блогераў.
І яшчэ адзін гулец рынку Belbet (афіцыйна не онлайн-казіно, а электронная імгненная онлайн-лятэрэя) рэклямуе сябе ў сацыяльных сетках, паказваючы «простых беларусаў», якія выйгралі ў лятарэю грошы. Адзін з слоганаў брэнду — «Лаві шчасьце». Таксама гэты брэнд спансаруе буйны open-air Belbet fest і рэклямуе сябе проста праз назву гэтага фэсту.
Гэтыя чатыры кампаніі — асноўныя гульцы рынку онлайн-казіно ў Беларусі.
Хто стаіць за кожнай з кампаніяў
Maxline
Брэндам Maxline у Беларусі кіруе кампанія «ІНХА». Абліччам брэнду і публічным сьпікерам праекту выступае Арцём Лявонаў, ён родам зь Віцебску, адзін з заснавальнікаў кампаніі. У інтэрвію footbal.by ён прызнаваўся, што на пачатку працы кампаніі ў 2012 годзе уклаў у яе 50 тысяч даляраў; столькі ж уклаў іншы заснавальнік, ягоны знаёмы, імя якога ў інтэрвію Арцём не называе.
Лявонаў вучыўся ў Віцебску на праграміста, працаваў пэўны час у таксі, пра што сам расказваў у інтэрвію, таксама спрабаваў жыць і працаваць у Маскве, але вярнуўся ў Беларусь.
Вядома, што да Maxline мае дачыненьне вядомы гулец у покер Мікалай Васкабойнікаў. Таксама Лявонаў валодае футбольным клюбам «МЛ Віцебск», які раней называўся Маxline, як і кампанія. А яшчэ раней быў рагачоўскім «Дняпром». Летась клюб стаў чэмпіёнам Беларусі. Сёлета ў красавіку футбольны трэнэр Юры Пунтус прызнаваўся, што Мікалай Васкабойнікаў адыгрывае вялікую ролю ў жыцьці клюбу «МЛ Віцебск».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зь беларускага рынку выходзіць Parimatch, ужо другая букмэкерская кампанія за апошні часПаводле інфармацыі аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol, сярод уласьнікаў кампаніі няма былых сілавікоў ці чыноўнікаў.
Fonbet
Кампанія Fonbet («Бізон Бэт») належыць зарэгістраванай у расейскім Калінінградзе кампаніі «Бируса». У расейскім дзяржаўным рэестры дадзеныя заснавальнікаў схаваныя.
Аднак вядома, хто валодае расейскай кіроўнай структурай Fonbet — гэта АТ «Клир Центр», якое належыць бізнэсоўцу Максіму Кузьняцову. Пра яго ў адкрытых крыніцах зьвестак мала, але ў 2022 годзе актывы Fonbet адышлі да яго ад былога зяця расейскага прэм’ера Міхаіла Мішусьціна Аляксандра Ўдодава.
Якраз рэкляму гэтых дзьвюх кампаніяў крытыкаваў Лукашэнка.
Betera
Betera — адзін з найстарэйшых гульцоў на рынку гэмблінгу (онлайн-гульняў. — РС) у Беларусі. Належыць кампаніі «Статускво», зарэгістраванай яшчэ ў 1993 годзе. Шмат гадоў кампанія прадстаўляла на рынку ўкраінскі брэнд Parimatch. Аднак пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну гэты брэнд пакінуў беларускі рынак. Тады кампанію за 1,5 мільёна даляраў выкупілі яе беларускія кіраўнікі — генэральная дырэктарка Юлія Ляшкова і галоўная бухгальтарка Тацьцяна Танковіч.
Сярод іншага, Betera мае статус тытульнага партнэра беларускага хакейнага чэмпіянату.
«Белбет»
Гэты гулец рынку зарэгістраваны не як казіно, а як сэрвіс імгненных лятарэяў, што дазваляе мець значныя паслабленьні: гульцам для ўдзелу ня трэба пашпарт, таксама кампанія ня мусіць мець абавязковы дэпазыт у 1 мільён даляраў і плаціць вышэйшыя стаўкі падаткаў. Таксама няма ўзроставага цэнзу для гульцоў (21 год), таму гуляць могуць нават дзеці. Кампанія належыць «Беларускім лятарэям», якія ў сваю чаргу ўласнасьць дзяржаўнай структуры — Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта.
То бок «Белбет» — уласнасьць дзяржавы, якая сама ж і рэгулюе заканадаўчую базу рынку казіно.
Ганна Сялук
Згодна з расьсьледаваньнем «Беларускага расьсьледніцкага цэнтру», праграмнае забесьпячэньне для гэтага сэрвісу, які ў істоце таксама онлайн-казіно, займаецца кампанія «Сінезіс». Тая самая структура, якая распрацавала сыстэму сачэньня за беларусамі Kipod.
Арганізатарам Belbet-фэсту, які з размахам праходзіць ужо трэці раз на сталічным стадыёне «Дынама», зьяўляецца «Музычная медыякампанія», якой кіруе Ганна Сялук (Ганна Лукашэнка, нявестка Аляксандра Лукашэнкі).
Летась беларусы падрыхтавалі пэтыцыю за тое, каб улады абмежавалі працу онлайн-лятарэі «Белбет», бо ў яе бескантрольна могуць гуляць дзеці. У Міністэрстве інфармацыі на гэта адказалі, што на плятформу не распаўсюджваюцца нормы гульнёвага бізнэсу.
«Новы закон можа не закрануць „Белбет“»
Кіраўнік Беларускага расьсьледніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч мяркуе, што нормы новага закону, які абмяжуе рэкляму казіно, могуць не закрануць «Белбет», бо афіцыйна гэтая кампанія — не казіно.
«Наконт „Белбет“ — мая асабістая думка: прыбіраньне рэкламы найбольш выгаднае для дзейнага найбуйнейшага гульца, якім можа быць „Белбет“, бо ахоўвае яго ад канкурэнцыі. Плюс „Белбет“ — „лятарэя“, і ёй могуць быць паслабленьні ў дэталях закону (напрыклад, застанецца права рэклямавацца дзесьці там, дзе яго няма ў іншых), хаця рамачна плянуецца, што пад закон трапяць і лятарэі, наколькі разумею. Але адна рэч — закон, а другая — праваўжываньне. Але гэта толькі развагі. Каб дакладней ацаніць сытуацыю, спатрэбіцца нейкі час», — сказаў у размове з Свабодай Івашкевіч.
Пакуль жа ў Менску актыўна прыбіраюць рэкляму гульнёвага бізнэсу, хоць закон яшчэ не зьявіўся і толькі рыхтуецца.