Каманда беларускіх журналістаў-расьсьледнікаў «Бюро мэдыя» даведалася, што ў жніўні 2024 году кампанію «Лігматон», якой раней валодалі Георгі Тапузідзіс і ягоная маці Галіна Пятровіч, перааформілі на Алену Казак — асабістую лекарку Аляксандра Лукашэнкі.
Першапачаткова новая ўладальніца кампаніі была пазначаная як Алена Ўладзімераўна Казак.
«Мы ня ведаем, ці было гэта зроблена наўмысна або памылкова, аднак пазьней імя па бацьку памянялі. Недзе ў пэрыяд паміж лютым 2025 году і жніўнем 2026 году Алена Казак ператварылася з Уладзімераўны ў Георгіеўну. Пры гэтым запіс пра структурныя зьмены кампаніі ня ўносіўся, а мяркуючы па актуальнай выпісцы, менавіта асабістая лекарка Лукашэнкі валодае аптэкамі «Лігматон» з жніўня 2024 году. Дырэктаркай фірмы, як і раней, засталася Галіна Пятровіч, маці Георгія Тапузідзіса», — адзначаецца ў публікацыі.
Гэтую інфармацыю «Бюро» пацьвердзілі ў ініцыятыве «Кібэрпартызаны».
Кампанія «Лігматон» валодае сеткай аптэк ва ўсёй Беларусі, а таксама ўдзельнічае ў дзяржаўных тэндарах на пастаўку разнастайных мэдыкаментаў. Выручка кампаніі ў 2025 годзе склала 83,6 мільёна рублёў, а чысты прыбытак 2,79 мільёна.
Георгі Тапузідзіс — сын беларускага бізнэсоўца Паўла Тапузідзіса, які называюць «гаманцом» Лукашэнкі.
Павел Тапузідзіс разам са сваім бізнэс-партнэрам Віктарам Пятровічам кантралюе «Тытунь-Інвэст», разьвівае сетку гандлёвых цэнтраў і гіпэрмаркетаў «Карона», а таксама зьвязаны з тытунёвай вытворчасьцю і іншымі буйнымі бізнэс-актывамі ў Беларусі.
Што вядома пра Алену Казак
Лекарка-рэаніматоляг Алена Казак суправаджае Лукашэнку ў паездках з з 2016 году. Як раней паведамляла «Бюро», паводле дакумэнтаў складалася ўражаньне, што яна робіць гэта ў статусе валянтэра.
Згодна інфармацыі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, Казак была аформленая ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кадыялёгія» ў 2014–2019 гадах. У 2019-м яе сярэдні заробак, зь якога яна плаціла падаткі, складаў прыблізна 110 рублёў або 52 даляры ў эквіваленце. А ў 2020–2021 гадах яна нібыта нічога не зарабляла, адпаведна і падатковых адлічэньняў не ажыцьцяўляла.
У 2020 годзе арганізацыя ByPol паведаміла, што яе нумар тэлефону зафіксавалі на «Плошчы перамен» у дзень гібелі Рамана Бандарэнкі.
Форум