Сыстэма пажарнай аўтаматыкі спрацавала пасьля ўзгараньня ў лякарні ў Лагойску.
У мэдыцынскай установе на вуліцы Перамогі адбылося загараньне ў падвальным памяшканьні, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства надзвычайных сытуацый.
Пажар згасілі ратаўнікі. Пацярпелых пры ім не было.
У МНС дадалі, што дзякуючы апавяшчэньню пажарнай сыстэмы з будынка самастойна эвакуаваліся 26 чалавек.
Абставіны здарэньня высьвятляюцца.
Папярэднія пажары ў лякарнях
Сёлета МНС ужо паведамлялі пра пажар у шпіталі, але тады маштабы здарэньня былі большыя — у Горадні правялі эвакуацыю 265 чалавек, прычым 11 уратавалі з агню. Пажар у мэдычным комплексе на вуліцы Абухава здарыўся ў ноч на 19 ліпеня. Людзей пачаў ратаваць сам пэрсанал лякарні, яшчэ да прыезду дапамогі.
А ў красавіку 2020 году пажар у менскай лякарні, падобна як і цяпер у Лагойску, пачаўся з падвальных памяшканьняў. Гарэла дзіцячая інфэкцыйная лякарня на вуліцы Якубоўскага. Як высьветлілі адмыслоўцы, тады адбылося кароткае замыканьне электраправодкі ў дэзынфэкцыйнай камэры. 26 пацыентаў і 18 работнікаў лякарні вывелі з будынку, а затым часова разьмясьцілі ў іншай частцы лякарні.
На момант таго пажару ў Менску ў Беларусі распаўсюджваўся каранавірус, які ўлады запярэчвалі, гаворачы, што гэта штучна створаная паніка і ўсё пад кантролем.