Абскрэбці мільён бульбін, зьбегчы ў агарод, бульба-глядыятар. Топ кампутарных гульняў пра бульбу

Скрыншот з праекту Potato Please

Аўтары гульняў 1,000,000 Potatoes і Potato Please амаль адначасова анансавалі гульні, дзе трэба абіраць ад лупін бульбу. Цяпер студыі высьвятляюць, да каго перш прыйшла гэтая ідэя. Расказваем таксама, якія наагул ёсьць гульні пра бульбу.

Польскі распрацоўнік 1,000,000 Potatoes Рада Кляса абвінаваціў студыю Golden Horn Studios у хуткім адаптаваньні ягонай ідэі праз штучны інтэлект. 25 ліпеня на гульнёвым маратоне GMTK Game Jam Рада Кляса ўпершыню паказаў свой праект. Гульцу трэба абскрэбці мільён бульбін. Пры гэтым гульня зробленая як фізычны сымулятар: трэба ўлічваць рухі нажа, форму бульбіны. Прататып гульні выкананы ў змрочнай атмасфэры.

А 20 верасьня выйшаў відэатрэйлер пра гульню Potato Please ад студыі Golden Horn Studios. У іхнай гульні таксама трэба абіраць бульбу і ўдасканальваць рыштунак для гэтага. Як і папярэдняя, гульня выканана ў змрочнай, халоднай атмасфэры. У адказ на абвінавачаньні Рады Клясы ў гэтай студыі заявілі, што ніколі ня бачылі ягонага праекту. І нават апублікавалі некаторыя мадэлі і ўнутраныя гульнёвыя элемэнты.

Скрыншот з гульні Potato Please

Цяпер старонкі абодвух праектаў апублікаваныя ў краме гульняў Steam. Як відаць на скрыншотах, яны сапраўды вельмі падобныя. Пакуль самі гульні і іх дэма-вэрсіі не апублікаваныя.

Глядзім, у якіх яшчэ гульнях галоўным героем была бульба.

Бульба-Рэмба

Касьмічны карабель з жывымі разумнымі бульбінамі на борце цярпіць крушэньне і падае на чужую плянэту. Выжывае толькі адзін караняплод, які мае здольнасьць трымаць у руках адразу 6 розных відаў зброі. Гэтай зброяй трэба адбівацца ад варожых ордаў іншаплянэтнікаў-аўтахтонаў. Так можна коратка апісаць сюжэт гульні Brotato ад францускага індзі-распрацоўніка Тамаса Жэрвэро.

Brotato, скрыншот

Гэты прыклад таго, як візуальны жарт працуе ў якасьці эмацыйнага кручка. У гульні пэрсанаж-бульбіна выходзіць змагацца з ворагамі кароткімі забегамі, а да кожнага забегу можа палепшыць зброю і выбраць іншую камбінацыю характарыстык. Так гульцу захочацца спрабаваць усё новыя і новыя варыянты зборак да забегаў.

У калекцыі гэтага распрацоўніка ёсьць і іншая гульня пра бульбу — Lost Potato, яна мае таксама мінімалістычную графіку, галоўны герой — таксама бульба, але тут ворагаў трэба штурхаць у розныя пасткі і на перашкоды, бо іншай зброі герой не мае.

Бульба ў доме альхіміка

That Potato Game — гэта прыгодніцкі 3D-пазл. Галоўны герой — бульбіна ў сюррэалістычным доме альхіміка Хілбэрта. Гульцу-бульбіне трэба качацца па доме, дасьледаваць яго, разьвязваць галаваломкі і адкрываць у сабе новыя здольнасьці. У гэтым дапаможа ўзаемадзеяньне з навакольлем.

А качаючыся па доме з пакою ў пакой, гулец даведваецца пра гісторыю будынку і таямнічага альхіміка.

That Potato Game

Гульню выпусьціла студыя Spud Studios у траўні 2023 году як пакуль што адзіны свой праект. Гульня бясплатная, што рэдкасьць для гэтай індустрыі. Яе можна проста спампаваць у краме гульняў Steam.

Зьбегчы з дому ў агарод

Вы знаходзіце сябе ў вобразе бульбіны ў доме, поўным перашкодаў. Можна каціцца, пераварочвацца, праціскацца церазь невялікія праёмы. Гэта гульня Potat. Паводле жанру — прыгода ў 3D-сьвеце з сымуляцыяй фізыкі.

Напрыклад, важна пракаціцца па дошчачцы над рондлем з супам, але ня ўпасьці ў яго, як і не падсмажыцца на пліце з запаленай фаеркай. Галоўная мэта — дакаціцца да агароду, закапацца ў зямлю і стаць клубнем.

Гульня Potat

Аўтары праекту — невялікая індзі-студыя Hexe Circles Studio; выглядае, гэта іхная першая гульня. Пакуль у Steam дасяжная толькі дэма-вэрсія, поўны рэліз распрацоўнікі абяцаюць яшчэ сёлета.

Бульба-глядыятар

Вам трэба змагацца на арэне, удасканальваць уменьні і зброю, але пры гэтым вы — бульбіна, якая можа ня толькі трымаць шчыт, але і арудаваць дзідай ці мечам. Змагацца давядзецца з рознымі ворагамі, а адна з найважнейшых частак гульні — галіна ўменьняў. Гэта гульня Gladiato Potato.

Таксама важная частка — зьбіраньне элемэнтаў зброі, то бок кастамізацыя розных варыянтаў для паляпшэньня ўдарнай сілы і посьпеху на арэне. За перамогу гулец атрымлівае унутрыгульнёвае золата, за якое і можна набываць паляпшэньні.

Gladiato Potato

Гульню выпусьціла C2alt Games Studio, пра яе мала што вядома, але, выглядае, гэта невялікая каманда распрацоўнікаў. Пакуль гульня дасяжная ў раньнім доступе, то бок яе ўжо можна набыць, але распрацоўнік усё яшчэ працуе над ёй, дарабляе.