Расейскія войскі пацэлілі ў два масты цераз Дняпро ў Кіеве, рух спынены

Паўднёвы мост у Кіеве, 1 кастрычніка 2026 году

У ноч на 2 кастрычніка расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 108 ударнымі дронамі.

Паводле апэратыўнага камандаваньня Паветраных сілаў Украіны, супрацьпаветраная абарона змагла абясшкодзіць 88 бесьпілётнікаў.

Зафіксавалі пацэльваньні на 11 лякацыях, яшчэ ў пяці месцах — пашкоджаньні ад падзеньня аскепкаў зьбітых дронаў.

У Кіеве спынілі рух на двух мастах цераз Дняпро

Пасьля начных расейскіх абстрэлаў у Кіеве перакрылі рух у абодвух кірунках на Паўднёвым мосьце і мосьце імя Патона. Гэтыя масты злучаюць правы бераг украінскай сталіцы з густанаселенымі раёнамі на левым беразе Дняпра.

Згодна з інфармацыяй гарадзкіх уладаў, таксама і Мэтрамост закрылі для руху ў кірунку правага берагу (дзе знаходзіцца большасьць будынкаў дзяржаўных органаў улады. — РС).

Расейскія войскі атакавалі Паўднёвы мост ужо трэці раз. Пакуль дэталяў аб маштабах расейскага лучаньня няма. Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што на месца накіравалі аварыйныя службы.

Яшчэ ў некалькіх раёнах Кіева расейскія дроны пацэлілі ў жылыя дамы, гаспадарчыя збудаваньні і аўтамабілі. Адзін чалавек загінуў, два атрымалі раненьні.

У Кіеве дзейнічаюць 9 ключавых маставых пераходаў цераз Дняпро і больш за 60 мастоў і эстакадаў, уключна з пешаходнымі і чыгуначнымі мастамі, а таксама мастамі цераз прытокі і каналы.

Чаму гэта важна

Апошнім часам расейскія войскі актывізавалі выкарыстаньне рэактыўных дронаў супраць паўночных рэгіёнаў Украіны, а таксама Кіева і Кіеўскай вобласьці.

Суправаджэньне іх на маршруце, а таксама кіраваньне і лучаньне, паводле ўладаў Украіны, адбываецца пры дапамозе рэтрансьлятараў, што знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

Маршруты палётаў рэактыўных дронаў пралягаюць уздоўж мяжы Беларусі і Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія рэактыўныя дроны дасягаюць цэляў у Кіеве дзякуючы высокай якасьці сувязі, якую забясьпечвае Беларусь, — экспэрт