Сёлета ўлетку блізкія згубілі сувязь зь беларусам Генадзем Смаляком. Ён пайшоў з дому ў Барсэлёне, у якім жыў, і не адказваў на тэлефон. Генадзя шукалі месяц. Ягоная былая жонка Марта расказвала Свабодзе, што знаёмыя часам бачылі Смаляка каля Барсэлёны, але ён не хацеў зь імі гаварыць і сыходзіў. Беларус зьнік 19 чэрвеня. Пра тое, што яго знайшлі і зьмясьцілі ў шпіталь, стала вядома ад былой жонкі 18 ліпеня.
Генадзю Смаляку 36 гадоў. У Менску ён працаваў санітарам у псыханэўралягічным інтэрнаце № 3. Дадаткова там жа валянтэрыў, ладзіў музычныя выступы для жыхароў інтэрнату, праводзіў арт-тэрапію, укараняў тое, чаго раней ва ўстанове не было: выхады ў горад, экскурсіі, свабодны доступ да пітной вады, тэлевізары ў палатах, магчымасьць для валянтэраў наведваць гэтых людзей. Калі, зь ягоных словаў, «людзі пачалі ажываць», новы начальнік інтэрнату скасаваў навацыі, а Смаляк звольніўся з скандалам.
Пасьля 2020 году Генадзь зьехаў зь Беларусі. Жыў ва Ўкраіне, Польшчы, Нямеччыне, Гішпаніі. За мяжой ён працаваў журналістам для розных выданьняў, атрымаў прэмію за тэкст пра мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.
Пайшоў шукаць сябе
Падчас гутаркі з Генадзем час ад часу складана зразумець, ці ён гаворыць сур’ёзна, ці жартуе, ці гэта іронія. Ён просіць суразмоўцу не ўсьміхацца, бо размова сур’ёзная. Але сам амаль увесь час усьміхаецца. Кажа, што ня можа жыць без усьмешкі, імкнецца, каб яна была. Падкрэсьлівае, што ён будыст. І рэгулярна вяртаецца да гэтай тэмы, пра якія б пытаньні ні ішла гаворка. Дзеліцца правіламі будызму і ўжывае багата рэлігійных тэрмінаў.
«У цяперашні пераломны момант нашага гістарычнага часу, калі адныя рэжымы сыходзяць, іншыя прыходзяць, я адчуваю сябе даволі выдатна. У мяне няма перажываньняў. Я веру ў зоркі», — так кажа Генадзь у размове з Свабодай пра тое, як сябе цяпер адчувае.
Зараз Генадзь у міграцыйным лягеры ў польскай вёсцы. Перад гэтым паўгоду жыў зь сябрамі ў закінутым доме каля Барсэлёны.
«Гэта культурны цэнтар, дзе зьбіраюцца людзі розных нацыянальнасьцяў, культураў, ідэалёгій з мэтай згуртаваньня», — успамінае беларус.
Але аднойчы яму гэта надакучыла, і Генадзь пайшоў пешкі ў бок Барсэлёны.
Генадзь Смаляк, фота з прыватнага архіву
«Я зразумеў, што я ўжо сваю рок-н-рольную маладосьць скончыў. Бо часам трэба сталець, калі ты разумееш, што ўсе дарогі відаць і ўсе вядуць, прабачце, у нейкую *опу. Я паехаў у Гішпанію сябе шукаць, перагледзець свой жыцьцёвы досьвед. І пайшоў блукаць па горадзе ў пошуках сябе», — кажа Смаляк.
Паводле Генадзевых падлікаў, так ён вандраваў тры месяцы. Ягоныя блізкія мяркуюць, што ўсё доўжылася каля аднаго месяца. У сваіх блуканьнях, кажа Смаляк, ён даведаўся «шмат усяго новага, цудоўнага і незабыўнага», «здолеў зьвязаць сваё жыцьцё ў суцэльны ўзор-клубок» і знайшоў сябе.
«Дарагога варта — знайсьці сябе, прайсьці праз усе нягоды, пагаварыць з усімі, усьміхнуцца і пайсьці далей», — заўважае ён.
У адказ на пытаньне, што значыць, што ён знайшоў сябе, Генадзь вяртаецца ў ранейшы час і ўспамінае, як прыйшоў да будызму. Аднойчы ён прачытаў будыйскую кніжку, паглядзеў фільмы пра манахаў-будыстаў, потым убачыў іх ужывую, «іхныя добрыя, шчырыя вочы» — і зразумеў, што яму гэта адгукаецца. Ён кажа, што дагэтуль ідзе будысцкім шляхам і прытрымліваецца асноўных правілаў будызму. Мужчына дадае, што ягоная мэдытацыя — гэта хада.
Генадзь адзначае, што ў выніку сваіх блуканьняў ён атрымаў супакой і адчуваньне, што ён мае рацыю ў пэўных рэчах, у якіх раней сумняваўся. Дадае, што кінуў ранейшыя залежнасьці, завязаў з наркотыкамі.
Але падчас блуканьняў Смаляк, зь ягоных словаў, страціў рэчы і дакумэнты — беларускі пашпарт і картку дазволу на жыхарства ў Польшчы. У яго здарыўся сонечны ўдар, упаў цукар у крыві, былі праблемы з сэрцам, праз што ён трапіў у шпіталь. У беларускім консульстве ў Гішпаніі, працягвае аповед Генадзь, яму зрабілі даведку, каб ён мог вярнуцца ў Беларусь. Але Смаляк паляцеў зь ёй у Польшчу. Там падаў дакумэнты на міжнародную абарону і цяпер чакае рашэньня.
Пакуль Генадзь блукаў, яго шукалі блізкія, зьвярталіся праз гэта ў паліцыю, мэдыя публікавалі навіны аб зьнікненьні беларуса. Сам Смаляк кажа, што калі яму паказалі публікацыі і фота аб пошуках, то ён падумаў, што гэта фоташоп: «Хто мяне можа шукаць? Слупы з маімі фатаздымкамі». І нават сварыўся праз тое, што блізкія пачалі пошукі. Урэшце Генадзь прызнаецца — яму было прыемна, што за яго хваляваліся. І падсумоўвае, што людзей варта шукаць, калі яны губляюцца.
«Я б хацеў, каб я вас шукаў, а ня вы мяне. Я знайшоў усю сваю сям’ю па дарозе, успомніў да нейкага калена сваіх братоў. Разабраўся, хто на якой пазыцыі стаіць, як адбываецца жыцьцё, наколькі важная сям’я, хто ў нас у сям’і крыху белая варона, як я, хто ў нас у сям’і маладзец, як мой брат. Я іх шукаў, і я іх знайшоў», — разважае суразмоўца.
Мяняў пампэрсы хворым, аднаўляў дакумэнты бяздомным
Жывучы ў Менску, Генадзь дапамагаў бяздомным аднаўляць дакумэнты, мяняў пампэрсы людзям з інваліднасьцю, дапамагаў наркаманам. Ён адзначае, што будысты любяць людзей і імкнуцца, каб іншым было добра, але «не прычыняюць дабро».
«Я беларускі панк, антыфашыст. Для мяне была першай справай сацыяльная рэвалюцыя… Я думаю, што кожны чалавек мае права на другі шанец і на вяртаньне да нармальнага жыцьця. Усе мы памыляемся на шляху. Я шмат разоў памыляўся, і мне дорага каштавала пачаць нармальнае жыцьцё наноў», — тлумачыць ён, чаму дапамагаў уразьлівым групам.
Генадзь Смаляк, фота з прыватнага архіву
Суразмоўца ўспамінае, што правёў вялікую працу ў псыханэўралягічным інтэрнаце ў Менску, дзе працаваў санітарам. Сярод зьменаў, якіх ён дамогся, — жыхарам інтэрнату пачалі даваць больш пітной вады.
«З інвалідамі быў сум. У мяне было аддзяленьне, адкуль людзі не выходзілі. Калі чалавек змог усьміхнуцца на маёй зьмене, я лічыў гэта радасьцю. Мне нават заробак больш не патрэбны быў у 200–250 эўра», — адзначае Генадзь.
Ён прызнаецца, што з усіх людзей, якім дапамагаў, бліжэй за ўсё яму былі бяздомныя. Падчас сваіх летніх блуканьняў па Гішпаніі ён сам часова стаў бяздомным і страціў дакумэнты. Але каб стаць Будам, дадае ён, трэба страціць дом, сям’ю, сяброў, кар’еру і веру ў сябе.
«Я пабываў на месцы ўсіх, каму я дапамагаў. Я дапамагаў бяздомным — я быў бяздомным. Я дапамагаў інвалідам — я ляжаў у лякарнях з дэбільнымі дыягназамі. Я дапамагаў наркаманам і быў наркаманам. Такога і ворагу не пажадаеш, бо перажыць клінічную сьмерць — гэта цяжка. Я перажыў. Гэта было ў Гішпаніі, калі я першы раз памёр, каб потым выжыць», — падсумоўвае Генадзь свой досьвед.
Суразмоўца заўважае, што ён і за мяжой хацеў бы працаваць сацыяльным работнікам. Але перашкодай стала няведаньне замежных моваў.
«Я думаю, што гэта добрая праца. Яна дапамагае ня стаць чэрствым, быць нармальным чалавекам і іншым дапамагчы», — разважае суразмоўца.
Але агулам Генадзь ня скардзіцца на жыцьцё ў эміграцыі. Ён кажа, што не параўноўвае побыт на радзіме і за мяжой.
«Я будыст. Я пра гэта ня думаю. Я думаю пра тое, каб свой шлях не запляміць, прайсьці чыстым па гэтай зямлі. Ніхто ня ведае, дзе мы апынёмся. Я радуюся таму, што ў мяне ёсьць, і не зьдзіўляюся, калі чагосьці няма. У мяне нармальны, звычайны шлях простага будыста», — тлумачыць Смаляк.
Кніга казак
Генадзь расказвае, што налета плянуе выдаць кніжку «Казкі бяз твараў» пра сапатыстаў — «мэксыканскіх героў-рэвалюцыянэраў, якія правільна ўсё „закруцілі“, не падтрымліваюць капіталізм, не даюць „францускай камуне“ і іншым свабодным паселішчам спакойна жыць, бо капіталісты ўвесь час чагосьці патрабуюць, а мы жадаем жыць у прыгожай гарызанталі». Гэтая кніга будзе пра павагу да прыроды і да людзей. Напісаная яна будзе праз прызму легендаў і казак культуры індзейцаў мая і інкаў. Генадзь абвесьціў конкурс на лепшы малюнак для кнігі.
Натхняў Смаляка мэксыканскі сапатысцкі ідэоляг Субкамандантэ Маркас і ягоны зборнік эсэ, дэклярацыяў і выступаў «Чацьвёртая ўсясьветная вайна». Творы Маркаса Смаляк называе казкамі.
«У першы раз я прачытаў там клясныя казкі. Яны напоўненыя для мяне нейкім чараўніцтвам, яркім пераломленым сьвятлом. Гэта цудоўнае сумнае сьвятло, якое я, на жаль, люблю. Я быў цікаўным маладым чалавекам і падумаў: трэба абавязкова зрабіць поўны зборнік казак. Бо ёсьць сур’ёзныя анархічныя творы, а вось казак зусім няма. Быццам бы ў нас у жыцьці няма нейкага чараўніцтва, лёгкасьці, быццам бы мы ня верым, што сьвет можа быць прыгожым», — разважае Генадзь.