Амаль месяц вяліся пошукі зьніклага ў Гішпаніі беларуса Генадзя Смаляка. Цяпер яго знайшлі і, як пацьвердзіла Свабодзе былая жонка, сяброўка і калега Генадзя Марта (не называем прозьвішча на просьбу суразмоўцы. — РС), шпіталізавалі.
Падрабязнасьцяў таго, як для Генадзя прайшлі папярэднія тыдні, не раскрываюць.
9 ліпеня стала вядома, што Смаляка бачылі 6 ліпеня пад Барсэлёнай. Марта тады падзялілася з Свабодай асноўнай вэрсіяй яго зьнікненьня — мужчына перастаў прымаць неабходныя яму таблеткі, не разумее, дзе ён знаходзіцца і, імаверна, згубіўся падчас шпацыру.
Генадзя Смаляка ў той дзень бачылі каля ягонага ранейшага месца жыхарства. Ён хадзіў па вуліцах, але ў пагоршаным псыхічным стане, не ўсьведамляючы, што адбываецца.
Апошні месяц, з словаў сяброўкі, Смаляк быў у кепскім эмацыйным стане, ні з кім не кантактаваў, амаль не размаўляў з суседзямі, з пакою і з дому амаль не выходзіў, «еў, спаў, курыў цыгарэткі». Падобная сытуацыя ўжо здаралася сёлета ўвесну, але тады Генадзь не сыходзіў з дому.
Заява ў паліцыю
Падаць заяву на зьнікненьне беларуса ў каталёнскую паліцыю было складана і ўдалося ня зь першага разу, бо такія заявы прымаюць толькі ад родных. У Смаляка ж крэўных у Гішпаніі няма, і пакуль яны ня могуць зрабіць візы і прыехаць.
У паліцыі прапанавалі, каб родныя падалі заяву аб зьнікненьні чалавека ў беларускую міліцыю — тады б калегі шукалі яго ў рамках міжнароднай супрацы. Аднак блізкія мяркуюць, што гэта кепскі варыянт, бо Смаляку ў Беларусі пагражае палітычны перасьлед за ягоную грамадзкую і журналісцкую дзейнасьць.
Хто такі Генадзь Смаляк
Генадзю 36 гадоў. У Беларусі дапамагаў бяздомным аднаўляць дакумэнты, перасяляцца ў вёскі, займаўся праектам «Ежа замест бомбаў», дзе валянтэры кармілі бяздомных.
Смаляк таксама працаваў санітарам у псыханэўралягічным інтэрнаце № 3 у Менску. Дадаткова там жа валянтэрыў, ладзіў музычныя выступы для жыхароў інтэрнату, праводзіў арт-тэрапію. Як сам Генадзь раней расказваў Most Media, ён укараняў тое, чаго раней ва ўстанове не было: выхады ў горад, экскурсіі, свабодны доступ да вады, тэлевізары ў палатах, магчымасьць для валянтэраў наведваць гэтых людзей. Калі, зь ягоных словаў, «людзі пачалі ажываць», новы начальнік інтэрнату скасаваў навацыі, а Смаляк звольніўся са скандалам.
Пасьля ад’езду зь Беларусі Генадзь жыў ва Ўкраіне, Польшчы, Нямеччыне, Гішпаніі. За мяжой ён працаваў журналістам для розных выданьняў, у тым ліку займаўся мэдыйным праектам Not today, not yesterday, not tomorrow.
Форум