Пра гэта палітычны ўцякач, які з 2021 году чакаў прытулку, расказаў «Позірку».
Паводле Міхеева, 25 верасьня ён прыехаў у міграцыйны аддзел для атрыманьня ID-карткі, заяву на якую падаў раней.
Там яго затрымалі і адвезьлі ў Тбілісі, дзе заявілі, што яго дэпартуюць, бо ён знаходзіцца ў краіне нелегальна. Хоць, паводле Міхеева, тэрмін дзеяньня ягонай ID-карткі яшчэ ня скончыўся.
Актывіст папрасіў, каб яму дазволілі застацца хаця б да заканчэньня тэрміну дзеяньня часовага пасьведчаньня асобы 9 кастрычніка, але грузінскія сілавікі адмовілі.
«Мяне ганялі з кабінэту ў кабінэт. Прыйшоў лекар, распрануў да майткоў, жах нейкі. Потым паехалі дадому, я сабраў сякія-такія рэчы, паехалі ў дэпартамэнт. Потым ужо ў аўтазаку мяне сюды [на мяжу] прывезьлі і выкінулі», — апавёў беларус.
Паводле Міхеева, ён сам выбраў Армэнію. Ён дадаў, што яго «прымусілі падпісаць шмат папераў» па-грузінску, сэнсу якіх ён не разумеў.
На армянскай мяжы яго затрымалі, бо ягонае імя ёсьць у базе міждзяржаўнага вышуку краінаў СНД на запыт Менску. Ерэван, які ўзяў курс на збліжэньне з Эўразьвязам, не выдае асобаў, якіх перасьледуюць з палітычных матываў.
Абноўлена. А 14-й гадзіне нядзелі стала вядома, што Льва Міхеева адпусьцілі з пастарунка. Пра гэта «Позірку» паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк.
«Перадаў, што бадзёры, у добрым настроі і ўдзячны ўсім за падтрымку», — сказаў Кісьляк.
Беларускі праваабаронца Раман Кісьляк, які жыве ў Грузіі і сам ужо некалькі гадоў спрабуе атрымаць міжнародную абарону, паведаміў «Позірку», што цэлы дзень спрабаваў атрымаць ад грузінскіх уладаў інфармацыю пра месцазнаходжаньне Міхеева. Для гэтага ён зьвяртаўся ў Дэпартамэнт міграцыі, а калі яму адмовілі ў інфармацыі, у паліцыю.
«Я патэлефанаваў у службу 112, гэта агульная экстраная служба, і паведаміў, што чалавек зьнік. Мне патэлефанавалі з крымінальнай паліцыі, папрасілі ягоныя дакумэнты, пачалі шукаць. Магчыма, гэта нават паскорыла працэс яго дэпартацыі, бо якраз у гэты час яго пачалі пераводзіць з камэры ў камэру. Мы гэтага ня ведалі», — адзначыў Кісьляк.
«Пакуль мы шукалі Льва, яго трымалі інкамунікада, бяз сувязі са зьнешнім сьветам. Гэта было фактычна гвалтоўнае зьнікненьне. Яно не было працяглым, але ён быў абсалютна бяспраўны. Яму не далі магчымасьці ні зьвязацца зь юрыстамі, ні атрымаць абарону закону і права, яго прымусова дэпартавалі», — падкрэсьліў праваабаронца.
Паводле яго, толькі цяпер высьветлілася, што яшчэ ў ліпені апэляцыйны суд прыняў нейкае рашэньне ў справе Міхеева, магчыма, аб дэпартацыі.
«Мы ня бачылі рашэньняў і будзем усё гэта, вядома, высьвятляць. Грузія становіцца дзяржавай яшчэ больш бяспраўнай, чым была раней, на жаль», — заявіў Кісьляк.
МУС Грузіі: Міхееў ня меў падставаў для міжнароднай абароны, з 29 чэрвеня быў нелегалам
МУС Грузіі пракамэнтавала выправаджэньне ў Армэнію беларускага палітуцекача Льва Міхеева. Апублікаваную паводле ягоных слоў інфармацыю ведамства назвала «скажонай і няслушна патлумачанай», перадае «Позірк».
Там заявілі, што
- сутнасьць дакумэнтаў, якія падпісаў Міхееў, яму патлумачылі празь перакладчыка,
- да мяжы яго везьлі ў аўтамабілі Iveco.
У МУС паведамілі, што ўпершыню Міхееву адмовілі ў наданьні міжнароднай абароны 27 верасьня 2024 году. Апэляцыйныя суды пакінулі рашэньне ў сіле, і «з 29 чэрвеня 2026 году Леў Міхееў больш не лічыўся просьбітам прытулку ў Грузіі», — патлумачыла МУС.
Паводле грузінскіх уладаў, Міхееву «далі магчымасьць добраахвотна пакінуць Грузію ў любым кірунку на свой выбар».
Цяжкасьці беларусаў у Грузіі
Грузія, якой з 2012 году кіруе партыя «Грузінская мара» прарасейскага алігарха Бідзіны Іванішвілі, не задаволіла ніводнага хадайніцтва грамадзян Беларусі аб наданьні прытулку.
У першай палове 2026 году з краіны выслалі 24 беларусаў. Меркаваныя прычыны: перавышэньне тэрміну знаходжаньня (ня больш за 365 дзён запар), пратэрмінаваны пашпарт (немагчыма абмяняць у амбасадзе з прычыны скасаваньня ўладамі Беларусі такой магчымасьці ў верасьні 2023 году), зьдзяйсьненьне злачынства.
Сёлета ў чэрвені беларус — былы палітвязень, імя якога не называюць, быў упершыню дэпартаваны з Грузіі ў Армэнію.
Дэпартамэнт міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі 14 верасьня 2026 году прызнаў часовую забарону Камітэту ААН у правах чалавека на дэпартацыю ў Беларусь беларускага праваабаронцы, палітычнага ўцекача Рамана Кісьляка і ў сувязі з гэтым не праводзіць адпаведную працэдуру датычна яго.
Кісьляк летась атрымаў часовыя меры абароны Камітэту правоў чалавека ААН, паводле якіх яго нельга дэпартаваць у Беларусь, бо там праваабаронцу пагражае палітычны перасьлед. Дакумэнты ААН дзейсныя да жніўня гэтага году. Раман падаў заяву на новы дазвол на жыхарства ў Грузіі летась у кастрычніку. Адказу на ягоны запыт пакуль няма.
16 ліпеня ў тбіліскую кватэру, дзе жыве Раман, прыйшлі трое супрацоўнікаў памежнай паліцыі і склалі на яго пратакол за нелегальнае знаходжаньне ў краіне.
Форум