Украіна ўпершыню запусьціла ўласную балістычную ракету «Пэлікан»

Ракета FP-7 падчас выпрабаваньняў, архіўнае фота

Украіна 1 кастрычніка правяла першы баявы запуск балістычнай ракеты FP-7 уласнай вытворчасьці. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт краіны Ўладзімір Зяленскі.

У сваім тэлеграм-канале ён апублікаваў відэа запуску і заявіў, што цяпер справа за сэрыйнай вытворчасьцю.

Ракету FP-7, вядомую таксама як «Пэлікан», распрацавала прыватная ўкраінская абаронная кампанія Fire Point. Гэта тактычная ракета клясы «зямля — зямля», якую запускаюць з наземнай плятформы. Плятформа можа быць мабільнай.

  • Максымальная далёкасьць — 200 кілямэтраў,
  • максымальная маса баявой часткі — 150 кіляграмаў,
  • максымальная хуткасьць — 1500 мэтраў за сэкунду.

Галоўны канструктар Fire Point Дзяніс Штылерман у інтэрвію Reuters казаў пра падабенства FP-7 да амэрыканскай ракетнай сыстэмы ATACMS, якую Ўкраіна пасьпяхова выкарыстоўвае на вайне.

Раней генэральная дырэктарка Fire Point Ірына Церах заявіла, што гэтай восеньню будзе гатовая да баявога прымяненьня яшчэ і ракета FP-9 далёкасьцю да 850 кілямэтраў і максымальнай масай баявой часткі да 800 кіляграмаў, пісала DW.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія рэактыўныя дроны дасягаюць цэляў у Кіеве дзякуючы высокай якасьці сувязі, якую забясьпечвае Беларусь, — экспэрт

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сытуацыя падштурхоўвае Зяленскага зрабіць Лукашэнку ахвярным казлом, — украінскі аналітык