Упершыню па-беларуску выходзіць кніга мэмуараў Марка Шагала

Вокладка будучай кнігі

Сяргей Шупа пераклаў зь ідышу мэмуары мастака Марка Шагала, апублікаваныя ў 1925 годзе. Кніга называецца «Сваё». Выдавецтва «Мяне няма» ўжо аддало яе ў друк.

«Гэта, бадай, самы амбітны наш праект. І мы радыя, што ён ажыцьцявіўся. Тут супалі нашыя асабістыя прыхільнасьці, інтарэс публікі і перакладніка, а таксама добрая воля мэцэнатаў, якія падтрымалі гэтае выданьне», — гаворыцца ў паведамленьні выдавецтва.

За аснову быў узяты машынапіс з архіву амэрыканскага часопісу Di cukunft , што захоўваецца ў Інстытуце юдэйскіх дасьледаваньняў у Нью-Ёрку. У ім ёсьць некаторыя зьмены і дадаткі ў параўнаньні з варыянтам, апублікаваным у часопісе ў 1925 годзе.

«Ідыскі варыянт 1925 году захоўвае ў сабе аўтэнтычную задуму Шагала», — адзначае Сяргей Шупа. Шырока вядомы францускі варыянт «Маё жыцьцё», выдадзены ў перакладзе Бэлы Шагал у 1931 годзе, «прапануе публіцы больш прымальны і „бясьпечны“ вобраз Шагала, прыбірае ўсё, што магло б стварыць непажаданае ўражаньне».

Выхад кнігі чакаецца пры канцы кастрычніка, але яе ўжо можна замовіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Аўтарка гістарычнай сагі аб ВКЛ Silva Rerum Крысьціна Сабаляўскайце: «Падчас напісаньня раману наведвала Беларусь і пачувалася як дома»