Першы том раману Крысьціны Сабаляўскайце Silva Rerum выйшаў у 2008 годзе, наступныя — у 2011, 2014 і 2016-м. З таго часу толькі па-літоўску раман перавыдаваўся 23 разы. Агульны наклад усіх літоўскіх выданьняў чатырох тамоў склаў каля 300 тысяч экзэмпляраў.
У 2025 годзе да перакладаў на іншыя эўрапейскія мовы дадалося выданьне бэстсэлеру па-беларуску.
Пераклад зрабіў вядомы літаратар і мовазнаўца, былы журналіст Радыё Свабода Сяргей Шупа. Silva Rerum па-беларуску выйшла ў праскім выдавецтве «Вясна». Паводле Сяргея Шупы, беларусам гэтая кніга будзе цікавай і блізкай.
Раман захапляльна расказвае пра жыцьцё ў Вялікім княстве Літоўскім у складзе Рэчы Паспалітай, калісьці супольнай для літоўцаў, беларусаў, палякаў гістарычнай радзіме, а дзеяньне трэцяга тому цыклю ўвогуле цалкам адбываецца на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Нясьвіжы й Наваградку. Да першых двух беларускамоўных тамоў цыклю, якія прадаваліся ўжо ў канцы мінулага году, цяпер дадаліся трэці і чацьверты.
Аўтар раману Крысьціна Сабаляўскайце і перакладнік Сяргей Шупа выступілі перад чытачамі, адказалі на іх пытаньні, падарылі аўтографы на асобніках раману.
Бальшыня тых, хто прыйшоў на сустрэчу зь літаратарамі, ужо ведалі, чаму аўтарка абрала такую назву. Silva Rerum — па-лацінску «лес рэчаў». Так звалася папулярная сярод шляхты ВКЛ у XVI–XVIII стагодзьдзях «сямейная кніга», у якой ня толькі запісвалі значныя жыцьцёвыя падзеі, як даты нараджэньня, вясельля або сьмерці, але зьбіралі і гэтак перадавалі з пакаленьня ў пакаленьне розныя сэнтэнцыі, вершы, прыказкі, віншавальныя прамовы й панэгірыкі.
У гістарычных архівах, дзе працавала над дысэртацыяй мастацтвазнаўца Крысьціна Сабаляўскайце, яна знайшла шмат падобных дакумэнтаў, у тым ліку якія тычыліся шляхоцкага роду Нарвойшаў. Менавіта прадстаўнікоў гэтага роду пісьменьніца і вырашыла зрабіць героямі свайго раману.
«Памятаю той момант, гэта было ў Варшаве, у Лазенках, дзе я працавала ў архіве. Выйшла пакурыць, я тады яшчэ курыла, і раптам падумала, што пра тыя неверагодныя гісторыі можна напісаць манаграфію, але яе прачытаюць некалькі вучоных, а яны вартыя большага».
Назва раману, паводле пісьменьніцы, нарадзілася лёгка, але праца над ім заняла нямала часу — ажно 8 гадоў, цягам якіх пісьменьніца, зь яе словаў, двойчы перажыла вельмі цяжкія моманты. Як і задумала яшчэ да напісаньня кнігі, атрымалася чатыры часткі, прысьвечаныя чатыром розным пакаленьням Нарвойшаў.
«Часткі выходзілі асобнымі кнігамі, паміж другой і трэцяй быў найбольшы перапынак — у некалькі гадоў, таму чытачы пачалі непакоіліся, калі выйдзе наступная, ці выйдзе ўвогуле? Але ўсё ж літоўцы людзі цярплівыя, дачакаліся», — хваліць суайчыньнікаў Крысьціна Сабаляўскайце.
Таксама пісьменьніца згадала першага выдаўца, якому прапанавала кнігу для публікацыі, а той паставіў умову — скарачэньне і пазбаўленьне іншамоўных цытатаў. Але для яе было прынцыповым усебакова паказаць гісторыю аднаго з тысяч шляхоцкіх родаў максымальна поўна, на тле рэальных гістарычных падзеяў XVII і XVIII стагодзьдзяў, якія яна лічыць надзвычай важнымі для краіны. Да таго ж была і асабістая прычына — Крысьціна па маці сама з роду Нарвойшаў.
Паводле пісьменьніцы, яе раман — мастацкі твор, але большасьць падзеяў у ім не прыдуманая, а ўзятая з архіўных дакумэнтаў — лістоў, апісаньняў маёмасьці, справаздачаў, вартых даверу гісторыкаў. Да таго ж упартай дасьледніцы шанцавала знаходзіць пацьверджаньне пэўных падзеяў у некалькіх крыніцах. Гэтак, пра падзеі ў Вільні ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя, якія яна апісала паводле ліставаньня Нарвойшаў, фактычна тое ж самае расказаў іншы жыхар сталіцы княства, запісы якога таксама знайшла аўтарка раману. Таму Сабаляўскайце кажа, што яе раман не прыдуманы, а дадуманы.
«Гэта як ты ведаеш маршрут з пункту А да Б, і гэта застаецца, а твая фантазія толькі мусіць падказаць, як адбылося перасоўваньне», — падзялілася прафэсійным сакрэтам пісьменьніца.
Паводле Крысьціны Сабаляўскайце, на яе як аўтарку гістарычнай прозы пэўны ўплыў аказаў славуты францускі пісьменьнік Марыс Друон. А беларусам, якія цікавяцца гісторыяй Вільні і Літвы, яна раіць абавязкова прачытаць «Даліну Ісы» Чэслава Мілаша, «Віленскі покер» Рычардаса Гавяліса і «Лес багоў» Баліса Сруогі (першыя дзьве кнігі выйшлі ў беларускіх перакладах, пераклад трэцяй рыхтуе Сяргей Шупа. — РС).
А яшчэ літоўская пісьменьніца раіць няспынна вучыць замежныя мовы, «як мага больш». Сама яна гаворыць на шасьці, цяпер вучыць сёмую, марыць авалодаць ня менш як дзесяцьцю мовамі. Паводле пісьменьніцы, веданьне моваў — гэтак як валоданьне ключамі да розных культураў. Беларуская мова здаецца ёй мілагучнай і прыгожай, вартай авалоданьня.
Пры размове з чытачамі, якую па дамоўленасьці з аўдыторыяй Крысьціна Сабаляўскайце вяла па-польску, аўтарка разумела і беларускамоўныя пытаньні. Перакладам свайго раману на беларускую пісьменьніца, зь яе словаў, вельмі задаволеная. Сяргей Шупа сказаў аматарам прозы Сабаляўскайце, што працаваў над перакладам кнігі з захапленьнем і асалодай, нічога не «дапісваючы».
На разьвітаньне Крысьціна Сабаляўскаце прызналася, што беларусы для яе блізкія і зразумелыя людзі, калісьці яе далёкія сваякі жылі пад Ашмянамі.
«Калі я зьбірала матэрыял для трэцяга тому, то прыяжджала ў ваш Нясьвіж і пачувалася там цалкам як дома: такія ж краявіды, такія ж прыязныя людзі», — згадала літоўская пісьменьніца паездку ў Беларусь. Яе гідам па Радзівілаўскім замку быў Мацей Радзівіл, а дырэктар музэю падчас экскурсіі быў побач і слухаў аповеды нашчадка славутага роду зь велізарнай цікаўнасьцю.
Форум