Міжнародную абарону ў Польшчы надаюць іншаземцам, якія ня могуць вярнуцца ў сваю краіну праз пагрозу палітычнага перасьледу і катаваньняў. Ёсьць дзьве формы абароны: статус уцекача (так званы блакітны «жэнэўскі пашпарт») і статус дадатковай абароны — дазвол на жыхарства ў Польшчы тэрмінам на 2 гады, які потым можна працягваць.
Усяго з 2021-га па 1 верасьня 2026 году статус уцекача ў Польшчы атрымалі 1238 беларусаў, дадатковую абарону — 9785.
Аднак апошнім часам беларусам у Польшчы ўсё часьцей адмаўляюць у статусе ўцекача або дадатковай абароне. Польскія ўлады абгрунтоўваюць адмовы тым, што ў Беларусі палепшылася сытуацыя і зьмяншаюцца рэпрэсіі.
У жніўні 2026 году міжнародную абарону ў Польшчы атрымалі 35 беларусаў. Аб 49 заявах вынесьлі адмоўныя рашэнні, а разгляд яшчэ 17 справаў прыпынілі. Такія лічбы агучыла Ўправа ў справах іншаземцаў Польшчы (Urząd do Spraw Cudzoziemców)
Ўправа ў справах іншаземцаў Польшчы, офіс у Варшаве
Такім чынам, станоўчыя рашэньні ў жніўні склалі 35,3% ад агульнай колькасьці разгледжаных справаў. Гэта больш, чым у ліпені, калі статус уцекача або дадатковую абарону атрымалі толькі па 13% фігурантаў справаў. Аднак паказьнік за жнівень істотна ніжэйшы за вынікі папярэдніх гадоў і першых пяці месяцаў 2026-га, калі доля адмоваў складала ўсяго каля 4,5–5,5%. Да таго ж людзі па паўтара-два гады чакаюць разгляду дакумэнтаў.
«Падаваць апэляцыі і даводзіць справу да суду»
Юрыстка, адмыслоўца ў пытаньнях легалізацыі Ірына Варачкова прывяла такую лічбу: з пачатку 2026 году беларусы атрымалі 255 адмоваў у міжнароднай абароне. Гэта толькі тыя рашэньні, якія ўжо ўступілі ў сілу. Паводле закону, заяўнікі маюць 14 дзён на абскарджаньне.
Што рабіць, куды зьвяртацца? Па-першае, спрабаваць падаць дакумэнты на іншых падставах, да прыкладу, на часовы дазвол на жыхарства, тлумачыць юрыстка.
«Што тычыцца міжнароднай абароны, ёсьць „дзірка“ ў законе. Там дакладна напісана, што пакуль ты знаходзісься ў працэдуры, ты ня можаш падаваць заяву на побыт (дазвол на жыхарства. — РС) на іншых падставах. Але калі ў цябе ўжо ёсьць адмоўнае рашэньне, ты цягам 14 дзён можаш падаць заяву на атрыманьне звычайнага часовага побыту. І толькі потым трэба падаць заяву на абскарджаньне (odwołanie) адмоўнага рашэньня ў Раду ў справах уцекачоў (Rada ds. Uchodźców). Толькі ў такой пасьлядоўнасьці, бо калі ты падаеш абскарджаньне, то зноў уваходзіш у працэдуру атрыманьня міжнароднай абароны. Абскарджаньне неабходна падаваць усім, каму адмовілі», — раіць Ірына Варачкова.
На думку юрысткі, беларусы самі ў нечым вінаватыя, бо, падаўшы дакумэнты на міжнародную абарону, атрымаўшы яе, усё адно езьдзяць у Беларусь. Напрыклад, каб памяняць пашпарт. А з статусам міжнароднай абароны езьдзіць у Беларусь забаронена. Кожны службовец Управы ў справах іншаземцаў лёгка можа пабачыць, хто езьдзіць — электронны сьлед застаецца. Магчыма, гэта стала адной з прычын рэзкага росту колькасьці адмоваў беларусам у міжнароднай абароне.
Новую падачу дакумэнтаў на часовы побыт трэба рабіць у электронным выглядзе, праз сыстэму МOS. Дакумэнты на абскарджаньне адмоўнага рашэньня неабходна падаваць у папяровым выглядзе праз Управу ў справах іншаземцаў у Варшаве, тлумачыць юрыстка Ірына Варачкова.
«Што да абскарджаньня, яго трэба пісаць канкрэтна: што адбылося менавіта з табой, чаму менавіта табе небясьпечна вяртацца, неабходна прывесьці факты, а не эмоцыі і агульныя фразы. Пажадана далучыць нейкія дадатковыя дакумэнты. А то некаторыя пішуць у абскарджаньні: „Я ня згодны з рашэньнем“. І ўсё! Апішы, чаму ты нязгодны. І неабходна даводзіць справы да суду. Выратаваць беларусаў могуць толькі суды! Вось суды ў Польшчы працуюць па-сапраўднаму. Як пойдуць першыя адмовы абскарджаньняў, трэба зьбіраць грошы на адвакатаў. Надаваць справе розгалас, каб на суды прыходзілі дзясяткі чалавек — чым больш, тым лепш», — мяркуе Ірына Варачкова.
Ёсьць яшчэ адна праблема, зь якою з часам сутыкаюцца ўсё больш беларусаў у Польшчы. Пакуль людзі чакалі рашэньняў у сваіх справах, у многіх скончыўся тэрмін дзеяньня беларускага пашпарту, зьвяртае ўвагу Ірына Варачкова.
«Нават прыйсьці зрабіць адбіткі пальцаў неабходна зь дзейным дакумэнтам. А яго няма! Атрымліваецца, чалавек — нелегал.
Што людзям рабіць? У мяне адна вэрсія — падаваць заяву праз памежную службу з гуманітарных прычынаў. Пакуль, на жаль, такога досьведу ў мяне няма. Зьбіраюся пайсьці да юрыстаў Хэльсынскага камітэту і даведацца пра ўсю працэдуру», — абяцае юрыстка.
«Польскія ўлады павінны адрэагаваць на зварот беларусаў»
26 верасьня беларусы правялі ў Варшаве акцыю супраць рэзкага росту колькасьці адмоваў у міжнароднай абароне. Больш за 50 чалавек сабраліся каля будынку Ўправы ў справах іншаземцаў на вуліцы Табаровай, 33 у Варшаве.
Акцыя беларусаў ля Управы па справах замежных грамадзян у Варшаве, 26 верасьня 2026
Беларусы прыйшлі зь бел-чырвона-белымі сцягамі і плякатамі: «Палітвязьні ў Беларусі сталіся нявольнікамі», «Мая краіна — за кратамі. Беларусь — закладніца дыктатуры», «Не называйце Беларусь бясьпечнай краінай. Сёньня адмовіце нам у абороне — заўтра Лукашэнка будзе гандляваць нашай свабодай!», «516 новых палітвязьняў за 12 месяцаў — гэта „адсутнасьць рэпрэсіяў?“».
Удзельнікі акцыі склалі пэтыцыю і падпісалі зварот да службоўцаў. Галоўнае пытаньне да іх: «Калі ў Беларусі стала бясьпечна?»
Юрыстка Ірына Варачкова лічыць, што польскія ўлады павінны адрэагаваць на зварот беларусаў.
«Гэтай акцыяй пад будынкам Управы ў справах іншаземцаў беларусы зьвярнулі на сябе ўвагу. Чалавек 50 падпісаліся пад пэтыцыяй, і Ўправа ня можа не адрэагаваць. Бо гэта ўжо калектыўны зварот», — спадзяецца юрыстка Ірына Варачкова.