З 1997 па 2025 год Беларусь надала статус уцекача 1025 асобам з 32 краін і дадатковую абарону 9720 асобам з 21 краіны. Большасьць тых, хто атрымаў статус уцекача ў Беларусі, паходзяць з Афганістану (649 чалавек), Грузіі (136 чалавек) і Сырыі (38 чалавек). Дадатковую абарону пераважна надавалі грамадзянам Украіны (9318 чалавек), далей ідуць сырыйцы (177 чалавек) і емэнцы (83 чалавекі). Такая статыстыка ў дакладзе «Міжнародная абарона ў Беларусі: заканадаўства і практыка»
Даклад грунтуецца на маніторынгу, аналізе справаў і сьведчаньнях, сабраных Human Constanta і Respect-Protect-Fulfill з пачатку 2016 па сьнежань 2025 году.
Беларускім заканадаўствам прадугледжана 4 віды абароны: статус уцекача, дадатковая абарона, прытулак, часовая абарона (у выпадку адначасовага масавага прыезду людзей, але яна не прымянялася ў Беларусі ні разу). Ёсьць яшчэ асобны від — абарона ад высылкі.
Рашэньні наконт абароны прымае дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі (ДГіМ) Міністэрства ўнутраных справаў. Шэраг іншых дзяржаўных органаў таксама маюць пэўныя паўнамоцтвы (Савет міністраў, Дзяржаўны памежны камітэт, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, а таксама прэзыдэнт Беларусі), тлумачыць у размове з Свабодай праваабаронца, якая рыхтавала даклад (імя вядомае рэдакцыі, не раскрываем яго з прычын бясьпекі).
«Прэзыдэнт можа прымаць рашэньні выключна аб прытулку (надаць прытулак або пазбавіць яго). Улады публічна паведамлялі толькі пра 2 выпадкі. Першы — гэта камуністычны актывіст зь Літвы Чэслаў Высоцкі, які атрымаў прытулак у Беларусі ўказам Лукашэнкі № 172 ад 27 лютага 1997 году. Другі — грамадзянін Польшчы, былы судзьдзя Томаш Шмыт, якога, паводле вэрсіі беларускіх прапагандыстаў, „перасьледуюць з палітычных матываў у Польшчы“. Што тычыцца былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, у адпаведнай праўнай базе Беларусі інфармацыі пра яго няма, таму мы ня ведаем, якая менавіта форма абароны ў яго», — кажа праваабаронца.
20 красавіка 2010 году, выступаючы з пасланьнем да беларускага народу ў Нацыянальным сходзе, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Курманбек Бакіеў знаходзіцца пад ягонай асабістай і дзяржаўнай абаронай. Афіцыйнага дакумэнта аб наданьні Бакіеву прытулку ў Беларусі ў вольным доступе няма.
Міграцыйныя крызісы
Першы міграцыйны крызіс у Беларусі здарыўся ў 2016 годзе ў Берасьці, калі тысячы жыхароў Чачэніі й іншых нацыянальных аўтаномій расейскага Паўночнага Каўказу былі заблякаваныя на беларуска-польскай мяжы (польскія ўлады тады адмовіліся рэгістраваць іхныя хадайніцтвы аб абароне). Сытуацыя пагоршылася ў сакавіку 2020 году, калі польскія ўлады перасталі прымаць хадайніцтвы аб міжнароднай абароне ў сувязі з пандэміяй COVID-19. У выніку мігранты ў Берасьці цалкам пазбавіліся магчымасьці атрымаць доступ да працэдуры прытулку ў Польшчы, гавораць праваабаронцы.
Другі крызіс, які пачаўся ў 2021 годзе, перарос у маштабны гуманітарны крызіс на межах Беларусі зь дзяржавамі Эўразьвязу (Латвіяй, Літвой, Польшчай): дзясяткі тысяч грамадзянаў трэціх краін зазналі выцісканьне і гвалт па абодва бакі мяжы.
«Хоць улады Беларусі адыгрывалі цэнтральную ролю ў спрыяньні міграцыйным патокам з мэтай аказаньня палітычнага ціску на Эўразьвяз, яны таксама распачалі шэраг канкрэтных дзеяньняў, якія істотна паўплывалі на дынаміку крызісу. У 2021 годзе Беларусь афіцыйна прыпыніла дзеяньне пагадненьня аб рэадмісіі з Эўразьвязам (паводле гэтай дамовы Беларусь прымала мігрантаў з трэціх краін, якія празь беларускую тэрыторыю спрабавалі трапіць у ЭЗ без адпаведных дакумэнтаў. — РС) — крок, які меў як практычнае, так і сымбалічнае значэньне і пазначыў адмову ад супрацы ў сфэры кіраваньня міграцыяй», — адзначаецца ў дакладзе.
Спрошчаная працэдура для ўкраінцаў
З 2004 па 2013 гады хадайніцтваў іншаземцаў аб наданьні статусу міжнароднай абароны ў Беларусі было адносна няшмат (ня больш за 208 чалавек у год).
Сытуацыя зьмянілася ў 2014 годзе, пасьля пачатку ўзброенага канфлікту ва Ўкраіне. У той год па абарону зьвярнуліся 868 чалавек, зь іх 664 былі грамадзянамі Ўкраіны (76,5% ад усіх заяўнікаў). З 2014 па 2018 гады па абарону зьвярталіся ад 800 да 1200 грамадзян Украіны штогод. З 2019 году зваротаў украінцаў значна паменела.
Апошнімі гадамі міграцыйную сытуацыю ў Беларусі вызначаюць два фактары: поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну і гуманітарны крызіс на мяжы Беларусі зь дзяржавамі Эўразьвязу.
Людзі з Украіны ў асноўным без праблемаў атрымліваюць абарону ў Беларусі (ад 82 да 90% станоўчых рашэньняў з 2022 па 2025 гады). Створаныя дадатковыя ўмовы для іх падтрымкі і інтэграцыі: напрыклад, просьбіты абароны з Украіны могуць атрымліваць адукацыю і мэдычную дапамогу нароўні з грамадзянамі Беларусі, а таксама вызваляюцца ад выплаты некаторых збораў, зьвязаных з міграцыйнымі працэдурамі.
А вось мігранты з трэціх краін сутыкаюцца з шматлікімі парушэньнямі іхных правоў, кажа праваабаронца з Respect-Protect-Fulfill.
«Ім могуць папросту адмовіць у прыняцьці просьбы аб абароне — без тлумачэньня прычын. Іх могуць пагрозамі прымусіць падпісаць „добраахвотную“ згоду на вяртаньне або гвалтоўна выправадзіць з краіны, нават калі яны ўжо падалі заяву аб абароне. Нарэшце, найбольш асьцярогаў у гэтым кантэксьце выклікае магчымасьць адмовы ў абароне на падставе таго, што чалавек прыехаў у Беларусь праз Расею — а менавіта так трапляе сюды большасьць вымушаных мігрантаў з трэціх краін. Беларуская дзяржава лічыць Расею „бясьпечнай трэцяй краінай“ — то бок такой, дзе мігранты фармальна могуць зьвярнуцца па ўцякацтва», — кажа юрыстка.
У дакладзе прыводзяцца прыклады. У 2019 годзе Менскі гарадзкі суд (найвышэйшы судовы орган у справах аб прытулку) пацьвердзіў адмову дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі надаць дадатковую абарону грамадзяніну Афганістану, які ўехаў у Беларусь з Расеі.
«Суд пагадзіўся з высновай дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі пра тое, што Расея для заяўніка ёсьць бясьпечнай трэцяй краінай: маўляў, афганец законна ўехаў у Расею і меў магчымасьць хадайнічаць там аб прытулку. Суд таксама падтрымаў ацэнку беларускага ДГіМ што да адпаведнасьці Расеі заканадаўчым крытэрам бясьпечнасьці трэцяй краіны, нягледзячы на тое, што папярэдняе хадайніцтва заяўніка аб наданьні статусу ўцекача ў Расеі ўжо было адхілена. Хоць ніякай сапраўднай ацэнкі даступнасьці прытулку ў Расеі беларуская дзяржава не праводзіць», — тлумачыць юрыстка.
Хто яшчэ ў групе рызыкі?
Паводле справаздачы праваабаронцаў Respect-Protect-Fulfill і Human Constanta, праблемы з атрыманьнем прытулку ў Беларусі ўзьнікаюць і ў грамадзян Расеі.
«Наданьне ім абароны запатрабавала б ускоснага прызнаньня таго, што расейская дзяржава іх перасьледуе ці ня можа гарантаваць ім справядлівага судовага разбору — прызнаньня, на якое ўлады Беларусі не гатовыя з увагі на шчыльную супрацу дзьвюх дзяржаваў», — кажа праваабаронца.
І дадае, што ёсьць нешматлікія выключэньні — гэта сябры міжнароднага рэлігійнага аб’яднаньня «Сьведкі Яговы», якім давалі абарону ў Рэспубліцы Беларусь. Рэч у тым, што у Расеі «Сьведкі» прызнаныя экстрэмісцкай арганізацыяй, а ў Беларусі зарэгістраваныя і дзейнічаюць легальна.
«Але ў нас няма ўпэўненасьці, што ім і далей будуць даваць абарону гарантавана. Праблема ў тым, што ўлады лёгка адыходзяць ад законаў у гэтай сфэры. Мігранты з краін, дружалюбных уладам Беларусі, якіх дома шукаюць па крымінальных абвінавачаньнях, таксама ня маюць шанцаў атрымаць тут прытулак. Бо Беларусь — удзельніца Дамовы СНД аб міждзяржаўным вышуку, у рамках якой фармуецца агульная база асобаў у вышуку. Дарэчы, як і беларусы, якіх перасьледуюць улады, сутыкаюцца з падвышанай рызыкай затрыманьня ў Азэрбайджане, Туркмэністане, Таджыкістане й іншых краінах — удзельніцах дамовы, так і грамадзяне гэтых краін, якія знаходзяцца ў вышуку, у Беларусі сутыкаюцца з пагрозай затрыманьня і экстрадыцыі, нават падаўшы заяву аб міжнароднай абароне», — тлумачыць праваабаронца.
У дакладзе ўзгадваецца гісторыя таджыцкага апазыцыйнага актывіста Нізамідзіна Насрыдзінава. У 2023 годзе яго экстрадавалі зь Беларусі ў Таджыкістан, дзе ў выніку асудзілі на 8,5 году пазбаўленьня волі. Яшчэ адзін падобны выпадак — экстрадыцыя курда Хіджры Мамаша у Турэччыну, дзе яму пагражалі катаваньні.
Форум