Міністар фінансаў Беларусі Ўладзіслаў Татарыновіч расказаў, якія зьмяненьні ўвойдуць у сыстэму падаткаабкладаньня ў Беларусі, піша БелТА.
У індэксацыі ставак падаткаў улічваецца тэмп росту індэксу спажывецкіх цэнаў, намінальнай налічанай заработнай платы, кошт будаўніча-мантажных работ.
У сыстэме падаткаабкладаньня з улікам практыкі прымяненьня кропкава ўдакладняецца парадак вылічэньня і выплаты асобных падаткаў, каб мэханізм быў дакладным, зразумелым і празрыстым.
У прыватнасьці, улады чакаюць, што ў краіне значна спросьціцца парадак пацьвярджэньня нулявой стаўкі па падатку на дабаўленую вартасьць пры наданьні экспартных транспартных паслуг.
«Мы прывяжам яго да таго падыходу, які існуе ў бухгальтарскім уліку. Гэта значыць, ня трэба будзе чакаць пацьверджаньня пакупніка аб тым, што ён атрымаў экспартаваны тавар. Інфармацыя будзе адлюстроўвацца ў бухгальтарскім уліку», — сказаў Татарыновіч.
Па падаходным падатку ўнесьлі прапанову зьмясьціць тэрміны падачы падатковай дэклярацыі па выніках году на 1 месяц — да 30 красавіка. Цяпер устаноўлены тэрмін — 31 сакавіка. Ссунецца і даплата самога падатку — да 1 жніўня.
Як дадаў міністар, прымаюцца меры для спрашчэньня працэдураў падатковага адміністраваньня. Яны ўсё больш пераводзяцца ў лічбавы фармат.
«На наступны год меры падатковай палітыкі не прадугледжваюць кардынальных зьменаў. Стабільнасьць падатковай сыстэмы — важны чыньнік стабільнай работы эканомікі і яе далейшага разьвіцьця», — адзначыў міністар.
Папярэднія навацыі з падаткамі
Міністэрства падаткаў і збораў у чэрвені паведаміла, што будзе зьбіраць больш зьвестак пра беларусаў. Пастанова з пашыраным пералікам зьвестак апублікаваная Нацыянальным прававым інтэрнэт-парталам.
Кампаніі Парку высокіх тэхналёгій, паводле дакумэнту, будуць перадаваць ведамству зьвесткі аб адкрыцьці і закрыцьці вэрыфікаваных уліковых запісаў беларусаў, замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія пастаянна жывуць у краіне, на сваіх плятформах. Гэта павінна быць зроблена не пазьней за 15-ы дзень месяца, наступнага за мінулым кварталам.
Таксама рэзыдэнтаў ПВТ абавязалі раз на год перадаваць у падатковую зьвесткі аб апэрацыях па гэтых акаўнтах, калі іх сума перавысіла 150 тысяч рублёў.
Акрамя гэтага, банкі павінны будуць падаваць зьвесткі пра грашовыя сродкі, пералічаныя фізычнымі асобамі за мяжу.