Якой можа быць рэакцыя Ўладзіміра Зяленскага на аднаўленьне працы беларускіх рэтрансьлятараў для карэктаваньня расейскіх дронавых удараў па Ўкраіне, у камэнтары «ПіКу Свабоды» разважае ўкраінскі палітоляг Яўген Магда.
У ноч на 30 верасьня Расея атакавала Ўкраіну 188 ударнымі дронамі і ракетамі. У Кіеве і Кіеўскай вобласьці загінулі чатыры чалавекі. Расейскія дроны атакавалі памежныя зь Беларусьсю Жытомірскую і Ровенскую вобласьці.
Паводле прэс-сакратара Паветраных сілаў Украіны Юрыя Ігната, расейскія дроны часта ляцяць цугам уздоўж украінска-беларускай мяжы.
Як заявіў прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў этэры ўкраінскай тэлевізіі, Беларусь пэрыядычна ўключае рэтрансьлятары, якія дапамагаюць расейскім дронам падтрымліваць сувязь і кіраваньне.
Дземчанка зазначыў, што цяпер на беларуска-ўкраінскай мяжы не фіксуецца нарошчваньня войскаў або перамяшчэньня вайсковай тэхнікі.
Якой можа быць рэакцыя прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, які сёлета ўжо ставіў ультыматум афіцыйнаму Менску, патрабуючы адключэньня рэтрансьлятараў? Пра гэта ў праграме «ПіКу Свабоды» разважае ўкраінскі палітоляг Яўген Магда.
«Я думаю, што цяперашняя сытуацыя вакол расейскіх атак на Кіеў і іншыя буйныя гарады, асабліва гарады на захадзе Ўкраіны, падштурхоўвае Ўладзіміра Зяленскага да таго, каб зрабіць Лукашэнку ахвярным казлом.
Яўген Магда
Гэта значыць, прыцягнуць яго да адказнасьці за тое, што расейскія бесьпілётнікі „Шахед“ выкарыстоўваюць рэтрансьлятары і мабільную сетку на тэрыторыі Беларусі для каардынацыі сваіх палётаў і ўдараў па Ўкраіне. Гэтыя ўдары становяцца ўсё больш адчувальнымі, сёньня, напрыклад, трывога працягвалася больш за 12 гадзін бесьперапынна.
А паколькі Ўкраіна пакуль ня мае ніякіх сродкаў для 100% абароны ад „Шахедаў“, ня можа перахапіць іх у дастатковай колькасьці, а ахвяры і страты пастаянна растуць, тады Лукашэнка можа стаць ахвярным казлом. У якім сэнсе? Гэта значыць, яму зноў паставяць чарговы ўльтыматум. Можа, Украіна афіцыйна разарве зь ім дыпляматычныя адносіны, якія пакуль што падтрымліваюць.
Я думаю, што гэта было б выгадным для беларускіх дэмакратычных сілаў, якія глядзяць на Ўкраіну як на сваю апошнюю надзею. У кожным разе, пасьля сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай і Ўладзіміра Зяленскага яны пастаянна падкрэсьліваюць важнасьць Украіны. Але казаць пра пэрспэктывы пераносу баявых дзеяньняў на тэрыторыю Беларусі, я лічу, цалкам нерэальна. Немагчыма ні з пункту гледжаньня права, ні з пункту гледжаньня лёгікі вядзеньня вайны.
Павялічваць фронт у цяперашняй сытуацыі яшчэ на 1000 км зусім нерацыянальна. І я ўпэўнены, што Ўкраіна гэтага ня зробіць».
Праца рэтрансьлятараў. Што вядома?
Украінскі маніторынгавы канал «єРадар» паведамляў пра чатыры рэтрансьлятары ў Беларусі, якія выкарыстоўвалі для сувязі і кіраваньня расейскімі рэактыўнымі дронамі.
Сёлета ў чэрвені прэзыдэнт Украіны запатрабаваў ад Аляксандра Лукашэнкі адключыць рэтрансьлятары. Пазьней украінскія ўлады паведамлялі, што рэтрансьлятары часова спынялі працу, аднак у верасьні ў Кіеве заявілі аб іх новым падключэньні.