Расказваем, што адбывалася зь ім ад верасьня 2025 па верасень 2026 году.
11 верасьня 2025 году
Калі Мікола Статкевіч адмовіўся пакідаць Беларусь, людзі ў масках забралі яго зь беларуска-літоўскай мяжы. Палітвязьня адразу ж паклалі на падлогу міліцэйскага «варанка» і павезьлі проста ў тую самую ж калёнію ў Глыбокім, дзе ён сядзеў да верасьня 2025 году.
Афіцыйна ўказ аб памілаваньні палітвязьняў не публікавалі, аднак 11 верасьня 2025 году прэс-служба Лукашэнкі назвала падзею менавіта «памілаваньнем 52 чалавек». Гэта стала вынікам перамоваў паміж уладамі Беларусі і ЗША.
Чаму ў верасьні Мікалая Статкевіча зноў кінулі за краты, калі ўлады раней заявілі пра памілаваньні, і як гэта суадносіцца з законам? Тлумачыць былы пракурор Аляксандар Ракіцкі:
«Усё, што магчыма было парушыць, — усё парушылі. Памілаваньне — гэта канчатковы акт, які не падлягае абскарджаньню і ўступае ў сілу неадкладна. Рэжым Лукашэнкі ў гэтым выпадку ня выканаў нават сваіх уласных указаў».
Юрысты канстатуюць, што ў найноўшай гісторыі Беларусі не было раней выпадкаў, калі чалавека памілавалі, а потым гэтае рашэньне нейкім чынам скасоўвалася.
Жонка палітыка Марына Адамовіч доўгі час ня ведала, дзе знаходзіцца Мікола Статкевіч, усе яе звароты і запыты да ўладаў заставаліся без адказу. Толькі праз тры месяцы яны атрымала ліст зь Міністэрства ўнутраных справаў, у якім было напісана, што «Статкевіч Мікалай Віктаравіч адбывае пакараньне згодна з выракам». Дзе менавіта — не паведамлялі. Сам Статкевіч у гэты час быў бяз сувязі з вонкавым сьветам.
Інсульт за кратамі як цана вяртаньня дадому
Увесь гэты час Марына Адамовіч ня мела магчымасьці паслаць мужу патрэбныя яму лекі, што, верагодна, давяло яго да інсульту 21 студзеня 2026 году. У турэмнай лазьні Статкевіч адчуў сябе дрэнна і здолеў націснуць на «чырвоную кнопку» тэрміновага званка. Яго адвезьлі спачатку ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар нэўралёгіі і нэўрахірургіі ў Менску, а пасьля ў турэмны шпіталь у Калядзічах.
Амаль празь месяц, 19 лютага, Марыну Адамовіч выклікалі ў пракуратуру, адкуль прывезьлі ў турэмны шпіталь і прапанавалі напісаць заяву аб тым, што яна пагаджаецца забраць мужа дадому для хатняй рэабілітацыі. Мікола Статкевіч быў у вазку, меў цяжкасьці з маўленьнем.
Мікола Статкевіч дома, фота ўзятае з фэсбук-акаунта facebook.com/maryna.adamovic
Статкевічу спачатку не вярнулі пашпарт, не далі мэдычную выснову з турэмнага шпіталю пра перанесены інсульт. Яму не далі і дакумэнту, які тлумачыў бы ягоны праўны статус. Бяз пашпарта Статкевіч ня мог зьвярнуцца па мэдычную дапамогу і атрымаць пэнсію. Яго асобу без дакумэнтаў прызнаюць толькі судовыя выканаўцы, якія заявілі прэтэнзіі на палову яго пэнсіі, якую ён ня можа аднавіць бяз пашпарта. Пазьней Статкевіч знайшоў пашпарт у менскім СІЗА № 1. Разам з пашпартам у СІЗА былі ягоныя турэмныя дакумэнты — прысуд і рашэньне наконт апэляцыі.
Такім чынам Мікола Статкевіч змог аформіць пэнсію, але атрымлівае толькі палову яе. (Суд пастанавіў, што Мікола Статкевіч і іншыя фігуранты «справы Ціханоўскага» павінны сплаціць 22 мільёны рублёў кампэнсацыі, як пазначана ў судовым рашэньні, «для выплатаў супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных справаў за дадатковы час на службе падчас пасьлявыбарчых пратэстаў», і палова пэнсіі палітыка, праўдападобна, накіроўваецца сілавікам. — РС).
Даведкі аб вызваленьні Статкевіча і ягоным праўным статусе ўлады яму так і не далі, нягладзячы на шматлікія звароты і запыты.
Тэлеграм-канал Статкевіча
У канцы лютага 2026 году палітык завёў тэлеграм-канал. У апублікаваных там артыкулах ён аналізуе бягучую геапалітычную сытуацыю, разглядаючы, напрыклад, наступствы магчымага ядзернага ўдару Расеі па Эўразьвязе з тэрыторыі Беларусі. Статкевіч рэгулярна піша пра іншых палітвязьняў.
У першым звароце пасьля вызваленьня ён дзякаваў людзям, якія падтрымлівалі яго і Марыну: «У зьняволеньні адмыслова навучаныя супрацоўнікі пэрыядычна казалі мне, што „на волі пра мяне ўжо ўсе забыліся“».
У сваім тэлеграм-канале палітык публікуе назіраньні за жыцьцём Беларусі і па-за яе межамі. Ён параўноўваў ураджайнасьць у Беларусі і Расеі, спрабаваў памірыць былога палітвязьня Сяргея Ціханоўскага з журналістамі, віншаваў беларусаў з нацыянальнымі сьвятамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Статкевіч напісаў артыкул, у якім разглядае магчымасьць ядзернага ўдару Расеі па ЭЗ з тэрыторыі БеларусіМарына, узнагарода і новы ціск
Марына Адамовіч на цырымоніі ўзнагароджваньня ў Празе
11 сакавіка 2026 ў Празе Статкевіча ўзнагародзілі прэміяй Homo Homini за «нязломную мужнасць і выключны ўклад у дэмакратычны рух у Беларусі». Узнагароду замест яго атрымала Марына Адамовіч. Пасьля вяртаньня ў Беларусь Марыну затрымалі каля дому. Сілавікі хацелі атрымаць ад яе тлумачэньні наконт атрыманьня ўзнагароды ў Празе замест мужа. У той жа дзень Адамовіч адпусьцілі.
8 траўня — кветкі да магілы Барыса Акрэсьціна
8 траўня 2026 году Мікола Статкевіч усклаў кветкі на магілу лётніка Барыса Акрэсьціна на Вайсковых могілках у Менску.
Ён нагадаў, што ў 2020 годзе за ўскладаньне кветак на гэтую магілу яго дадаткова пакаралі 15 днямі арышту. Статкевіч пісаў, што прозьвішча Акрэсьціна з другой паловы 1990-х стала асацыявацца з сумнавядомым ізалятарам, хоць сам лётнік ня меў да яго ніякага дачыненьня: «Мёртвыя не вінаватыя, калі іх выкарыстоўваюць у палітычных гульнях ды інфармацыйных войнах».
Паводле Статкевіча, агулам ён правёў у ізалятары на Акрэсьціна каля году.
Зборнік турэмных эсэ
Пасьля вызваленьня Статкевіч пачаў аднаўляць тэксты, якія пісаў за кратамі. Сёлета ў ліпені ў Беластоку выйшла ягоная кніга «І гэта ўсё ў табе. Зборнік турэмных эсэ». У зборніку — эсэ й іншыя тэксты, напісаныя ці падрыхтаваныя ў зьняволеньні, пачынаючы з 2005 году. Частку тэкстаў Статкевіч напісаў у ШЫЗА ў 2023 годзе, але рукапісы перад вызваленьнем у яго адабралі, таму пазьней ён аднаўляў іх з памяці.
У аснове кнігі пытаньне: «Як людзі робяць маральны выбар у складаных сытуацыях, як яны робяцца героямі ці здраднікамі, як ператвараюцца ў падонкаў ці застаюцца сумленнымі людзьмі?»
Першая частка ягонага зборніку тычыцца этычнага боку супраціву, маральнага выбару чалавека ў складанай сытуацыі, а другая прысьвечана пошуку стратэгіяў захаваньня і разьвіцьця невялікай краіны і нацыі, заціснутай паміж дзьвюма варожымі і культурна антаганістычнымі цывілізацыямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Няпэўны статус, інсульт і адмова выехаць зь Беларусі. Статкевіч расказаў аб жыцьці пасьля вызваленьняІнтэрвію нямецкім журналістам
Сёлета ў жніўні Мікола Статкевіч даў онлайн-інтэрвію нямецкаму выданьню Die Zeit, у якім выказаў думку, што яго выпусьцілі, каб рэжым ня нёс адказнасьці за магчымую сьмерць у турме. Паводле палітыка, улады ствараюць умовы, каб ён выехаў зь Беларусі. Статкевіч сказаў у інтэрвію, што, на ягоную думку, ён знаходзіцца пад наглядам КДБ.
Ён расказаў таксама пра сустрэчы зь людзьмі на «Ночы музэяў» у Менску. Калі наведнікі сустрэлі Міколу і ягоную жонку воплескамі, гэта быў знак салідарнасьці, лічыць Статкевіч. «Нават такія маленькія жэсты салідарнасьці могуць быць вельмі небясьпечнымі. Я трывожуся за гэтых людзей», — казаў ён у інтэрвію.
Знос дому ў Лошыцы і пераезд у вясковы дом
У лютым 2026 году Марына прывезла Міколу з турэмнага шпіталя ў яе дом у паўднёвай частцы Менску. Гэта стары дом у так званай «вёсцы вучоных» у Лошыцы. Марына Адамовіч расказвала, што яе бацька быў адным з арганізатараў сыстэмы сярэдняй спэцыяльнай адукацыі для работнікаў сельскай гаспадаркі, і менавіта дзякуючы ягонай працы сям’я атрымала жыльлё ў Лошыцы. Марына Адамовіч вырасла ў гэтым доме.
Яшчэ ў 2016 годзе ўлады заплянавалі знос гэтага і іншых дамоў дзеля новай забудовы Лошыцы. Тады Статкевіч сьцьвярджаў, што рашэньне магло быць зьвязана зь яго палітычнай дзейнасьцю. 27 верасьня 2026 году дом, дзе яны жылі, сапраўды афіцыйна трапіў пад знос.
У верасьні 2026 году Марына Адамовіч і Мікола Статкевіч пераехалі з Лошыцы ў дом у вёсцы. Статкевіч у сваім тэлеграм-канале апублікаваў фота вясковага дому і растлумачыў, што замест гарадзкой кватэры, якую ім вылучылі ў сувязі са зносам, яны абралі дом у вёсцы.
Дом, паводле Статкевіча, каля 20 гадоў стаяў пусты, таму яго давялося высушваць і даводзіць да ладу: «Жыцьцё гадамі ў бэтоннай турэмнай „шафе“ памерамі 1×3 мэтры без магчымасьці ўбачыць неба… стварае асаблівае стаўленьне да звычайных для іншых людзей рэчаў — дрэваў, травы, неба».
Яшчэ адна прычына пераезду менавіта ў дом, а не ў кватэру, — гэта іхныя сабакі і каты. Паводле новых правілаў, у кватэрах можна трымаць абмежаваную колькасьць свойскіх жывёлаў. А ў Марыны І Мікалая некалькі сабакаў і катоў, якіх яны падабралі з вуліцы. Статкевіч падкрэсьлівае, што дом і маёмасьць у ім яму не належаць.
«Я не залёг на дно», — кажа Мікола Статкевіч. Ён застаецца ў Беларусі і не маўчыць.
Хто такі Мікола Статкевіч
- 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
- 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
- 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
- Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
- Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
- 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
- 1995 Старшыня БСДП (НГ).
- 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
- 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
- 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
- Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
- 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
- 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
- 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
- 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!».
- У сьнежні 2021 году Мікалая Статкевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай справе.
- У верасьні 2025-га яго вызвалілі разам з іншымі вязьнямі, але пасьля адмовы пакідаць Беларусь яго даставілі ў тую ж Глыбоцкую калёнію, дзе ён адбываў тэрмін. Да свайго вызваленьня Статкевіча больш як 2,5 году трымалі ў поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.
- 19 лютага 2026 году стала вядома, што Статкевіч знаходзіцца ў сваім доме, дзе аднаўляецца пасьля перанесенага ў турме інсульту.
- 17 сакавіка 2026-га каля дому затрымалі жонку палітыка Марыну Адамовіч, але праз 4,5 гадзіны бяз допыту яе выпусьцілі з пастарунку міліцыі.